Для Беларусі непрымальныя ўмовы, на якіх ЕС распрацоўвае для яе праграмы, заявіў пастаянны прадстаўнік пры Еўрасаюзе

Беларусь будзе працаваць толькі ў межах тых сумесных праграм з Еўрасаюзам, якія распрацоўваюцца і ўзгадняюцца з беларускім бокам. Пра гэта заявіў 9 ліпеня журналістам у Мінску пасол Беларусі ў Бельгіі, пастаянны прадстаўнік пры Еўрасаюзе Андрэй Еўдачэнка.



Беларусь будзе працаваць толькі ў межах тых сумесных праграм з Еўрасаюзам, якія распрацоўваюцца і ўзгадняюцца з беларускім бокам. Пра гэта заявіў 9 ліпеня журналістам у Мінску пасол Беларусі ў Бельгіі, пастаянны прадстаўнік пры Еўрасаюзе Андрэй Еўдачэнка.

На просьбу БелаПАН пракаментаваць магчымы ўдзел афіцыйнага Мінска ў рэалізацыі праекта "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі", Еўдачэнка сказаў: "Гэты дыялог — чыста праграма Еўрасаюза, як і ўсе астатнія праграмы і праекты, якія ён распрацоўвае апошнім часам у дачыненні да краін Усходняга партнёрства. Еўрасаюз адышоў ад узгаднення з намі якіх-небудзь параметраў дакументаў, што рыхтуюцца ў дачыненні да гэтай групы краін".

Еўдачэнка адзначыў, што ў лютым гэтага года, калі ўпершыню было заяўлена аб праекце "Дыялог аб мадэрнізацыі" падчас візіту ў Мінск дырэктара дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці Гунара Віганда, гаворка ішла пра тое, што ЕС распрацуе праграму рэалізацыі гэтага праекта ў цесным супрацоўніцтве з Беларуссю. "Я павінен быў быць падключаны да яе распрацоўкі. Гэта была першая ўмова. Другая ўмова — праграма будзе нацэлена на органы дзяржкіравання, але ў той жа час на ўсё беларускае грамадства". Еўдачэнка падкрэсліў, што з дзвюх умоў Еўрасаюз не выканаў ніводнай.

"Беларускі бок не быў запрошаны да распрацоўкі праектаў, а дзяржаўныя органы ўключаны ў праграму па рэшткавым прынцыпе, — сказаў пасол. — Мы ўжо не раз заяўлялі, што мы на такое супрацоўніцтва не пойдзем. Беларусь будзе працаваць толькі ў межах тых сумесных праграм, якія распрацоўваюцца і ўзгадняюцца сумесна".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
 

Каментаваць