Для сацыялізацыі школьнікаў — альтэрнатыўны падручнік па грамадазнаўству

Для сацыялізацыі выпускнікоў школ неабходна стварыць альтэрнатыўны падручнік па грамадазнаўству. З такой прапановай на круглым стале “Хто створыць каштоўнасную прастору ў беларускай адукацыі?



Уласны і міжнародны досвед” выступіў вядомы грамадскі дзеяч, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, кандыдат філалагічных навук Пётра Садоўскі.

"Паводле ягоных слоў, знаёмства з дзеючым айчынным падручнікам па грамадазнаўству выклікае адмоўныя пачуцці". пры параўнанні яго з адпаведным нямецкім трохтомным падручнікам для вучняў 5–12 класаў. Калі гэты вельмі прагматычны і каштоўны курс разам з настаўнікам цягам васьмі гадоў пройдзе вучань нямецкай школы, ён цалкам сацыялізаваны, бо ведае ўсё пра Германію, Еўразвяз і суседнія краіны з іх палітычнымі партыямі, пра беднасць, беспрацоўе, грамадзянскія шлюбы, войны ў Афрыцы і ісламізацыю, пра ўсё, з чым сутыкаецца чалавек у жыцці. Так, калі вучань вывучае праблему беспрацоўя, ён ведае, што прапануе фірма “Volkswagen”, урад ФРГ і прафсаюз. Пётра Садоўскі выказаў пажаданне напісаць падобны курс па айчыннаму грамадазнаўству па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі.

Пётра Садоўскі

У пасяджэнні, арганізаваным Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі і цэнтрам “Супольнасць” з удзелам педагогаў з розных рэгіёнаў краіны, разглядаліся каштоўнасныя асновы адукацыі, а таксама праблемы адукацыі, як поля для пабудовы грамадзянскай супольнасці. 

Валянціна Быстрык

Валянціна Быстрык (Навагрудак, Гродзенская вобласць) распавяла пра вопыт дзейнасці літаратурнага клубу “Беларускае кола”. Паводле яе словаў, у звычайнай сённяшняй школе дзеці цягам часу становяцца цынічнымі, бо іх там не паважаюць, ніхто не зацікаўлены іх ростам, ва ўстанове адукацыі няма шчырых стасункаў. У адказ на гэтыя выклікі і з’явіўся клуб “Беларускае кола”, які дзейнічае 13 гадоў. Галоўная мэта  дзейнасці гэтай дыскусійнай і культурна-асветніцкай ініцыятывы — абудзіць у дзяцей нацыянальную свядомасць, выхаваць каштоўнасць здаровага сэнсу, а таксама здольнасць адчуваць сябе пазітыўным у гэтым няпростым свеце. Паколькі дзейнасць клубу ўціскалася, са школы ён перайшоў у мясцовы музей, а затым сышоў на бацькоўскія хаты. У справах клубу, які стаў своеасаблівай альтэрнатыўнай хатняй школай, прымаюць удзел дзеці і дарослыя. Дзейнасць клубу, дзе абмяркоўваюцца набалелыя і важныя пытанні, будуецца на дэмакратычных прынцыпах: ніхто нікога не ацэньвае і ўсе меркаванні правільныя, адносіны паміж усімі ветлівыя і шчырыя. Клуб праводзіць сустрэчы з выбітнымі людзьмі Беларусі, наведвае самыя цікавыя для ўзгадавання нацыянальных каштоўнасцяў мясціны і музеі краіны, адзначае народныя святы, прычым усё гэта робіцца па-беларуску. Апроч клубу дзейнічае бясплатная школка з гуманітарным цыклам для дзяцей 9–11 класаў. На думку Валянціны Быстрык, нягледзячы на глабалізацыю, адукацыя, як карпатлівая ручная праца, павінна быць накіраваная непасрэдна на чалавека.    

Пётр Клюеў

Паводле словаў Пётры Клюева (Мінск), паколькі настаўнік рэальна вызначае лёс сваіх вучняў, ён павінен натхняць дзяцей, як святар. Калі зыходзіць з таго, што пакліканне, як праект жыцця, унутраны голас і дар, ляжыць у аснове працы настаўніка, ён імкнецца як мага лепей навучыць сваіх вучняў, лічыць Петар Клюеў. На яго думку, калі малады чалавек вырашыў пайсці ў педагогіку, ён гатовы жыць нялёгкай і адказнай працай настаўніка, інакш лепей заняцца нечым іншым.    

Як адзначыў вядучы пасяджэння, вядомы грамадскі дзеяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка, змены да лепшага магчымыя толькі пры наяўнасці грамадскага запыту на іх. Таму, на ягоную думку, у новай сітуацыі патрэбна ўзнавіць шырокую грамадскую дыскусію пра рэальныя праблемы адукацыі, заканадаўчыя рамкі для яе ды місію адукатара. У гэтай дыскусіі павінны быць абмеркаваныя каштоўнасная роля адукацыі ды месца педагога ў грамадстве, уплыў грамадства на фармальную адукацыю ды яе інстытуты, а таксама практычныя задачы грамадзянскай супольнасці ў разбудове нефармальнай адукацыі, лічыць Вінцук Вячорка.

Трэба мець на ўвазе, што першы круглы стол па праблемах айчыннай адукацыі адбыўся 16 снежня мінулага году. Па выніках абодвух круглых сталоў будуць распрацаваны рэкамендацыі беларускаму грамадскаму сектару і адукацыйным ініцыятывам “Вяртанне адукацыі ў поле агульнаграмадскага інтарэсу і дыскусіі”.

Фота аўтара

Каментаваць