Дэвальвацыя. Пачатак?

Беларускі рубель заліхарадзіла. За тыдзень ён у адносінах да долара ўпаў больш як на 100 пунктаў. Калі яшчэ 2 ліпеня курс пакупкі долара быў 8 770 рублёў за долар, то ўжо 9 ліпеня некаторыя банкі набывалі долар па 8 880.



Фота prokopovi-ch.blogspot.com


Наогул, 9 ліпеня долар устанавіў новы гістарычны рэкорд. Па таргах на біржы курс амерыканскай валюты ў параўнанні з папярэднім днём вырас усяго на 20 рублёў — да 8 860 беларускіх рублёў. Але для рэкорду гэтага аказалася дастаткова — так дорага «зялёны» не каштаваў ніколі за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Папярэдні рэкорд  — 8 850 рублёў — трымаўся амаль 20 месяцаў.

Здаецца, спраўджваюцца прагнозы незалежных эканамістаў і аналітыкаў пра тое, што без дэвальвацыі беларускай эканоміцы не абысціся. Пра гэта казалі ўжо даўно, нягледзячы на ўпэўненую рыторыку ўрада і Нацбанку, што «дэвальвацыю праводзіць няма неабходнасці». Неабходнасць ёсць, і абумоўленая яна тым, што 80% беларускай прадукцыі «парыцца» на складах, і ніяк не прадаецца з прычыны высокага кошту і нізкай якасці. Адно толькі гэта, магчыма, магло спрычыніцца да аслаблення курсу рубля.

З іншага боку, такое падзенне можа быць абумоўленае і «сезонным фактарам». Грамадзяне едуць у адпачынак за мяжу. Таму цалкам лагічна, што яны набываюць валюту тут, каб пражыць на яе там. На карысць гэтага сведчыць і статыстыка набыцця насельніцтвам валюты за чэрвень. У чэрвені фізічныя асобы прадалі наяўнай замежнай валюты на 593,1 мільёна долараў, а купілі на 771,7 мільёна. Гэта значыць, на чыстай аснове насельніцтва купіла 178,6 мільёна долараў. Таксама ў чэрвені насельніцтва набыло на 86,4 мільёна безнаяўнай замежнай валюты.

Зразумела, калі ўзрастае попыт на валюту, то ўзрастае і яе кошт. Таму банкі маглі проста ўзняць курс з надзеі, што нікуды насельніцтва не падзенецца: будзе набываць па тым кошце, па якім валюту прапануюць.

Але адмыслоўцы кажуць, што такі попыт на валюту — даволі нязначны, каб выклікаць рост кошту долара на біржы. А значыць, як казаў той Папандопула, «мы на парозе грандыёзнага шухеру».

Адмыслоўцы тлумачаць такі «спуск рубля» сукупнасцю розных фактараў беларускай эканомікі. Найперш гэта, канешне, нашы складскія запасы і праблемы са знешнім гандлем. Нашая прадукцыя не знаходзіць збыту на знешніх рынках, і перш за ўсё — у Расіі. Адсюль — зніжэнне гандлёвага і плацежнага балансаў. З іншага боку, на фоне спынення прадавальнасці беларускай прадукцыі расце яе сабекошт, то бок выдаткі вытворчасці. І трэці фактар — наша знакамітая эканамічная стабільнасць і сацыяльная дзяржава. Рост заробкаў і дабрабыту насельніцтва схіляе гэтае насельніцтва да таго, каб не купляць беларускае, а набываць, можа, і больш дарагі, затое імпарт. То бок, не падтрымліваць айчыннага вытворцу, а аддаваць грошы замежнікам.

Яшчэ адзін фактар спаду рубля — гэта ўсё тая ж Расія. Расія, у межах мераў па падтрымцы ўласнага эканамічнага росту і вытворчасці, выконвае план па дэвальвацыі сваёй валюты. Расійскі рубель апошнім часам абясцэніўся прыкладна на 10%, і гэта яшчэ не мяжа. У сувязі з гэтым падае і беларускі рубель, які вельмі залежыць ад расійскага. Падае «расія» — падае і «заяц».

Але ж уся гэтая сукупнасць фактараў і дазваляе казаць пра пачатак плаўнай і паступовай дэвальвацыі беларускай нацыянальнай валюты. Прынамсі, у тым, што сённяшні спад рубля — пачатак павольнай дэвальвацыі, упэўнены былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч. Пакуль, паводле яго слоў, рэзкае падзенне курсу рубля яшчэ стрымліваецца ўскосным шляхам — шляхам высокіх працэнтных ставак па рублёвых укладах.

Сам Багданкевіч лічыць, што ў выніку паўзучай дэвальвацыі рубель за некалькі месяцаў можа прыйсці да адзнакі ў 10 000 за долар. «Але ў Нацбанку пакуль ёсць рычагі рэгулявання гэтага працэсу, і ён можа спыніцца на адзнацы ў 9 500 за долар», — кажа Багданкевіч.

На яго думку, дэвальвацыя будзе плаўная, і на ўзроўні куплі-прапановы валюты фізічнымі асобамі панікі не будзе. «У нас ёсць магчымасць рэгуляваць гэты працэс, і ёсць пэўныя фінансавыя рэзервы. Вядома, не 8 мільярдаў золатавалютных рэзерваў, як кажуць чыноўнікі, а толькі 3 мільярды. Гэтыя «мінус пяць мільярдаў» узятыя на баланс Нацбанкам у камерцыйных банкаў. Узамен камерцыйным банкам перададзены рублёвы эквівалент гэтых пяці мільярдаў. Так што ёсць толькі 3 мільярды, і гэтага мала. Але заўсёды застаецца магчымасць прадаць актывы, прадпрыемствы або папрасіць крэдыт — не толькі міждзяржаўны, але і, напрыклад, у Ашчадбанка Расіі», — кажа Багданкевіч.

Варта адзначыць, што так лічыць не толькі Багданкевіч. Большасць экспертаў згодная з тым, што на працягу пары-тройкі месяцаў беларускі рубель будзе аслабляцца і надалей.

Проста таму, што мы рухаемся ў рэчышчы 2011 года. Краіна адчувае складанасці з прыцягненнем новых запазычанняў, эканамічная сітуацыя характарызуецца затаваранасцю складоў і апераджальным ростам заробкаў над прадукцыйнасцю працы, на фоне планаў у бягучым годзе павялічыць экспарт на 15% у першым квартале адбылося яго зніжэнне амаль на 20% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Так што ёсць падставы казаць: у перыяд адпачынку ў Беларусі пачалася мяккая і плаўная дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Ці працягнецца яна далей, і наколькі будзе мяккай — гэта пытанне зараз да Нацбанку. Але варта адзначыць, што з пачатку года долар падаражэў ужо на 290 рублёў, і гэта больш, чым за ўвесь 2012 год, калі долар вырас толькі на 220 беларускіх рублёў.

Каментаваць