Другія Мельхісадэкаўскія чытанні

21 красавіка 2013 года ў прыходзе імя Святой Ефрасінні Полацкай БАПЦ адбыўся нядзельны малебен у гонар айцоў-заснавальнікаў БАПЦ і другія Мельхісадэкаўскія чытанні, прысвечаныя памяці Мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мельхісадэка (Міхала Паеўскага).



Са змястоўнымі і цікавымі дакладамі выступілі вернікі прыходу БАПЦ і госьці, запрошаныя на чытанні: Мікола Бамбіза — “Жыцьцёвы шлях Мітрапаліта Мельхісадэка (М. Паеўскага)”; Гянадзь Драздоў — “Вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў жывапісе” (Г. Драздоў прэзентаваў свой мастацкі твор для БАПЦ — партрэт Мітрапаліта Мельхісадэка); Анатоль Валахановіч — “Леў Сямёнавіч Паеўскі — святар, гісторык, археолаг, краязнавец, царкоўны дзяяч — бацька Мітрапаліта Мельхісадэка” і  “Камянецкі Свята-Сямёнаўскі  праваслаўны храм”; скульптар Генік Лойка — “Вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў медальерным мастацтве”; Францішак Корзун — “Стан праваслаўнай царквы ў Беларусі-Ліцьве ў пачатку XX стагодзьдзя”; пратаярэй Леанід Акаловіч — “Служка Божы Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк” і  “Радавод Паеўскіх і сямейныя фотаздымкі”.

Старшыня парафіяльнай рады пратаярэй Леанід Акаловіч узнагародзіў медалямі прыхаджанаў суполкі — Гянадзя Драздова медалём “За Бога і Айчыну” і Міколу Бамбізу медалём “Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк”.  Намеснік  Старшыні Гянадзь Драздоў узнагародзіў айца Леаніда медалём “Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк”.

Алесь Спічак узнагароджаны медалём ”Айцы-асветнікі”. Вядомая даследчыца жыцьця і дзейнасці Мітрапаліта Мельхісадэка Тацьцяна Працько за яе папулярызатарскую  чыннасць і другое пашыранае выданне вялікай манаграфіі пра Мельхісадэка (2012 год) удастоена новага бронзавага медаля першай ступені “Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк”.

Слухачы даведаліся шмат новага, невядомага дагэтуль пра Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка, пра яго бацьку Льва Паеўскага і пра іншыя цікавыя факты з жыцьця Паеўскіх. Дакладчыкам быў зададзены шэраг пытанняў.

Другія Мельхісадэкаўскія чытанні ў Мінскай Ефрасінінскай суполцы закончыліся спяваннем царкоўнага гімну “Магутны Божа” і частаваннем.

Каментаваць