Дысбалансы дыялога

Мінулы тыдзень дадаў да дыялога Захаду з Беларуссю пэўную колькасць новых слоў і падзей, аднак не змяніў прынцыпова ні яго схему, ні яго дынаміку, ні баланс яго прамежкавых вынікаў. Відавочна аднак, што з большай нагляднасцю і кантрастнасцю вызначыліся пазіцыі бакоў як у кропках іх супадзення, так і разыходжання.



Вельмі прагматычную, а разам з тым і вельмі лагодную для афіцыйнага Мінску пазіцыю агучыў міністр замежных спраў Іспаніі Мігель Марацінас падчас яго візіту ў Беларусь. Ён выступіў за скасаванне санкцый Еўрасаюза супраць кіраўніцтва Беларусі і за далучэнне нашай краіны ў бліжэйшай будучыні да Рады Еўропы. Без усялякіх дадатковых умоў і агаворак. Матывацыя гэтага, на яго погляд, вельмі простая і моцная: “Мы палову таваразвароту маем сёння з Еўрасаюзам. Палова таваразвароту — з Усходам. Вось і ўся матывацыя. Гэта пытанне жыцця нашай дзяржавы.

Пазіцыя Іспаніі дыяметральна супрацьлеглая пазіцыі Галандыі. “Калі краіны “Усходняга партнёрства хочуць паўнапраўных і партнёрскіх дачыненняў з ЕС, — заявіў міністр Максім Ферхаген, — няхай паважаюць нашы каштоўнасці, то бок дэмакратыю і правы чалавека. І дадаў, што Нідэрланды і надалей будуць крытыкаваць Лукашэнку, нават калі той апынецца ў Празе.

Суадносіны крайніх пазіцый з выхадам на ўзгодненае рашэнне пакуль праглядаюцца з дастатковай прыблізнасцю. “За — за месца Беларусі ў Еўропе, аднак з выразна акрэсленай заклапочанасцю палітычнай сітуацыяй у нашай краіне, — выступілі таксама кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більт, міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт, прэм’ер-міністр Літоўскай Рэспублікі Андрус Кубілюс. “Літва, — падкрэсліў сп. Кубілюс, — ніколі не была згодна з тым, “што для прагматычных мэтаў могуць быць забытыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. У гэтым жа ключы гаворыцца пра сітуацыю ў нашай краіне і ў штогадовым дакладзе МЗС Вялікабрытаніі. Пэўны акцэнт на дэмакратычных каштоўнасцях, на правах чалавека дадалі да сваёй пазіцыі Германія і Італія.

Відавочнае набліжэнне да адзінай пазіцыі прадэманстравала і міжнародная канферэнцыя ў Бруселі (30–31 сакавіка) пад назвай “Дарожная карта для Беларусі. Яна замыкала сабой цэлую серыю дыскусій і кансультацый, якія праводзілі еўрадэпутаты наконт Беларусі, каб падрыхтаваць прапановы да спецыяльнай “беларускай рэзалюцыі Еўрапарламента. Асноўны сэнс прапаноў бадай што з поўнай дакладнасцю прагучаў у выступе парламентара з Вялікабрытаніі Крыстафера Бізлі, які ўзначальвае ў Еўрапарламенце так званую Паўночную групу дэпутатаў, куды ўваходзяць прадстаўнікі Вялікабрытаніі і скандынаўскіх краін.

“Калі мы глядзім на нашы спецыфічныя рэкамендацыі для беларускіх уладаў, — сказаў Бізлі, — то мы хацелі б бачыць дзве рэчы: каб унутры Беларусі адбыўся дыялог паміж уладамі і апазіцыйнымі партыямі ды выконваліся прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека, і каб на прынцыпах свабоды мэдыяў, павагі да правоў чалавека такія дзве адзінкі, як Еўрасаюз і Беларусь, працавалі на паспяховую будучыню разам.

Яшчэ адзін пункт разыходжанняў у асяродку ЕС — запрашэнне А. Лукашэнкі на пражскі саміт 7 мая, на якім будзе прэзентавацца праграма “Усходняга партнёрства. Аднак ацэнкі некаторых заходніх аналітыкаў, нібыта дыскусія вакол беларускага кіраўніка “расколвае ЕС, выглядаюць перабольшанымі. Пакуль што парадаксальным чынам адзінства пазіцый краін ЕС выявілася ў дамоўленасці ўстрымацца ад рашэння сёння, каб прыняць яго заўтра, з улікам крокаў афіцыйнага Мінска, непасрэдна перад самітам.

Хаця, што таксама відавочна, у краін Еўрасаюза пакуль няма агульнай, з дэталёвай дакладнасцю вызначанай пазіцыі па фармату дыялога. Але было б дзіўным яе чакаць “тут і зараз ад 27 краін-сябраў, пад чыім бы тое ні было ціскам. У гэтым і плюсы і мінусы дэмакратыі: шлях да згоды дастаткова працяглы, у дыскусіях і спрэчках. Але ж у гэтым і абарона ад паспешлівых і няўзважаных рашэнняў.

Што ж у асадку на дзень сённяшні? Відавочна, што за час, які прайшоў ад пачатку дыялога, адпаведныя структуры ЕС — як парламенцкія, так і выканаўчыя — дастаткова дэталёва вывучылі сітуацыю ў Беларусі. І па меры іх унікнення ў беларускія праблемы, агульны баланс іх поглядаў выразна змясціўся з прагматычнага да каштоўнаснага. Дакладней, да спробы іх аптымальнага спалучэння. З тым, каб не сарваць дыялог, але і не апынуцца яго беспрынцыповымі палоннымі.

Менавіта гэты матыў і быў асноўным у адмове дэлегацыі еўрапарламентароў ад візіту ў Беларусь, запланаваным на наступны тыдзень. Як патлумачыў еўрадэпутат Ян Марынус Віерсма, каб не даць падстаў “для сцвярджэння, што мы прызнаем беларускі парламент.

Дыялог будзе працягвацца. Спатыкацца і буксаваць, зноў набіраць пэўныя абароты, зноў замаруджвацца і перапыняцца. Прынамсі ў бліжэйшыя 9 месяцаў — тэрмін, на які ЕС замарозіў санкцыі. Бо альтэрнатывы дыялогу няма. ЕС яго не спыніць. Абарваць яго могуць толькі кіруючыя колы Беларусі. Але гэта зараз не ў іх інтарэсах, бо і ў іх зараз дзеля самазахавання няма іншага выбару як балансавання, манеўравання паміж двума цэнтрамі сілы — Расіі і Захаду.
 

Каментаваць