Доўгая дарога дадому

Шмат таленавітых беларусаў жывуць па-за межамі краіны, але не забываюцца на сваю радзіму. Нядаўна да нас з Хабараўска завітала Ірына Арсеньеўна Оркіна.



Ірына Оркіна ў сваёй майстэрні


Ірына добра вядомая ў Расіі як паэтка, кераміст, педагог, грамадская дзяячка, сябар Саюза мастакоў Расіі, сябар Міжнароднай асацыяцыі выяўленчых мастацтваў ЮНЕСКА.

А нарадзілася Оркіна ў Мазыры. Калі ёй споўнілася 5 гадоў, бацькі пераехалі на сталае жыццё ў вёску Залатуха, што ва Уладзімірскай вобласці (Расія), дзе Ірына скончыла школу, а пасля — Абрамцаўскую мастацкую вучэльню імя Васняцова. Па заканчэнні вучобы яе накіравалі на працу ў Хабараўск, дзе Ірына скончыла Хабараўскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці «графіка». У Хабараўску адбылося яе станаўленне як мастака-графіка, кераміста, паэта, педагога.

Не толькі на Далёкім Усходзе, але і ў Расіі Ірына Оркіна лічыцца адным з вядучых прадстаўнікоў постмадэрнісцкага мастацтва ў графіцы і скульптуры, а менавіта ў кераміцы. Пра яе гавораць, што гэта мастак, які здольны заўсёды здзіўляць фантануючымі ідэямі, і пры ўсім тым вельмі працалюбівы. Выставы яе твораў праходзілі двойчы ў Японіі, Францыі, ЗША, некалькі разоў у Германіі, на радзіме — у Мазыры, а ў Маскве яна часта выстаўляе свае графічныя і керамічныя мастацкія творы.

Творчая натура Ірыны Оркінай праяўляецца шырока, яна вядомая і як аўтар незвычайных вершаў, за якімі адкрываецца цэлая філасофія. Шмат яе керамічных, графічных работ суправаджаюцца вершамі, якія адлюстроўваюць сутнасць экспаната або малюнка. На гэтай аснове і пабудаваная яе кніга «Стихографика», а першая яе кніга «Свой круг» выйшла з друку ў 2000 годзе.

Вядомая Ірына Оркіна ў Расіі і як таленавіты педагог. Гэтай зімой яе запрасілі ў Якуцк, дзе яна вучыла дзяцей мастацтву керамікі, а ў Невельску (востраў Сахалін) праводзіла майстар-клас па абпалу керамічных вырабаў. Па ініцыятыве нашай госці ў Хабараўску нават нарадзілася свята — тут  штогод пачалі адзначаць Дзень ганчара.

Гэтым разам па дарозе ў Германію, дзе жывуць яе сын і дачка, Ірына Оркіна наведала ў Мазыры свайго 90-гадовага бацьку, Арсенія Пархоменку і сястру Таццяну, ды на тры дні заехала ў Дзяржынск, каб крыху азнаёміцца з Міншчынай.

У Дзяржынску цікавым гасцям заўсёды аказваюць цёплы прыём. Дзякуючы намаганням дырэктара Дзяржынскай Цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціны Клімовіч ва ўтульнай чытальнай зале бібліятэкі адбылася цікавая сустрэча нашай зямлячкі з паэтамі, мастакамі, настаўнікамі, і наогул з неабыякавымі да творчасці асобамі, якіх набралася поўная зала.

Пачатак свайго выступлення Ірына Арсеньеўна прысвяціла сваім бацькам. Маці яе, Юлія Васільеўна, нарадзілася ў Нараўлянскім раёне, у выселенай зараз вёсцы Цешкаў. У часы Вялікай Айчыннай вайны яна змагалася супраць ворага ў партызанскім атрадзе, а ў пасляваенны час выкладала ў школе Мазыра рускую мову і літаратуру. Бацька, Арсеній Пархоменка, быў угнаны ў нямецкую няволю, а пасля вызвалення зазнаў сталінскія канцлагеры. Пасля вайны ён працаваў рабочым на шэрагу прадпрыемстваў Мазыра.

З вялікім гумарам расказала яна пра свайго дзеда Васіля, які вылучаўся вялікай працаздольнасцю: меў некалькі кароў, поўны двор свіней, курэй, гусей. Жонка яго не магла ўпраўляцца з такой вялікай гаспадаркай, і дзед на дапамогу ёй прывёў з хутара другую жонку. Так яны і жылі: у адной палове вялікай хаты адна жонка, а ў другой палове — другая. А дзед займаў сярэдні між імі пакой. А калі жонкі пачыналі між сабой сварыцца, ён на месяц-другі кідаў іх і сыходзіў упрочкі. Быў ён магутны, як волат, і меў несварлівы, талерантны беларускі характар.

Ірына Оркіна ў чытальнай зале

Спадарыня Ірына чытала гасцям шмат сваіх вершаў, пазнаёміла іх і са сваёй кнігай «Скульптура свободных ассоциаций», што нядаўна пабачыла свет. Кніга аздоблена мноствам каляровых фотаздымкаў яе керамікі, вершамі.

Жывучы ў Расіі, Оркіна не можа размаўляць па-беларуску, але запэўніла прысутных, што да наступнай сустрэчы засвоіць матчыну мову.

А яшчэ Ірына наведала на Дзяржыншчыне старажытны цудоўны Станькаўскі парк, які ў 60-х гадах ХІХ стагоддзя заклаў граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі. Наведала яна і адроджаную Свята-Мікалаеўскую царкву, якую па загаду камуністычнай улады ў 1961 годзе ператварылі ў руіны. Яе гідам па цікавым станькаўскім мясцінам быў жыхар Станькава, архітэктар, краязнаўца, мастак, аўтар праекта рэстаўрацыі царквы Алег Масліеў.

Ірына Оркіна ў Станькаўскім парку, побач — яе гід, архітэктар, мастак, краязнаўца Алег Масліеў

Ну а я расказаў Ірыне Оркінай пра шмат гістарычных падзей на Беларусі: пра ВКЛ, пра Беларускую Народную Рэспубліку, пра Канстанціна Астрожскага, Кастуся Каліноўскага, пра Ігната Дамейку, пра выдатных нашых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Для Ірыны, якая пражыла амаль усё жыццё ў Расіі, гэтыя факты і імёны былі амаль не вядомыя. Але я спадзяюся, што змог абудзіць у ёй цікавасць да нашай агульнай Радзімы — Беларусі.

Ірына Оркіна запэўніла, што яна, акрамя Мазыра, будзе наведваць і іншыя куточкі Беларусі, і трэба спадзявацца, такія сустрэчы, якая адбылася ў Дзяржынскай бібліятэцы, будуць ладзіцца і надалей. Хочацца верыць, што з цягам часу скончыцца доўгая дарога Ірыны дадому. Бо, як кажа мудрая беларуская прыказка, дарагі той куток, дзе абрэзалі пупок.

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2015-11-20 18:11:49
Няхай да нас прыязджае як мага больш гасцей з Расіі, дзе ў свой час вучыўся, служыў у войску і пісаў свае творы слынны сын Беларусі Уладзімір Караткевіч! Не было б яго "Ладдзі
роспачы" - не было б і літаратурна-шахматнага конкурсу, пра які можна пачытаць тут: http://brestchess.ucoz.ru/index/novosti/0-18 (запіс ад 19.11)!

Каментаваць