Другі этап талакі ў Курапатах пачнецца 7 верасня

Пра гэта 13 жніўня пад час чарговай талакі ў Курапатах заявіла каардынатар грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька.



Ганна Шапуцька


Паводле яе слоў, у сувязі з летнімі адпачынкамі вырашана перанесці пачатак другога этапу талакі з 15 жніўня на 7 верасня. Другі этап талакі будзе праводзіцца на працягу тыдня штодня акрамя нядзелі, збор удзельнікаў каля Крыжа Пакуты а 12.00, сказала Шапуцька.
 
 
Яна звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі ёсць два сусветна вядомых месца злачынстваў таталітарных рэжымаў – Курапаты і Хатынь. 
 
 
«Яны знаходзяцца недалёка адзін ад аднаго – пад Мінскам і ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці, іх аддзяляе невялікі час – забойствы ў Курапатах адбываліся ў 1937-1941 гадах, а трагедыя Хатыні – 22 сакавіка 1943 году. Але дзяржава па-рознаму ставіцца да гэтых святых для кожнага беларуса месцаў. Калі ў Хатыні дзяржаваю ўзведзены велічны мемарыял, дык Курапаты ўвогуле знаходзяцца па-за ўвагаю дзяржавы»— сказала каардынатар ініцыятвы. На яе думку, менавіта характар адносінаў ўладаў да праблемы мемарыялізацыі Курапатаў сведчыць пра сапраўдную сутнасць беларускай дзяржавы.
 
 
 
Бульбаш-хол (злева) і Курапаты (справа)
 
 
Гэтую тэму ў інтэрвью карэспандэнту НЧ працягнуў старшыня Аб’яднанай грамалзянскай партыі Анатоль Лябедзька    удзельнік талакі. Паводле ягоных слоў, наведванне Курапатаў выклікае шматгранныя пачуцці. «Вось я праязджаў каля чарговай новай рэзідэнцыі галавы дзяржавы. Колькі там людзей завіхаецца, колькі туды рэсурсаў укладваецца. І дзеля чаго патрэбная дванаццатая рэзідэнцыя? А тут, у Курапатах, валанцёры без дапамогі прафесіяналаў і тэхнікі, але з вялікім чалавечым сэрцам робяць справу, якая з’яўляецца абавязкам любой дзяржавы. І я схіляю галаву перад тымі, хто стварае ў Курапатах сапраўдны народны мемарыял. Я ўпэўнены, што з цягам часу менавіта сюды будуць прыязджаць кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краінаў свету, каб ушанаваць памяць бязвінных ахвяраў сталінізму» сказаў Лябедзька.
 
 
На ягонае меркаванне, трэба адкрыта гаварыць пра тое, што Курапаты з’яўляюцца месцам велізарнага злачынства ў маштабе ўсёй краіны. «І патрэбна грамадскае пакаянне за вольны ці нявольны ўдзел грамадзянаў у гэтым і больш позніх злачынствах. Бо калі не можам знайсці ў сябе мужнасці пераасэнсаваць мінулае, дык сёння мы не будзем у згодзе з сваім сумленнем»— адзначыў Анатоль Лябедзька.
 
 
 
Удзельнікі талакі былыя вязні ГУЛАГу Сяргей Ханжанкоў і Уладзімір Раманоўскі
 
 
Паводле ягоных слоў, кожны грамадзянін Беларусі хоць раз павінен наведаць Курапаты, каб паглядзець, што тут робіцца. «Калі я сам прыйшоў у Курапаты, паўдзельнічаў у талацэ і пабачыў, што тут адбываецца, у мяне стала значна больш матывацыі вярнуцца сюды. Таму што любы чалавек з сэрцам і душою, які хоць раз наведаў Курапаты, абавязкова вернецца сюды, бо адчувае, што менавіта тут засталося нешта, не зробленае ім асабіста» падкрэсліў палітык.
 
 
Нагадаем, што шматдзённая талака ў Курапатах пройдзе ў тры этапы. Першы этап, прысвечаны 25-м угодкам публікацыі артыкула «Курапаты  дарога смерці» Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалева ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» ад 3 чэрвеня 1988 года, праводзіўся штодзень з 27 па 31 траўня і 1 чэрвеня.  
 
 
Другі этап талакі, прысвечаны гадавіне пераможнай Аршанскай бітвы 8 верасня 1514 года, пройдзе з 7 па 14 верасня, а трэці этап, прысвечаны Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі (29 кастрычніка),  з 21 па 28 кастрычніка. Між этапамі талака адбываецца раз на тыдзень па аўторках (пачатак а 17.00).

Каментаваць