Духоўны арыенцір беларусаў — не Лінія Сталіна

Духоўным арыенцірам беларусаў павінна стаць не Лінія Сталіна, а Курапаты. Пра гэта 2 кастрычніка заявіў старшыня журы грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял», выбітны беларускі мастак і грамадскі дзеяч Алесь Мара (Аляксей Марачкін) падчас чарговай экскурсіі ва ўрочышча.




У экскурсіі прынялі ўдзел каля 20 чалавек, у тым ліку вядомыя творцы і грамадскія дзеячы — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, паэт Сяргей Законнікаў, мастакі Эдуард Агуновіч і Генадзь Драздоў, культуролаг Вацлаў Арэшка, педагог і кінарэжысёр, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі  Уладзімір Колас, а таксама журналісты Святлана Кліменценка і Генадзь Барбарыч.

Запрошаныя пазнаёміліся з новаадкрытымі фактамі з мінулага Курапатаў як месца масавых рэпрэсій, у тым ліку з яго ўдакладненай гістарычнай тапаграфіяй. Гэтыя звесткі дапамогуць удзельнікам конкурсу глыбей асэнсаваць гісторыю ўрочышча і натхніць на стварэнне новых мастацкіх вобразаў, што вельмі важна ў справе ўшанавання памяці ахвяр таталітарызму.


Апроч таго, пад час экскурсіі высветліліся новыя абставіны некаторых вядомых падзей з мінулага ўрочышча.

Так, 15 студзеня 1994 года Мінск наведаў 42 прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. За шэсць гадзін знаходжання ў Беларусі з афіцыйным візітам ён правёў перамовы з старшынёй беларускага парламенту Станіславам Шушкевічам і кіраўніком ураду Вячаславам Кебічам, падпісаў дамову аб узаемнай абароне інвестыцый, запэўніў пра неабходную дапамогу з амерыканскага боку пры ўмове дэмакратычнага рэфармавання краіны, ухваліў без’ядзерны статус маладой незалежнай дзяржавы, усклаў кветкі да мемарыялу ахвярам Другой сусветнай вайны на пляцы Перамогі, дзе Біла Клінтана цёпла віталі ветэраны і моладзь, сустрэўся з маладымі навукоўцамі ў прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама наведаў Курапаты.

Тут прэзідэнта ЗША чакалі беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі, які павіталі высокага госця кветкамі і спевамі, а таксама айчынныя навукоўцы — першаадкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк і яго калегі з акадэмічнага Інстытуту гісторыі Валянціна Вяргей, Валянцін Голубеў, Алег Іоў, Мікола Крывальцэвіч і Георгій Штыхаў. 

Алесь Мара ўзгадаў, што Біл Клінтан падараваў гаспадарам мемарыяльную лаўку з граніту “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” — “Лаву Клінтана”, якая і сёння ўпрыгожвае народны мемарыял.

 

Алесь Мара прамаўляе ля Лаўкі Клінтана

“Ва ўрочышча лаўку прывезлі раніцай, пасля таго, як самалёт з Клінтанам прызямліўся ў Мінску. Разам з палітыкам Вячаславам Сіўчыкам мы ўсю ноч чакалі гэты мемарыяльны знак і займаліся падрыхтоўкай месца для яго устаноўкі. З беларускіх мастакоў ў сустрэчы прымалі ўдзел толькі мы ўдвух з рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў Васілём Шаранговічам. На паштоўцы з выявай створанага мною абраза Маці Божай ахвяраў Чарнобылю прэзідэнт ЗША пакінуў свой аўтограф. Памятаю, што напярэдадні камуністы пусцілі пагалоску, што на Біла Клінтана можа быць здзейснены напад. Аднак кіраўнік яго аховы пад час сустрэчы ў Курапатах з усмешкай запэўніў нас, што яны нікому не дазволяць пакрыўдзіць свайго прэзідэнта”, — распавёў Алесь Мара.

Ён нагадаў, што ўшанаванне памяці бязвінных ахвяр НКУС у Курапатах пачалося на Дзяды 1989 году з усталявання ва ўрочышчы сяміметровага Крыжа Пакутаў з шыльдай “Ахвярам сталінізму”. “З другога боку, з ініцыятывы кіраўніцтва краіны на Лініі Сталіна ўшаноўваецца памяць пра гэтага ката беларускага народа. Біл Клінтан знайшоў час для таго, каб у Курапатах аддаць пашану памяці бязвінна расстраляных людзей — самых працавітых, таленавітых і адукаваных з нашых суродзічаў, а Аляксандр Лукашэнка, на жаль, пакуль так і не зрабіў гэта за 22 гады кіравання краінай”, — падкрэсліў Алесь Мара.

На яго думку, Беларусь не мае будучыні, калі духоўным арыенцірам грамадства застанецца Лінія Сталіна, якая ўслаўляе насілле і рабства. “Духоўным арыенцірам беларусаў павінны стаць Курапаты — месца ўшанавання нашай светлай памяці пра забітых продкаў — сумленных, прыстойных і годных суайчыннікаў, якія ўвасаблялі волю і незалежнасць асобы і грамадства”, — сказаў Алесь Мара.     

 

Удзельнікі экскурсіі

А Сяргей Законнікаў, які шмат гадоў цікавіцца гісторыяй масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму і напісаў на гэтую тэму эпічную паэму “Цівалі”, пацвердзіў высновы актывістаў грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” наконт лакалізацыі і выгляду асобных аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі ўрочышча.   

Нагадаем, што на конкурс “Курапаты — народны мемарыял”, вынікі якога будуць падведзены  ў канцы лістападу — на пачатку снежня на II дакументальна-мастацкай выставе “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, прымаюцца працы ў наступных намінацыях: архітэктурны праект, архітэктурна-ландшафтны праект, скульптура, жывапіс, графіка, арт-аб'ект, фатаграфіка, відэаінсталяцыя, літаратура, музыка, тэатр і кіно.


Больш падрабязна з умовамі творчага спаборніцтва можна пазнаёміцца на сайце www.vytoki.net

 

Каментаваць