Дыялог: тупік, канец, паўза?

Гэта пытанне выспявала спакваля. Рэальную акрэсленасць яно набыло знешне нечакана, пасля таго, як камісар Еўрасаюза Беніта Ферэра-Вальднер адклала свой візіт у Мінск, а Аляксандр Лукашэнка замест сустрэчы з ёй адправіўся ў Арменію. І ўжо бясспрэчна востра яно выявілася ў кантэксце выказванняў А. Лукашэнкі пра дзеянні дэмакратычнай апазіцыі падчас яго рабочай паездкі на Віцебшчыну 17 сакавіка.



Такога набору негатыўных ацэнак, у такой канцэнтрацыі і ў такой тэрміналогіі, даўно не гучала ў адкрытым эфіры: «пятая калона», «ворагі беларускага народа», «адмарожаныя», «ці то па п’яні, ці ад нейкай дурноты», «ажно верашчаць», «пачынаюць плявузгаць».

Менавіта на апазіцыю кіраўнік краіны ўсклаў усю віну за збоі ў развіцці дыялога па жаданаму для яго сцэнару. Еўрапейцам жа даслаў дваісты сігнал. Станоўча ацаніў рашэнне Рады міністраў замежных спраў Еўрасаюза пра падаўжэнне тэрміну прыпынення санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў. «Дзякуй, добра, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Але пытанне не ў чыноўніках і не ў Лукашэнку. Калі еўрапейцы думаюць, што нас можна трымаць на кручку, атрымоўваючы сігналы ад нашых «адмарожаных», і ўвесь час нас тузаць і панукаць без справы, то мы на такой пазіцыі дыялог весці не будзем». Гэтак жа ўхвальна адгукнуўся ён і на магчымасць далучэння Беларусі і да праграмы «Усходняе партнёрства».

Справа, аднак, не толькі і не столькі ў апазіцыі. І, сапраўды, «не ў чыноўніках і не ў Лукашэнку». А ў тых глыбінных, прынцыповых супярэчнасцях, якія ўтрымлівае ў сабе сам фармат дыялогу паміж дзвюма прынцыпова адрознымі палітычнымі сістэмамі — дэмакратычнай і аўтарытарнай. Дыялог і нават саюз паміж імі магчымы. Але толькі часовы. Ці на абсалютна прагматычнай аснове, у межах той самай «рэал паліцік», дзеля вырашэння нейкай вельмі важнай праблемы, перад тварам нейкай агульнай смяротнай небяспекі. Ці цаной паступовай трансфармацыі аўтарытарнай сістэмы ў дэмакратычную. Класічны прыклад першага варыянта — антыгітлераўская кааліцыя з адкатам да «халоднай вайны», другога — гарбачоўская перабудова і крах «імперыі зла».

Адкрытасць, дыялог — натуральны стан жыццядзейнасці дэмакратычных сістэм. Дамовы падлягаюць выкананню. Самаізаляцыя, да «жалезнай заслоны» ўключна, — натуральны стан існавання аўтарытарных і таталітарных дэмакратычных сістэм. Дыялог для іх — інструмент па неабходнасці, для дасягнення сваіх мэтаў, якія ўсе без выключэння падпарадкоўваюцца галоўнай — самазахаванню. Любой цаной.

Дамовы выконваюцца толькі ў гэтых межах і толькі пад ціскам абставін.

Усё гэта так ці інакш адлюстравалася ў дыялогу. Хаця, безумоўна, камплект сённяшніх праблем і супярэчнасцей, што з выразнасцю выявіліся на яго лязе, не ўяўляе сабой непасрэднай смяротнай небяспекі ні для рэжыму А. Лукашэнкі, ні тым больш для Захаду. Платформа агульнага інтарэсу шматкроць меншая. Аднак у гістарычным вымярэнні не менш значная: дэмакратыя ці дыктатура ў Беларусі з адпаведным уплывам на агульнаеўрапейскі палітычны клімат.

Беларускі рэжым быў ініцыятарам і архітэктарам палітыкі самаізаляцыі і канфрантацыі з Захадам. І па-свойму, пад ціскам абставін, што зыходзілі цяпер ужо і з Усходу, стаўся ініцыятарам вяртання да дыялогу з Еўрасаюзам. Разглядаючы яго найперш як інструмент пашырэння сваіх магчымасцей для манеўра, для лавіравання паміж Расіяй і Еўрасаюзам.

Інтарэс Захаду да гэтага дыялогу быў прадыктаваны яго вернасцю дэмакратычным каштоўнасцям, але і значна падагрэты геапалітычным інтарэсам на супрацьдзеянне імперскім амбіцыям Масквы па падпарадкаванню Мінска сваім інтарэсам. Асабліва ў кантэксце расійска-грузінскай вайны і ціску Крамля на Мінск аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Геапалітычны матыў на пэўным этапе нават пераўзышоў каштоўнасную матывацыю да дыялогу і яго фармат, што спарадзіла яшчэ адну лінію супярэчнасцей як унутры беларускай дэмакратычнай апазіцыі, так і ў саміх краінах Еўрасаюзу. Акрамя агульных праблем — санкцыі і далучэнне Беларусі да праграмы «Усходняе партнёрства», пад умовы ці без іх — гэта лінія пэўным чынам персаніфікавалася на пытанні, запрашаць ці не ў Прагу на саміт А. Лукашэнку. Апазіцыянеры, прыхільнікі палітыкі каштоўнасцей, не хавалі свае аргументы ад заходніх партнёраў, і, відавочна, мелі ўплыў. Адсюль і рэакцыя кіраўніка краіны. Як, відавочна, што аптымальны баланс паміж двума падыходамі ўжо выразна акрэсліўся.

Дыялог жа, ужо сам па сабе — візіты, кантакты, «круглыя сталы», семінары, канферэнцыі — нясе ў сабе пагрозу парушыць баланс устойлівасці аўтарытарнай сістэмы ад сувязей са знешнім светам. І таму падключэнне да дыялогу апазіцыі паўстае для рэжыму найбольшай пагрозай. Нават большай за яго канкрэтны змест, тыя самыя пяць умоў, вылучаных Еўрасаюзам. Пакуль там яшчэ ад слоў да справы… Тут жа ўсё можа абярнуцца фактычнай легалізацыяй апазіцыі і ростам яе рэальнага ўплыву на грамадскую свядомасць. Асабліва на фоне росту незадаволенасці насельніцтва пад ціскам эканамічнага крызісу. Нягледзячы на яе сённяшнюю слабасць. Так ужо было напачатку 1990-х. Сённяшняя вертыкальная наменклатура апынулася ў ролі тагачаснай партыйна-дзяржаўнай наменклатуры. І гэта ёсць асноўная прычына віцебскага адказу на знешнепалітычную актывізацыю апазіцыі.

Дыялог спатыкнуўся. Захад адклаў пакуль што на тыдзень рашэнне пра далучэнне Беларусі да праграмы «Усходняе партнёрства». А. Лукашэнка ад’ехаў у Маскву на сустрэчу з Д. Мядзведзевым, дзе апроч іншых будуць абмяркоўвацца і пытанні ваеннага супрацоўніцтва.

Дыялог працягваецца. З Захадам — на ўзроўні перамоваў (калі не лічыць крэдыту ад МВФ). З Расіяй — яшчэ і на ўзроўні канкрэтнага супрацоўніцтва. У даўно апрабаваным варыянце — спалучэнні ціску і эканамічных прэферэнцый, бізуна і перніка. І гэта фаза дыялогу, на абодва бакі, яшчэ далёкая ад свайго завяршэння. Але развязка набліжаецца.

Каментаваць