Дэпутат.GO: як дапамагчы народным абраннікам працаваць

Актывіст Цэнтра гарадскіх ініцыятыў з Магілёва Дзяніс Васількоў прапануе распрацаваць і запусціць сайт, дзе была б даступная ўся інфармацыя аб кожным з дэпутатаў — перадвыбарчая праграма, кантакты, узгадванні ў прэсе і выкананне ім уласных абяцанняў.

«Каля месяца таму прайшлі парламенцкія выбары і новыя дэпутаты ўжо прыступілі да працы, але да наступных выбараў мы рызыкуем наогул не ўспомніць, што ў нас ёсць парламент і што туды кагосьці выбралі, — адзначае Дзяніс Васількоў. — Таму я падабраў ідэю, якая ляжыць на дарозе, адмыў яе, пачысціў святлодыёды і яна цяпер блішчыць, як ялінка. Трэба дапамагчы нашым (а ўсе выбраныя дэпутаты, галасавалі вы за іх ці не — прадстаўляюць нашы інтарэсы) абраннікам папрацаваць на нас жа, ну і ўвекавечыць гістарычную місію, якую яны будуць ажыццяўляць у бліжэйшыя 4 гады».

Актывіст Цэнтра гарадскіх ініцыятыў з Магілёва Дзяніс Васількоў

Актывіст Цэнтра гарадскіх ініцыятыў з Магілёва Дзяніс Васількоў

Мяркуецца, што сэрвіс са зручным інтэрфейсам мае змяшчаць наступныя раздзелы:
  1. Дэпутат.GO — зручны пошук дэпутата абранага па ўласным месцы пражывання. На старонцы дэпутата будуць яго перадвыбарчыя абяцанні, праграма і як з ім звязацца. Калі ў дэпутата ёсць прыёмныя дні, то і гэтая інфармацыя таксама. Не ўсе дэпутаты адкрыты для зносін — не бяда, трэба зрабіць шаблон звароту да дэпутата пісьмова і электронна па месцы працы. На гэта абраннікі абавязаны рэагаваць.

  2. Дэпутат-трэкер — раздзел, дзе збіраліся б звесткі па кожным дэпутаце — сказанае ім публічна, у прэсе, на пасяджэннях, яго заканадаўчыя ініцыятывы, а таксама спагадлівасць на зварот грамадзян і вырашаныя (калі да яго паступалі звароты) ды нявырашаныя (з тлумачэннем чаму) праблемы грамадзян.

  3. Дэпутат-абяцанне. Гэты раздзел збіраў бы па кожным абраным дэпутаце яго канкрэтныя абяцанні, якія ён даваў падчас выбарчай кампаніі і адсочваў ці выконваюцца яны ці не (пацверджанні — фота, відэа, публікацыя ў прэсе).
Фота: president.gov.by

Фота: president.gov.by

Мэта Дзяніса Васількова палягае ў атрыманні зручнага інструмента сувязі з кандыдатам для вырашэння праблем у горадзе і краіне. Актывіст лічыць, што такая сістэма не дасць абнуліць усё добрае ці дрэннае, што зробяць дэпутаты да наступных выбараў.

«Мы ўсе, напэўна, хочам жыць у шчаслівай і бяспечнай, якая імкліва развіваецца, — заўважае Васількоў. — Дэпутаты, як прадстаўнікі нас усіх, не павінны забываць як яны сталі дэпутатамі (абраныя яны ці прызначаныя неістотна, бо зараз гэта факт і нам трэба з гэтым неяк жыць). Таму я лічу, што дэпутаты павінны працаваць. Давайце дапаможам ім зрабіць гэтыя 4 гады такімі насычанымі, каб некаторым з-за ўзросту, здароўя, кампетэнцыі больш пераабірацца не захацелася,  і ў парламент прыйшлі новыя, маладыя-жвавыя і нахабныя, але затое разумныя людзі».

Дзяніс Васількоў лічыць, што пасля абрання ў парламент дзвюх незалежных дэпутатак уся ўвага СМІ будзе прыцягнута менавіта да іх дзеянняў, у той час як дасягненні і праца астатніх абраннікаў народа будзе заставацца невядомай. Менавіта гэта і можа змяніць новы сэрвіс.

Актывіст адзначае, што на дадзены момант ён мае толькі ідэю сэрвіса і некаторыя напрацоўкі па тым, як ён мог бы выглядаць і працаваць, але для яго запуску неабходная праца валанцёраў і неабыякавых людзей. «Было б добра, калі б які-небудзь вялікі партал падхапіў ідэю і запусціў са сваімі магутнасцямі. Дзяржаве гэта, хутчэй за ўсё, нецікава, хоць такі сэрвіс ад таго ж БелТА ў паралельным сусвеце выглядаў бы вельмі лагічным», — лічыць Васількоў.

Ахвотныя дапамагчы ідэі ў рэалізацыі могуць ліставаць на vasilkou@live.com.

Каментаваць