Дубовыя метады і этычны пафігізм

Лібералізацыя лібералізацыяй, а прапаганда па раскладу. Хіба што дзе-нідзе карэктуецца яе форма, але сутнасць ад гэтага не змяняецца.

Лібералізацыя лібералізацыяй, а прапаганда па раскладу. Хіба што дзе-нідзе карэктуецца яе форма, але сутнасць ад гэтага не змяняецца.

За апошні год улады крыху змянілі тактыку кантролю за вулічнымі акцыямі. Калі ў 2006 годзе арганізатарам і ўдзельнікам вулічных акцый апазіцыі патрапіць на цэнтральную Кастрычніцкую плошчу сталіцы фактычна было немагчыма — спробы прарвацца туды з пікетам ці мітынгам у большасці выпадкаў спыняліся яшчэ на падыходах, а сама плошча ачэплівалася спецназам і агароджвалася адмысловымі турнікетамі, то цяпер дазваляецца колькі хвілін пастаяць у пары сотні метраў ад Адміністрацыі прэзідэнта.

Пасля дэманстрацыі гэтай «надзвычайнай лаяльнасці» да іншадумцаў пікетоўшчыкаў без асаблівага шуму выцясняюць на прылеглыя вулачкі. І там пачынаецца самае цікавае. Варыянтаў зазвычай два: выцеснілі падалей ад цэнтру і разышліся, ці паціху адлавілі актывістаў, павалтузілі для прафілактыкі на асфальце ці ў машынах, пасля завезлі ў РУУСы, перапісалі дадзеныя і адпусцілі да наступнага разу. Выгляд лаяльнасці ёсць, толькі ўсё і ўсе пад кантролем. Але гэта з вулічнымі акцыямі, якія апошнім часам насамрэч нешматлюдныя і па-сутнасці рэальнай небяспекі для рэжыму не ўяўляюць.

Імідж адзіна правільнай ідэалогіі і «адмарожанай» апазіцыі стабільна падтрымліваецца і абнаўляецца не толькі ў выступах прэзідэнта, але і адмысловым прапагандысцкім прадуктам. Друкаваны орган Адміністрацыі прэзідэнта газета «СБ. Беларусь сегодня» перыядычна праходзіцца па актывістах, лідэрах апазіцыі, Першы нацыянальны тэлеканал дэманструе фільмы адпаведнай тэматыкі. Апошні з іх «Малады фронт. Kidnapping», зняты ў лепшых традыцыях прапаганды, горача абмяркоўваўся ў сеціве некалькі дзён запар. Не будзем спыняцца на змесце, што, як звычайна, напоўнены суцэльным негатывам і нават намёку не мае на альтэрнатыўную кропку гледжання, але засяродзімся крыху на вядомых нам момантах стварэння гэтай відэапрадукцыі, а таксама спосабах яе распаўсюду сярод мэтавай аўдыторыі.

У красавіку да бацькоў аднаго з герояў фільма — лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча — уварваліся людзі ў цывільным, міліцыянты і двое людзей з камерамі. Яны здымалі кватэру: пакоі, ванны пакой і нават прыбіральню. Пасля гэтыя кадры з непрыстойнымі каментарамі з’явіліся ў фільме «Малады фронт. Kidnapping».

Вось як пра гэты візіт распавядаў «Радыё Свабода» Вячаслаў Дашкевіч: «Шукалі бялізну мурзатую, што ў спальні ложак не запраўлены як трэба... Здымалі ўсё-ўсё-ўсё-ўсё... Гэта ўсё з-за таго, што сын у апазіцыі, каб яго як мага больш падставіць, больш зганіць». Да гэтага супрацоўнікі КДБ прывезлі ў Старыя Дарогі (у гэтым мястэчку жывуць бацькі Змітра Дашкевіча) гераіню будучага фільма, маці аднаго з маладафронтаўцаў Святлану Ласкавец. Размова вялася без сведкаў, але спадарыня Ласкавец прыйшла не з пустымі рукамі, а з радыёмікрафонам.

Паціху запісаныя размовы бацькі Змітра Дашкевіча і маці маладафронтаўца пасля змантавалі ў відэашэраг, і, натуральна, стваральнікі фільму ніякага дазволу на гэта ў Вячаслава Дашкевіча не пыталіся. Сярод брудненькіх метадаў прадукавання прапагандысцкай прадукцыі — запалохванні бацькоў некаторых сябраў МФ з патрабаваннем прачытаць перад камерай загадзя падрыхтаваны тэкст з адпаведным фармату БТ зместам.

Рэжысёр Юрый Хашчавацкі, абмяркоўваючы прапагандысцкую прадукцыю Белтэлерадыёкампаніі, неаднаразова звяртае ўвагу на этычны бок праблемы. «Мяне здзівілі і ўразілі дзве рэчы ў фільме «Малады фронт. Kidnapping». Першае — гэта здымкі, зробленыя незаконным чынам. У кожнага чалавека ёсць правы, і вельмі амаральна здымаць яго паміма волі, у любой цывілізаванай краіне суд стаў бы на бок героя такога фільму. Другое — абсалютная амаральнасць аўтараў прадукцыі, імкненне выстраіць канфлікт паміж дзецьмі і бацькамі. Я з жахам думаю пра тое, як складуцца адносіны гераіні з сынам, гэты раскол можа застацца на ўсё жыццё. Можна выбраць мужа ці жонку, але немагчыма выбраць маці ці сына. І задача журналістаў у падобным выпадку — не распальваць варожасць, а абысці, далікатна яе зняць. Я ўжо не кажу пра памылкі, блытаніну ў фактах». Рэжысёр лічыць, што новых прыхільнікаў падобнай прадукцыяй улада сабе не здабудзе. «Гэты фільм зроблены для тых самых брытагаловых спецназаўцаў, што займаюцца разгонам акцый. Гэта зроблена, каб пасеяць нянавісць, і людзі, якія жывуць нянавісцю, будуць яго ўспрымаць. Я б назваў гэты фільм спробаю падтрымаць міфы для пэўнага кола людзей. Афіцыйныя сацыёлагі расказалі мне, што рэйтынг Лукашэнкі ўпаў за апошні час ніжэй за 20 працэнтаў. Але прыхільнікаў такім чынам сабе не здабудзеш», — падкрэслівае Юрый Хашчавацкі.

Распаўсюд прапагандысцкай прадукцыі — таксама ў межах традыцыі ўладаў. Напрыклад, у адным са студэнцкіх інтэрнатаў Гомеля побач з вахтай на дзвярах вывесілі аб’яву наступнага зместу: «Сегодня, 13 мая, по БТ документальный фильм «Молодой фронт» в 21.55. Обязательно посмотреть!!!». Франак Вячорка, які цяпер служыць у войску ў Мазыры, паведаміў, што напярэдадні быў загад забяспечыць жаўнерам прагляд фільма «Малады фронт. Kidnapping». Дзеля гэтага нават змянілі распарадак і перанеслі час адбою. Усё для народа.

Прапаганда, зробленая дубова, ды яшчэ пад абавязковым прымусам азнаямлення, даўно выклікае ў актыўнай часткі грамадства недавер. Бо як BBC успрымаецца за эталон якасці ў журналістыцы, так БТ — за эталон хлусні і прадказальнасці. Давер да прэсы ў Беларусі за апошнія пятнаццаць год упаў ніжэй плінтуса, і дзяржаўныя журналісты-ідэолагі штодзень працуюць над тым, каб гэты эфект замацаваць.
 

Каментаваць