Для поспеху мадэрнізацыі важна размарозіць патэнцыял айчыннага бізнесу

У рэйтынгу Doing Busines 2012 Беларусь па ўмовах вядзення бізнесу заняла 69-е месца і паднялася на 22 радкі ў параўнанні з мінулым годам. Варта чакаць, што і сёлета краіна, дзякуючы некаторым змяненням, палепшыць сваю пазіцыю. Аднак на справе бізнесу ў Беларусі несалодка.

Між тым беларускі бізнес мог бы стаць адной з сіл, якая садзейнічае мадэрнізацыі. Па-першае, прадпрымальнікі зацікаўлены ў правядзенні рыначных рэформ, а па-другое, у іх ужо ёсць канкрэтныя напрацоўкі па паляпшэнні сітуацыі. Аднак беларускія ўлады не гатовыя пайсці на супрацоўніцтва.


У пагоні за інвестыцыямі забылі пра айчыннага прадпрымальніка

Нягледзячы на тое, што дзяржава пайшла на некаторыя меры па паляпшэнні падатковага заканадаўства, у цэлым сітуацыя невясёлая. Па выніках даследавання "Індэкс дзелавога аптымізму Беларусі", праведзенага Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва, Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ і аналітычным цэнтрам "Стратэгія", беларускі бізнес настроены скептычна.

Так, 30% апытаных прадпрымальнікаў лічаць, што за першае паўгоддзе 2012 года стан іх бізнесу крыхуі палепшыўся, а 13,2% і наогул адчулі значнае пагаршэнне. Пры гэтым сярод апытаных бізнесменаў толькі 29,5% лічаць, што іх становішча нейкім чынам палепшылася.

Выступаючы на другім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе, расійскі эксперт Андрэй Суздальцаў адзначыў, што пасля свайго нядаўняга візіту ў Сочы Аляксандр Лукашэнка аддаў загад падрыхтаваць план мадэрнізацыі Беларусі. Сапраўды, гэтая тэма прагучала з яго вуснай на нарадзе 11 верасня. У гэтым жа радзе стаяць апошнія распараджэнні кіраўніка дзяржавы, якія тычацца рэфармавання МУС, скарачэння дзяржапарату і ўразання субсідый для сельскай гаспадаркі. Але ці дабярэцца дзяржаўная мадэрнізацыя да бізнесу, вялікае пытанне.

Цяпер палітыка стварэння ўмоў для вядзення бізнесу ў Беларусі мае яўны перакос на карысць замежных інвестараў. Дзеля прытоку інвестыцый улады аддаюць прыярытэт замежным кампаніям.

Яркім прыкладам з'яўляецца стварэнне Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка, у якім умовы для бізнесу значна лепш, чым у цэлым па Беларусі. Рэзідэнты парка маюць больш значныя льготы і прэферэнцыі, чым астатнія беларускія свабодныя эканамічныя зоны. Атрымліваецца, што нацыянальны бізнес на задворках?

Параўнанні ўмоў для вядзення бізнесу па Беларусі ў цэлым і ў Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку*

Дзяржаўныя падаткі і зборы 

Рэспубліка Беларусь

Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк 

Падатак на прыбытак

18%

Без падаткаў — на працягу 10 каляндарных гадоў пасля рэгістрацыі

50% ад стаўкі — наступныя 10 гадоў 

Зямельны падатак

У адпаведнасці з кадастравай цаной участка і мэтавым прызначэннем

Падатак на нерухомасць

1%

ПДК

20%

Не выплачваецца 

Адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва

35% ад фонду аплаты заробкаў

Адлічваецца з сярэдняй па краіне 

Падаходны падатак

12%

9% для ўсіх да 2027 года

Мытныя пошліны і зборы 

Згодна з заканадаўствам Беларусі

Не выплачваецца 

Мясцовыя падаткі і зборы

Згодна з заканадаўствам Беларусі

Не выплачваецца 

*Паводле звестак заканадаўства Рэспублікі Беларусь

Такая тэндэнцыя праглядаецца і ў тых змяненнях, якія ўлады ўносяць апошнім часам у заканадаўства. Гэта тычыцца і плануемых змяненняў у Інвестыцыйным кодэксе, які будзе шмат у чым заточаны пад замежнага інвестара.

