Добраўпарадкаванне ці камерцыйныя інтарэсы?

Сталічны парк з «баявой» назвай Севастопальскі ўжо пятнаццаць гадоў ёсць прадметам канфлікту гарадскіх уладаў і жыхароў прылеглых дамоў. Цяпер спрэчкі скіраваліся ў воднае рэчышча — мінчукі перажываюць, што чыноўнікі ціха хочуць закрыць свідравіны з артэзіянскай вадой, каб мець законныя падставы для забудовы немалой тэрыторыі ў цэнтры Мінска.



Сталічны парк з «баявой» назвай Севастопальскі ўжо пятнаццаць гадоў ёсць прадметам канфлікту гарадскіх уладаў і жыхароў прылеглых дамоў. Цяпер спрэчкі скіраваліся ў воднае рэчышча — мінчукі перажываюць, што чыноўнікі ціха хочуць закрыць свідравіны з артэзіянскай вадой, каб мець законныя падставы для забудовы немалой тэрыторыі ў цэнтры Мінска.

Для пачатку трэба нагадаць гісторыю доўгага змагання мінчукоў за захаванне зялёнай зоны ў цэнтры сталіцы. Парк быў закладзены ў 1954 годзе. Афіцыйны яго статус — «ландшафтна-рэкрэацыйная зона». Тут размяшчаюцца восем свідравін водазабору «Зеляноўка». Некаторыя з іх, паводле афіцыйнай інфармацыі, ужо не працуюць. Аднак жыхарам прылеглых кварталаў чыноўнікі часам пішуць лісты, у якіх сцвярджаецца адваротнае. Наяўнасць артэзіянскага водазабору на тэрыторыі парка акурат і забараняе там любыя будаўнічыя, прамысловы працы.

У 1996 годзе ў Севастопальскім парку планавалі пабудаваць рэлігійны цэнтр «Гефсіманія». Аднак мясцовыя жыхары ўзбунтаваліся з прычыны парушэння прыродаахоўнага заканадаўства. Потым у 2003-м прадухілілі спробу будаўніцтва элітных дамоў з падземнымі гаражамі. У 2007 праз парк хацелі правесці трэцяе аўтамабільнае кальцо сталіцы. Жыхары зноў дамагліся свайго — праект хуткаснай аўтамагістралі быў «замарожаны» да 2020 года. У 2008-м улады горада хацелі распачаць рэканструкцыю парка, якая прадугледжвала будаўніцтва тэнісных кортаў, кафэ і рэстаранаў. Ізноў успыхнула хваля пратэстаў. Галоўны архітэктар праекта Севастопальскага парку Андрэй Каравянскі запэўніваў: «Свідравіны застаюцца! Мы не чапаем іх і ніяк не ўплываем на іх працу».

Валянціна Шалейнікава жыве ў доме побач з паркам. Яна ўжо шмат гадоў займаецца перапіскай з дзяржаўнымі інстанцыямі, ходзіць на прыёмы да чыноўнікаў, каб дамагчыся захавання паркавай зоны і свідравін артэзіянскай вады. Аднак, калі меркаваць па дзяржаўных лістах-адказах, частку свідравін усё ж ужо прыкрылі. «Якасць вады стала горшай. Але нам даюць адказы, што вада адпавядае санітарным нормам. У нас восем свідравін у парку, гэта адзінае месца ў Мінску, дзе на такой невялікай тэрыторыі знаходзіцца столькі свідравін. Самая чыстая вада была, — дзеліцца сваімі назіраннямі Шалейнікава. — А справа ў тым, што некаму прыглянуўся ласы кавалак зямлі ў горадзе плошчай 74 гектары. І спробы гэтыя цягнуцца ад 1995 года».

