Дыскусійны клуб ТБМ

Пад Новы год усе думаюць пра мадэрнізацыю сваёй дзейнасці. ТБМ распачаў працу свайго дыскусійнага клубу яшчэ за некалькі месяцаў да святаў. І за гэты час выйшаў на рэгулярную арганізацыю сустрэч гасцей: кожны аўторак, а 19-й гадзіне, у сядзібе, што месціцца на вул. Румянцава 13. Пра новую праграму журналісту “Новага часу Аляксею Хадыку распавядае яе каардынатарка спадарыня Алена Анісім.



Пад Новы год усе думаюць пра мадэрнізацыю сваёй дзейнасці. ТБМ распачаў працу свайго дыскусійнага клубу яшчэ за некалькі месяцаў да святаў. І за гэты час выйшаў на рэгулярную арганізацыю сустрэч гасцей: кожны аўторак, а 19-й гадзіне, у сядзібе, што месціцца на вул. Румянцава 13. Пра новую праграму журналісту “Новага часу Аляксею Хадыку распавядае яе каардынатарка спадарыня Алена Анісім.

З канца верасня 2009 года ў нас у ТБМ дзейнічае праект “Дыялог, падтрыманы Амбасадай ЗША і Дэпартаментам па гуманітарнай дапамозе РБ пры Адміністрацыі прэзідэнта. Гэта сур’ёзная падтрымка, якая дазваляе нам працаваць па некалькіх кірунках.

Першы накірунак, “мова, уключае ў сябе арганізацыю сустрэч з вядомымі мовазнаўцамі і лінгвістамі, якія распавядаюць пра апошнія змены ў правапісе. Існуе сапраўдны інтарэс аўдыторыі да моўнай сітуацыі, да асаблівасцяў маўлення ў Беларусі – да тэндэнцый і да іх зменаў з пункту гледжання менавіта вучоных. Ёсць цікавасць да таго, наколькі правапіс закранае гэтыя тэндэнцыі, да таго, што, магчыма, будзе патрабаваць бліжэйшага разгляду і дэталізацыі. Своеасаблівае спалучэнне тэорыі, законатворчасці і жывой практыкі.

Асобнае зацікаўленне – назвы, геаграфічныя аб’екты, беларуская тапанімія, якая шмат гадоў цярпела розныя змены, дапускала варыянтнасць, не была ўпарадкаваная, ды і зараз гэтая тэма не знятая з парадку дня.

Кірунак “фальклор выходзіць за вузка фальклорныя рамкі, азначаючы веданне, знаёмства і прытрымліванне абрадавай традыцыі Беларусі. Натуральнае пачуванне сябе ва ўласнай культурнай прасторы – уменне адзначыць уласныя святы, разумець іх, арганізаваць. За гэта ў нас адказвае Аляксей Галіч, ён прыцягвае да працы знакамітых і дасведчаных у культаралагічным плане спецыялістаў. Да гэтага накірунку адносіцца і вывучэнне песень, у сувязі з чым ТБМ 5 студзеня правёў калядную вечарыну ў сваёй сядзібе.

Наступны кірунак можна назваць “краязнаўчым, бо ён уключае ў сябе знаёмства са славутымі мясцінамі Беларусі. Ужо прайшла сустрэча па сярэднявечных замках Беларусі, па мясцінах Адама Міцкевіча ў краіне і крышку за яе межамі. Да гэтых сустрэч мы рыхтуем візуальную інфармацыю і суправаджальныя звесткі пра тое, як людзям можна самастойна арганізаваць падарожжа па цікавых мясцінах: прывязку і арыентацыю на мясцовасці. Распрацоўкі прапануюцца ўвазе чытачоў “Нашага слова. Бліжэй да вясны мы рыхтуем гутарку з Уладзімірам Іллічом Содалем – яго тэма будзе тычыцца, безумоўна, Францішка Багушэвіча. Задумваем наведаць мясціны Янкі Купалы і Якуба Коласа, асабліва тыя, якія ў меншай ступені разрэкламаваны ў розных турыстычных маршрутах.

Нарэшце, адзін з самых цікавых і перспектыўных кірункаў – стварэнне дыскусійнага моладзевага клубу. Моладзь зараз вельмі зацікаўлена ва ўтварэнні пляцоўкі для абмеркавання сваіх праблем, рэалізацыі ўласных амбіцый і перспектыўных памкненняў. Бо маладыя грамадзяне і ў наш час застаюцца актыўнай часткай грамадства, а месца для рэалізацыі сваіх задум маюць не заўсёды.

У нас ужо прайшло некалькі пасяджэнняў анансаванага вамі дыскусійнага клуба. Першым пажаданнем удзельнікаў клуба была арганізацыя сустрэчы з эканамістам, і нас наведаў Яраслаў Раманчук, правёўшы цікавую гутарку. Другую сустрэчу хацелі арганізаваць з Іосіфам Паўлавічам Сярэдзічам, але ўзніклыя праблемы з “Народнай воляй (папярэджанні Мінінфармацыі) забралі яго час. Замест яго да нас прыходзілі маладыя журналісты “Звязды – Глеб Лабадзенка і Мікола Тамашэвіч, і сустрэча прайшла надзвычай плённа. Гутарка планавалася па пытанні “Мова ў СМІ, але выйшла за гэтыя межы, закранула асаблівасці сённяшняй працы журналіста. Як яна арганізуюцца, як шукаюцца цікавыя тэмы і пераадольваюцца цяжкасці… У перспектыве мы плануем прэзентаваць нашу праграму па-за межамі Мінска – у Лідзе, Баранавічах, Магілёве, Віцебску.

Варта паўтарыцца: кожны аўторак (за выключэннем 12 студзеня), з 19 па 21 гадзіну, у сядзібе ТБМ абавязкова праходзяць мерапрыемствы з праграмы “Дыялог, і ўваход на іх вольны.
Запрашаем!

З бліжэйшых мерапрыемстваў:

19 студзеня – сустрэча з вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук Веранікай Курцовай на тэму “Сучаснае беларускае маўленне і яго адлюстраванне ў правапісе.

26 студзеня будзе абмяркоўвацца лёс беларускай нацыянальнай сімволікі з удзелам дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання старшыні ТБМ Алега Трусава і, магчыма, яшчэ кагосьці з тых дэпутатаў, якія бралі ўдзел у наданні нацыянальнай сімволіцы статусу дзяржаўнай 19 верасня 1991 года.

Нарэшце, анансуем канферэнцыю “Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх арганізацый па яго паляпшэнні, якая запланавана на нядзелю, 24 студзеня, з 10 да 17 гадзін, месца правядзення пакуль удакладняецца.
Даведкі па тэлефонах (017) 284-85-11, (029) 661-65-98, Алена Анісім, з 16 па 20 гадзін.

Каментаваць