У прыцягненні замежных інвестыцый няма нічога кепскага, але закавыка ў тым, што айчынны бізнес зараней пастаўлены ў становішча прайграўшага. З гэтага вынікае яшчэ адна праблема: за мінулыя гады склалася такая сітуацыя, што беларускі бізнес практычна не здольны стаць сур'ёзным гульцом у прыватызацыйных працэсах.


Інтэграцыйныя рызыкі беларускага бізнесу

Беларускі бізнес з цяжкасцю перажыў крызісны 2011 год, аднак і цяпер эканамічная сітуацыя далёкая ад стабільнасці. Ніхто не можа з упэўненасцю сказаць, што будзе заўтра. Пры гэтым улады не спяшаюцца ісці на ўступкі і патрабуюць павышэння долі ўдзелу бізнесу ў ВУП краіны і "выхаду з ценю".

З крызісам мінулага года звязаны і іншыя выклікі, што стаяць перад беларускім бізнесам: высокі кошт крэдытных рэсурсаў, адток кваліфікаваных кадраў, падзенне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, павышэнне рызык неплацежаздольнасці.

Дадатковай лыжкай дзёгцю з'яўляецца ўваходжанне Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору. Здавалася б, пашырэнне рынку да такога маштабу здольнае толькі станоўча паўплываць на бізнес-клімат, аднак на практыцы шыпоў больш, чым руж.

У сувязі з гэтым адна з галоўных задач, якую павінны вырашыць рэформы, — гэта зніжэнне рызык бізнесу ад уваходжання Беларусі ў АЭП. Пакуль у тройцы Беларусь — Казахстан — Расія наша краіна найбольш уразлівая. Беларускі бізнес не параўнальны па маштабах ні з казахскім, ні тым больш з расійскім. Такі стан спраў прывядзе або да выціскання айчыннага бізнесу з беларускага рынку або да яго паглынання.

Каб гэтага пазбегнуць, Беларусі неабходна быць на крок наперадзе Расіі і Казахстана ў стварэнні спрыяльнага бізнес-клімату. Для гэтага ўладам неабходна перагледзець некаторыя правілы.

Так, важна ўвесці эфектыўны інстытут абароны правоў уласнасці. Пакуль у Беларусі гэты механізм працуе толькі на паперы. Нягледзячы на тое, што дэ-юрэ правіла "залатой акцыі" ў Беларусі ўжо не дзейнічае, дэ-факта ў беларускім заканадаўстве існуюць механізмы, якія прадугледжваюць пераразмеркаванне ўласнасці з прыватнай у дзяржаўную. Нядаўнія працэсы супраць "Пінскдрэва" і "Кераміна" гэта паказалі.

Акрамя таго, існуюць некаторыя ўмовы і патрабаванні, якія вымушаюць бізнес выкарыстоўваць шэрую схему. Найперш гэта памер выплат у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Бізнес-супольнасці неаднаразова заклікалі дзяржаву гэты памер знізіць, аднак у выніку яго знізілі… для рэзідэнтаў Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка.

Яшчэ адзін біч для бізнесу ў Беларусі — цяперашнія правілы праверачнай дзейнасці. Раней уведзены гадавы мараторый на праверкі бізнесу ў 2011 годзе быў адменены. Указам № 511 не прадугледжана ніводнага права правяраемага суб'екта, правамі надзелены толькі кантрольныя органы.

Акрамя гэтага, неабходна рэфармаваць шэраг сфер: спрашчаць сістэму адміністравання падаткаабкладання, колькасць ліцэнзуемых відаў дзейнасці, зніжаць падатковы цяжар і ўводзіць электронную сістэму рэгістрацыі поўнага цыклу.

Пакет такіх прапаноў можна было б напрацаваць у рамках  "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю".

Добрым прыкладам можа служыць вопыт усходнееўрапейскіх краін, у прыватнасці Эстоніі і Польшчы. Аднак пакуль Беларусь знаходзіцца ў летаргічным сне.

Каментаваць