Жыхары раёна сваімі сіламі сабралі больш за паўтары тысячы подпісаў за тое, каб Севастопальскі парк пакінулі ў некранутым выглядзе. У 2008-м далучыліся актывісты руху «За свабоду» і сабралі яшчэ паўтары тысячы. З гэтымі подпісамі жыхары Першамайскага раёна Мінска, дзе месціцца парк, дайшлі ажно да Адміністрацыі прэзідэнта. Цяпер перапіску з чыноўнікамі дапамагае весці кіраўнік ініцыятывы «Еўрапейская перспектыва» Віктар Янчурэвіч. Ён мяркуе, што ўсе звадкі вакол Севастопальскага парку абумоўленыя чыімсьці камерцыйным інтарэсам. «Нехта з чыноўнікаў у пэўны момант скажа: «Ведаеце, мы выявілі, што свідравіны не працуюць пэўны час. Мы накажам тых, хто давёў іх да такога стану. Але аднавіць іх немэтазгодна. Бо ўжо пабудаваны водазабор Вязынка, Волма. А ў Першамайскім раёне сталіцы чарга на жытло вялікая, ужо цяпер у чарзе стаяць трынаццаць-чатырнаццаць тысяч сямей, таму давайце мы лепш парк забудуем», — разважае Янчурэвіч. Ён мяркуе, што акурат з такімі праблемнымі пытаннямі і трэба працаваць суб’ектам палітычнага поля — працы шмат, і гэта дае магчымасці для рэальных спраў.

Валянціна Шалейнікава ў абарону свідравін з артэзіянскай вадой прыводзіць экалагічныя і эканамічныя аргументы. Так, дырэктар УП «Мінскводаканал» Іосіф Герасімёнак заяўляў, што праект пераводу сталічных спажыўцоў на водазабеспячэнне з падземных крыніц, паводле дзяржпраграмы «Чыстая вада» на 2011–2015 гады і адпаведнай гарадской праграмы, ацэньваецца ў 680 мільярдаў рублёў у бягучых цэнах. Каб забяспечыць увесь горад артэзіянскай вадой, неабходна перабудаваць сістэму водазабеспячэння. Цяпер мінчане атрымліваюць ваду з дзвюх крыніц — падземнай і паверхневай. У апошнім выпадку вада пасля спецыяльнай апрацоўкі паступае жыхарам Маскоўскага, Фрунзенскага і частцы Кастрычніцкага раёнаў. Пры гэтым, па словах Герасіменкі, кошт вады для насельніцтва, якое атрымлівае ваду з паверхневых крыніц, павялічыцца на 50 працэнтаў.

Цяпер Севастопальскі парк знаходзіцца ў даволі дзікім, запушчаным стане. Ён не расчышчаны, сустракаюцца сляды адпачынку на прыродзе — бутэлькі з-пад гарэлкі, пластыкавы посуд. Атрымліваецца, што будаўніцтва ў парку гарадскія ўлады не вядуць, але і за чысцінёй, ахайнасцю зялёнай зоны не сочаць.

У Севастопальскім парку расце больш за 28 тысяч дрэў. Некалькі гадоў таму была праведзена чыстка, высеклі частку дрэваў. Жыхары таксама гэта ўспрынялі «ў штыкі». Маўляў, гэта былі здаровыя дрэвы, і высякаць іх не было патрэбы. Афіцыйная пазіцыя такая: рэкамендаваная шчыльнасць паркавых пасадак не павінна перавышаць 170 дрэў на 1 гектар. У Севастопальскім парку, наадварот, надзвычай густыя лесапасадкі, і для нармальнага росту дрэў парк трэба прарэджваць.

Валянціна Шалейнікава з прыкрасцю гаворыць, што «заканадаўства ў нас зусім не працуе», таму з такімі цяжкасцямі і даводзіцца адваёўваць Севастопальскі парк. Цяпер прадстаўніца грамадскага актыву распачынае новы этап перапіскі з дзяржчыноўнікамі і вельмі спадзяецца, што зможа адстаяць і свідравіны з артэзіянскай вадой, і Севастопальскі парк.

Каментаваць