Дыпламатычны тэатр

У добра пастаўленым спектаклі і акцёры, і гледачы выконваюць свае ролі.

І рэжысёру яны вядомыя загадзя.

Палітычны скандал паміж Масквой і Мінскам пасля пасяджэння саюзнага саўміну — не збег абставінаў і палкіх заяў, а прадуманая дзея. Пакуль кіраўнікі Беларусі Аляксандр Лукашэнка абменьваўся з расійскім прэм’ерам Уладзімірам Пуціным ветлівасцямі і расказвалі пра гатоўнасць «падставіць плячо», намеснік Пуціна Аляксей Кудрын расставіў акцэнты ў сапраўдных узаемаадносінах дзвюх дзяржаў.



У добра пастаўленым спектаклі і акцёры, і гледачы выконваюць свае ролі.

І рэжысёру яны вядомыя загадзя.

Палітычны скандал паміж Масквой і Мінскам пасля пасяджэння саюзнага саўміну — не збег абставінаў і палкіх заяў, а прадуманая дзея. Пакуль кіраўнікі Беларусі Аляксандр Лукашэнка абменьваўся з расійскім прэм’ерам Уладзімірам Пуціным ветлівасцямі і расказвалі пра гатоўнасць «падставіць плячо», намеснік Пуціна Аляксей Кудрын расставіў акцэнты ў сапраўдных узаемаадносінах дзвюх дзяржаў.

З вуснаў расійскага палітыка прагучала тое, што беларускія ўлады старанна хаваюць ад шырокай публікі. У прыватнасці, Кудрын паведаміў, што Беларусь мае праблемы з золатавалютнымі рэзервамі, а напрыканцы года яе чакае фінансавая яма. «У першым квартале Беларусь выдаткавала больш за два мільярды долараў золатавалютных рэзерваў для падтрымання курсу. Гэта больш адной траціны ўсіх золатавалютных рэзерваў краіны. Яшчэ праз квартал Беларусь выдаткуе столькі ж, і да канца трэцяга квартала валюты не застанецца», — заявіў Кудрын.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выказванні Кудрына мелі на мэце «пасеяць паніку ў Беларусі» ў той час, калі адбываліся між­дзяржаўныя сустрэчы «абсалютна на сяброўскай ноце». Таксама кіраўнік Беларусі сказаў, што расійскі віцэ-прэм’ер «цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія тут на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць нас вучыць працаваць». Каталізатар спрацаваў: дыпламатычны скандал, папсаваныя ўзаемаадносіны і нейкая гарантыя, што бліжэйшым часам Беларусь не будзе прасіць грошы, якія ёй надзвычай неабходныя.

Няўдалыя па факту, а не дэкларатыўнасці перамовы з Уладзімірам Пуціным пра вылучэнне Беларусі чарговага крэдыту справакавалі пасля ад’езду расійскай дэлегацыі чарговы разнос чыноўнікам. Аляксандр Лукашэнка не ўтрымаўся, каб не пашантажаваць Расію сяброўствам, але рыторыка прамовы схілілася ў бок безапеляцыйнасці. Звяртаючыся да прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, кіраўнік Беларусі заявіў, што «час кланяцца Расіі скончыўся». «Не выходзіць у Расіі — не трэба біць паклоны, ныць, плакаць, трэба шукаць сваё шчасце ў другой частцы планеты. Я гэта свядома публічна кажу... Хопіць, Сяргей Сяргеевіч, вадзіць за сабою міністраў па пракладзеных сцежках! Трэба ісці ў іншыя месцы, дзе нас не ведаюць, дзе нас чакаюць, і гандляваць — дзесяццю трактарамі, адным камбайнам, па гарбатнай лыжцы цукар вазіць», — падкрэсліў Лукашэнка.

Пасля эканамічных парадаў прагучалі і палітычныя. «Мы незалежная суверэнная краіна, і ўсё будзем рабіць у нашых інтарэсах, — заявіў кіраўнік Беларусі. — Таму запомніце: ніякіх вымольванняў і выпрошванняў. Калі няма ў іх 500 мільёнаў долараў, якія яны нам даўно паабяцалі, і мы спланавалі свой бюджэт адпаведна, то не хадзіце і не прасіце».

Беларускі лідэр выразна акрэсліў важнасць палітычнага моманту: «Гульня задуманая па-буйному, майце на ўвазе. Выстаім — будзе дзяржава. Не выстаім — скамечаць і ў кішэню пакладуць, будзем бегаць потым і глядзець налева і направа, каб нам кавалак хлеба са стала кінулі. За намі 10 мільёнаў таленавітых і працавітых людзей, якіх мы не павінны падставіць і падмануць».

Ужо пасля скандальнага інтэрв’ю Аляксея Кудрына наконт закрэдытаванасці і плацежнай няздольнасці Беларусі міністр фінансаў Андрэй Харкавец паведаміў СМІ, што знешняя пазыка дзяржавы ў доўгатэрміновым перыядзе сфарміравалася на 11 гадоў пад 4,5 працэнта гадавых. Паводле слоў міністра фінансаў, Расія маніпулюе паняццямі на перамовах пра вылучэнне Беларусі крэдытаў. «Тут ідзе змешванне паняццяў. Мы запытвалі два крэдыты: 500 мільёнаў долараў на папаўненне золатавалютных рэзерваў і паралельна вяліся перамовы па прыцягненні крэдыту ў аб’ёме 100 мільярдаў расійскіх рублёў для фінансавання ўзаемнага гандлю, абслугоўвання ўзаемных разлікаў у расійскіх рублях», — адзначыў Харкавец.

«Расія прапанавала 500 мільёнаў у расійскіх рублях. Расійскі рубель канвертуецца, то яны нам заявілі, што мы можам узяць гэты крэдыт і ў расійскіх рублях, і ў доларах. Гэта не адмова ад крэдыту ў расійскіх рублях. Мы гаворым пра два прынцыпова розныя крэдыты», — дадаў Андрэй Харковец. Імкненне чыноўніка абяліць эканамічную сітуацыю ў Беларусі запозненыя. Перапалку Кудрына і Лукашэнкі растыражавалі многія СМІ. Ва ўмовах, калі інфармацыя замоўчваецца, заявы расійскага віцэ-прэм’ера для грамадзян сталі своеасаблівым адкрыццём, якое пераламіць, відаць, не атрымаецца хаця б таму, што справы ў рэальным сектары эканомікі пацвярджаюць словы палітыка.

Што да міждзяржаўных адносінаў дзвюх суседак, то Расія мэтанакіравана адмаўляецца фінансаваць беларускі рэжым, разумеючы нізкую эфектыўнасць гэтых дзеянняў як з палітычнага, так і эканамічнага бакоў. Лукашэнка паступова страчвае рычагі свайго ўплыву на Маскву, яго казырная карта ў выглядзе газатранспартнай сістэмы ўжо напалову належыць Расіі. На падыходзе будаўніцтва нафтаправоду ў абыход Беларусі БТС–2. Натуральна, ніхто не забараняе шукаць беларускаму рэжыму новых донараў і спонсараў, але пра аргумент «дружбы народаў» давядзецца забыцца. Да таго ж, імідж Лукашэнкі не надта спрыяе наладжванню дзелавых адносінаў, і калі справы будуць ісці ў падобным кірунку, хто ведае, магчыма, Беларусь прыйдзе да вымушанай змены палітычных элітаў.

Каментаваць