Другое прышэсце

Беларусь вяртаецца да меліярацыі балот. Прынамсі на бліжэйшыя пяць гадоў гэты праект кіраўніцтвам дзяржавы акрэслены як прыярытэтны.

Харчовая незалежнасць?



Беларусь вяртаецца да меліярацыі балот. Прынамсі на бліжэйшыя пяць гадоў гэты праект кіраўніцтвам дзяржавы акрэслены як прыярытэтны.

Харчовая незалежнасць?


«Я не бачу больш важнай праграмы, чым гэтая («меліярацыя» — рэд.) — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Пінск на пачатку красавіка. — У наступнай пяцігодцы мы павінны ў асноўным завяршыць усе мерапрыемствы па праграме меліярацыі... Тут вы можаце даваць добрае збожжа. Мы павінны прывесці гэтыя землі ў ідэальны стан і атрымліваць ураджай не горш, чым у Краснадарскім краі». Ідэю вяртання праграм па меліярацыі падтрымліваюць у РУП «Інстытут меліярацыі» і мяркуюць, што «страта меліяраваных земляў для сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі можа азначаць не толькі паніжэнне валавога збору сельскагаспадарчай прадукцыі, пагаршэнне стану транспартных камунікацый, умоў працы і пражывання людзей, але ў выніку і пагрозу харчовай незалежнасці дзяржавы і ўзрастанне сацыяльнай напружанасці».

Апроч сельскай гаспадаркі на беларускія балоты маюць свае віды і энергетыкі. У межах выканання праграмы па забеспячэнню не менш за 25 працэнтаў аб’ёму вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энергіі штогод нарошчваюцца аб’ёмы здабычы торфу.

У 2008 годзе Савет міністраў зацвердзіў адмысловую праграму «Торф». Паводле яе, да 2020 года здабычу торфу ў Беларусі плануецца павялічыць у два разы — да 4,3–4,4 мільёна тон, адвесці пад распрацоўку 1 100 гектараў балот і пабудаваць 770 гектараў палёў для здабычы торфу. Здабыты торф будзе выкарыстоўвацца не толькі як паліва, але і ў сельскай гаспадарцы краіны для вытворчасці ўгнаенняў. Па ацэнках навукоўцаў НАН Беларусі, наша краіна валодае запасамі торфу ў аб’ёме каля 4 мільярдаў тон, а геалагічныя запасы торфу, змешчанага ў радовішчах адмыслова ахоўваемых прыродных тэрыторый і земляў, не занятых сельскагаспадарчай вытворчасцю, складаюць 1,2 мільярда тон.

Сады ці пустэльні?

У прыхільнікаў ідэі асушыць беларускія балоты ёсць свае апаненты. Так, вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Казулін трымаецца думкі, што меліярацыя стварае пагрозу для ўстойлівага існавання балотных абшараў і не мае пад сабой эканамічнага абгрунтавання. А асушэнне цягам бліжэйшых гадоў да 50 тысяч гектараў балот прывядзе да зваротнага эфекту «пустэльні».

У Беларусі цяпер рэалізуюцца праекты па рэнатуралізацыі і паўторнаму забалочванню тэрыторый. Напрыканцы мінулага года былі завершаныя працы на выпрацаваных тарфяных радовішчах «Асінаўскае–1, 2» у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Гэтыя тэрыторыі — частка былога верхавога балота. Яны з’яўляюцца адзінаццатай і дванаццатай тэрыторыямі, паўторна забалочанымі ў рамках праекту ПРААН/ГЭФ ад 2007 года. Пасля паўторнага забалочвання паступова аднаўляецца ландшафт, унутраныя працэсы балота, з’яўляецца тыповая расліннасць.

Смерч з попелу, дыму і пылу на адным
з участкаў падпаленых тарфянікаў у
Барысаўскім раёне


Да слова, на Асінаўскіх радовішчах селіцца група рэдкіх відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, — вялікі бугай, вялікі падорлік, скопы, шэры журавель, чорны бусел ды іншыя. Аднак мерапрыемствы па паўторнаму забалочванню дастаткова працаёмкія і стратныя. Каб падвысіць і стабілізаваць узровень вады на названых радовішчах, было пабудавана некалькі дзесяткаў водарэгулюючых будынкаў, створаная адмысловая сістэма.

Аднаўленчыя працы завяршаюцца і на адным з буйнейшых у Еўропе верхавых балот — Ельня плошчай звыш 200 квадратных кіламетраў. Праект «Аднаўленне гідралагічнага рэжыму цэнтральнай часткі балота Ельня» таксама фінансуецца Праграмай малых грантаў ГЭФ у Рэспубліцы Беларусь і рэалізуецца арганізацыяй «Ахова птушак бацькаўшчыны» ў супрацоўніцтве з адміністрацыяй заказніка «Ельня».

Актыўная меліярацыя, пракладка шматлікіх каналаў і змены рэчышчаў рэк прывялі да істотнага паніжэння ўзроўню грунтавых водаў, што стала адной з асноўных прычын і буйных пажараў на балоце. У выніку апошняга пажару ў 2002 годзе выгарала больш за 70 працэнтаў балота. Пажары і нізкі ўзровень грунтавых водаў прывялі да дэградацыі экасістэм, эканамічная шкода ад страты толькі знішчаных пажарам журавіннікаў складае звыш 100 мільёнаў рублёў у год.

