Для чаго патрэбныя скандалы

Скандалы патрэбныя не толькі для таго, каб паскандаліць. Ёсць яшчэ і іншы бок: пад «фішкай» скандалу на другі план адыходзяць усе надзённыя праблемы і турботы. Ды яшчэ можна зваліць уласныя пралікі на які-небудзь фрагмент таго ж скандалу.



Напрыклад, нечакана ў Беларусі адбылося тое, што мела адбыцца толькі напачатку 2014 года. Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня падпісаў указ пра тое, што ў Беларусі на 45% павышаны стаўкі акцызаў на бензін, на 70% — на дызельнае паліва. Нагадаем, што Мінэканомікі прапанавала падняць акцызы на тыя ж працэнты толькі з 1 студзеня наступнага года. Вырашылі зрабіць гэта зараз.

Такім чынам, стаўка акцызу на 95-ы бензін і вышэй складзе 1 785 700 рублёў за тону, на бензін з актанавым лікам ад 91 да 95 — 2 238 800 рублёў, з актанавым лікам да 91 — 2 539 100 рублёў. Стаўка акцызу на дызельнае паліва ўстаноўлена ў памеры 1 686 100 рублёў. Улічваючы тое, што акцыз у кошце бензіну складае ад 16 да 24%, адпаведна, прыкладна на 5% вырастуць кошты на запраўках.

Здавалася б, ёсць нагода правесці чарговыя акцыі кшталту «Стоп-бензін», бо кошт расійскай нафты для нас не павышаецца, а паніжаецца, і ніякай падставы для таго, каб павышаць канчатковы кошт на запраўцы, няма. Аднак кошты павышаюцца — трэба нечым затыкаць бюджэтныя дзіркі.

Таксама ёсць апошнія лічбы Белстата наконт нашай гераічнай сельскай гаспадаркі, якая ў чарговы раз неймавернымі высілкамі перамагла ў чарговай бойцы за ўраджай. «Не «змаганні», а менавіта, «бойцы», бо гаспадарка выйшла з гэтага інцыдэнту занадта пакалашмачанай. У Беларусі па выніках працы ў студзені-чэрвені 2013 года стратнымі былі 849 сельгаспрадпрыемстваў (56% ад агульнай іх колькасці), паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Сума чыстай страты сельгаспрадпрыемстваў павялічылася ў 3,4 разы ў параўнанні са студзенем-чэрвенем 2012 года і дасягнула 1,2 трыльёна рублёў.

Страты гераічнаму змагару трэба нечым кампенсаваць? Канешне. Мінэканомікі Беларусі пастановай ад 23 жніўня № 59 павысіла цэны на хлеб і хлебабулачныя вырабы. Згодна з дакументам, на 10% павышаюцца гранічныя максімальныя адпускныя цэны на хлеб жытні і жытна-пшанічны, булачныя вырабы з пшанічнай мукі з утрыманнем па рэцэптуры цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14%.

А тым, хто заўважыць павышэнне коштаў на хлеб і бензін, тым можна адказаць: «Вы тут скардзіцеся, а Баўмгертнер увогуле сядзіць!»

Не без карысці для сябе ўлада выкарыстала і галоўны галаўны боль рэспублікі — сітуацыю з афрыканскай чумой свіней. Пад выглядам надзвычайных высілкаў у барацьбе з АЧС, беларускія ўлады маюць намер усталяваць поўны кантроль над пастаўкамі камбікармоў і прэміксаў.

У прыватнасці, распрацаваны праект дзяржаўнага рашэння, які прадугледжвае, што «забеспячэнне жывёлагадоўчых комплексаў і асабістых падсобных гаспадарак грамадзян павінна ажыццяўляцца праз арганізацыі камбікормавай прамысловасці і спажыўкааперацыі айчыннымі кармамі, якія прайшлі ва ўстаноўленым парадку ацэнку адпаведнасці».

Пры гэтым «забараняецца рэалізацыя камбікармоў, кармавых сумесяў, вотруб’я, кармавых адходаў мукамольнай і крупяных вытворчасці, мінеральных дабавак і прэміксаў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі без ўзгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай». Таксама забарона распаўсюджваецца на імпарт названай прадукцыі з небяспечных па АЧС краін (рэгіёнаў).

У выпадку прыняцця дакумента будзе ўведзена забарона на ўтрыманне свіней на асабістых падворках грамадзян, якія пражываюць у населеных пунктах, дзе зарэгістраваная афрыканская чума свіней (на тэрмін не менш за 6 месяцаў). Плануецца забараніць утрыманне свіней на асабістых падворках работнікаў жывёлагадоўчых аб’ектаў, а таксама на жывёлагадоўчых аб’ектах, на якіх не можа быць забяспечана захаванне ветэрынарна-санітарных правілаў.

Такім чынам, улады робяць аж чатыры рэчы. Па-першае, узаконьваюць незаконнае дагэтуль забіццё свіней у прыватных гаспадарках. Па-другое, забараняюць людзям трымаць свіней як мінімум на паўгады, адкрываючы дарогу на рынак толькі «дзяржаўнай» свініне. Трэцяе: фактычна ўсталёўваюць дзяржманаполію на камбікорм. І чацвёртае — адпаведна, «разгружаюць склады» айчынных камбікормавых прадпрыемстваў.

І ўсё гэта — вынік толькі адной паперы! Здаецца, калі б АЧС у Беларусі не існавала, яе трэба было б выдумаць.

Не забыліся ўлады і на знешнія крыніцы прыцягнення грошай. Хтосьці думаў, што з-за арышту аднаго чалавека за Расіі нам больш грошай не дадуць? Памыліліся. Беларусь атрымае свае 440 мільёнаў долараў апошняга траншу стабілізацыйнага крэдыту АКФ ЕўрАзЭС нягледзячы на арышт гендырэктара «Уралкалію». «Гэта ж ніяк не звязана з арыштамі, мы павінны свае абавязацельствы выконваць. Калі Антыкрызісны фонд прыйдзе да высновы завяршальны транш выдаць, мы яго выдадзім — куды мы падзенемся?» — заявіў намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак.

І дакладна ж, нікуды не падзенуцца. Больш за тое, разглядзяць пытанне і пра новы крэдыт. Бо, па словах Сторчака, АКФ ЕўрАзЭС будзе прымаць рашэнне аб выдзяленні новага крэдыту Беларусі «пры ўмове выканання ёю абавязацельстваў па папярэдняй крэдытнай праграме». «АКФ ЕўрАзЭС і краіны-чальцы павінны сказаць, што папярэдняя праграма дасягнула ўсіх вынікаў, для якіх яна ладзілася. Аналіз яшчэ трэба рабіць», — сказаў Сторчак.

Ну што, зробяць аналіз, высветляць, што ўсё ў парадку, і дадуць. Бо раней жа Беларусь не выконвала свае абавязацельствы перад АКФ. Прынамсі, прыватызацыю прадпрыемстваў на 2,5 мільярда долараў у год, як гэта было прадугледжана кантрактам, ніхто выконваць і не збіраўся. Аднак грошы нам давалі і давалі. Не выключэннем будзе і гэты раз.

Цікава, чым жа мы такія добрыя для іх, што яны нас усё спансуюць? Пэўна, гэта нешта за межамі рацыянальнага.

Каментаваць