Допыты кожную ноч

Затрыманых на акцыі 19 снежня людзей КДБ дапытваў падчас адбыцця імі арыштаў. Дапытвалі пераважна ноччу.

Ад сведкі да падазронага — такі вынік допытаў на Акрэсціна моладзевага актывіста Сяргея Клюева, які адбываў 15 сутак. Яго дапытвалі чатыры разы — міліцыянты, камітэтчыкі, а адзін раз — практыканты. Гэта былі студэнты, але адкуль, яны не сказалі. Міліцыя і КДБ вялі допыты па чарзе, у розныя дні. Акрамя падзей 19 снежня, у актывіста цікавіліся яго дзейнасцю.

«Я сказаў, што з’яўляюся сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. І тады адразу ж пераключыліся на пытанне, ці атрымоўваў я нейкую фінансавую дапамогу ад каго-небудзь. Альбо ці ведаю людзей, якія яе атрымоўвалі, каб я назваў іх прозвішчы і імёны», — распавёў Сяргей Клюеў. Апошні допыт КДБ у яго адбыўся 31 снежня каля адзінаццаці гадзін вечара.

3 студзеня следчы Партызанскага РУУС абвясціў Сяргею Клюеву, што ён прызнаны падазраваным па справе аб «масавых беспарадках». «І хацелі яшчэ раз правесці допыт, але я адмовіўся», — сказаў актывіст. У гэты дзень скончыўся тэрмін яго арышту, і яго вызвалілі разам з астатнімі 15-сутачнікамі.

Паводле словаў Сяргея Клюева, ён не ўдзельнічаў у акцыі 19 снежня. У гэты дзень каля 11 вечара ў яго была прызначана сустрэча каля гасцініцы «Мінск», што побач з плошчай Незалежнасці. Калі спецназаўцы распачалі «зачыстку», хлопца затрымалі разам з астатнімі. «На відэа мяне нідзе няма», — зазначыў ён.

Сяргей Клюеў лічыць, што трапіў пад «крымінал» за ранейшы ўдзел у акцыях апазіцыі. Як паведаміў актывіст, за гэта ён адсядзеў за кратамі больш за 60 сутак арыштаў.

Паводле расповеду тых, хто адбываў суткі ў мінскім ізалятары на Акрэсціна, начныя допыты вяліся з 12 гадзін ночы да 6 раніцы. «Камітэтчыкі» ўжывалі псіхалагічны ціск і схілялі затрыманых да «супрацоўніцтва». У прыватнасці, аднаму з іх сказалі, быццам на плошчы знайшлі бычок ад цыгарэты. І на ім знаходзяцца адбіткі пальцаў і сліна гэтага чалавека (хаця аналіз сліны не бралі). І калі што, гэты бычок выпадкова апынецца на першым паверсе Дома ўраду — быццам бы чалавек яго штурмаваў. Ціснулі на затрыманых і наконт родных.

Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна» (на 7 сту­дзеня), па справе аб «масавых беспарадках» 25 чалавек праходзяць у якасці абвінавачаных, 12 — падазраваных. Нагадаем, што крымінальная справа распачата ў сувязі з правядзеннем паслявыбачай акцыі пратэсту 19 снежня.

Каментаваць