Праект Праграмы развіцця ААН і ГЭФ па аднаўленні парушаных тарфянікаў рэалізуецца ў Беларусі са жніўня 2006 года па жнівень 2010-га. За гэты час будуць адноўленыя 17 парушаных балот ва ўсіх абласцях Беларусі. На выкананне прац вылучаецца 1 мільён 50 тысяч долараў.

Балота на мільён

Эколагі, якія займаюцца пытаннямі забалочвання тэрыторый, сцвярджаюць, што балоты здольныя прыносіць эканамічную карысць у сваім натуральным стане. Напрыклад, разлік эканамічных выгодаў буйнага нізіннага балота Званец, размешчанага на тэрыторыі Драгічынскага і Кобрынскага раёнаў Брэсцкай вобласці, паказаў, што экалагічныя паслугі заказніка штогод складаюць больш за 1 мільён долараў ЗША. У разлік бярэцца жывёльны і раслінны свет балота, ачышчэнне паветра і вады экасістэмай.

Асушаныя балоты становяцца крыніцамі выкідаў парніковых газаў. А жывыя балоты наадварот з’яўляюцца своеасаблівым фільтрам. Адмерлая біямаса не раскладаецца цалкам, і прыкладна адна дзесятая яе частка адкладаецца ў выглядзе торфу. Частка вугляроду, якую расліны атрымалі ў выглядзе вуглякіслага газу, застаецца ў балоце назаўжды. Так выглядае працэс «канфіскацыі» вуглякіслага газу з атмасферы. У асушаных балотах торф не назапашваецца, і назіраецца працэс інтэнсіўнага вылучэння вуглякіслага газу ў навакольнае асяроддзе.

Работнікі МНС тушаць агонь на тарфяніках у Слуцкім раёне


Парніковыя газы і глабальныя змены клімату — тэмы сусветных экалагічных самітаў і мясцовых «круглых сталоў». Беларусь узяла на сябе абавязальніцтвы па змяншэнню выкідаў парніковых газаў да 2020 года не больш за 15 працэнтаў ад узроўню 1990 года. У Міністэрстве прыроды і аховы навакольнага асяроддзя падлічылі, што, каб прадухіліць глабальныя змены клімату да 2020 года, выкіды парніковых газаў у Беларусі павінны быць скарочаныя на 15–30 працэнтаў.

Эксперты грамадскага аб’яднання «Зялёная сетка» лічаць, што Беларусь можа скараціць выкіды парніковых газаў на 30–35 працэнтаў да 2020 года і на 40 працэнтаў да 2050 года. Аднак у Мінпрыродзе трымаюцца думкі, што доля выкідаў Беларусі ў сусветным маштабе малая, таму краіна найперш кіруецца не экалагічнымі фактарамі, а планамі ўласнага развіцця. Значыць, будуць уведзеныя новыя крыніцы энергіі, прамысловыя прадпрыемствы, асушаюцца балоты. Атрымліваецца, што з аднаго боку Беларусь бярэ абавязальніцтвы зменшыць выкіды парніковых газаў, а з іншага — іх павялічвае.

Шэраг экалагічных арганізацый з такім падыходам не згодныя. Напрыклад, экалагічнае таварыства «Зялёная сетка» прапануе для больш адэкватнай ацэнкі выкідаў парніковых газаў і правядзення адпаведных праектаў па зніжэнню выкідаў уключыць у патрабаванні для сектара землекарыстання, змены землекарыстання і лясной гаспадаркі (LULUCF) эмісіі і сцёкі ад дэградаваных балот, іх аднаўленне і абарону.

«Цяпер Кіёцкімі механізмамі фактычна ахопленыя толькі лясы і зямельныя ўгоддзі, прычым нават там падлік рэальнага скарачэння выкідаў вядзецца не зусім адпаведна. Мы выступаем за тое, каб і балоты ўлічваліся ў LULUCF, тады могуць з’явіцца магчымасці аднавіць прыроду рэспублікі і паступова зніжаць эмісію парніковых газаў», — зазначае эксперт экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Анастасія Галяк.

Прадстаўніца гэтай жа арганізацыі Наталля Парэчына лічыць — праблема ў тым, што міністэрствы паміж сабою не супрацоўнічаюць, калі ствараюцца праграмы, у выніку атрымліваем супярэчнасці.
----------------------------------------------------------------------------------------------------------

Даведка:

Самыя старажытныя балоты Беларусі — палескія. Іх узрост — каля 11 тысяч гадоў. У Віцебскай вобласці балоты маладзейшыя — ім па 5–6 тысяч гадоў. Але там і дрыгва глыбейшая — да 9 метраў. На палескіх балотах таўшчыня пласта торфу часцей за ўсё не перавышае паўтара метра. Засвойваць балоты нашы продкі пачалі яшчэ ў XVIII стагоддзі, ствараючы выганы для жывёлы. Аднак сапраўдны націск беларускія балоты перажылі ў 1960-я гады, калі на пленуме ЦК КПСС 1964 года было прынята рашэнне пра шырокамаштабную меліярацыю.  Але разам з тым у Беларусі з’явіліся пусткі і пясчаныя буры. Няправільнае выкарыстанне меліяраваных глебаў прывяло да іх спустошвання. Гаспадаркі з года ў год сеялі на тарфяніках бульбу, кукурузу, зерневыя і атрымлівалі добрыя ўраджаі. У выніку тарфяны пласт дэградаваў, і на месцы ўрадлівай зямлі з’явіліся пясчаныя прагаліны.

Каментаваць