Душы ахвяр і цені катаў

Побач з Лукішскай плошчай у Вільні, на якой паўтара стагоддзя таму павесілі Кастуся Каліноўскага, месціцца Музей ахвяр генацыду.



Камера са здымкамі сядзельцаў


Былы будынак КДБ, Гестапа, Віленскага суда Расійскай Імперыі — сённяшняя Літоўская дзяржава не трымае падзякі ні да адной з гэтых устаноў. Але, дзеля гістарычнай справядлівасці, захоўвае памяць пра сваё мінулае, нават калі распавядаць пра яго — вусцішна.

Музей пачаў працаваць у 2000 годзе, і знайсці яго можна на вуліцы Аўку, 2А. Будынку, у якім ён размешчаны, лёс наканаваў з самага пачатку быць малатарняй лёсаў. Установы акупацыйных уладаў, як прынята казаць у Літве, працавалі тут да жніўня 1991 года.

Каменныя рукі лёхаў

Унутраная турма ў Музеі ахвяр генацыду захавана ў тым выглядзе, у якім яе ўбачылі першыя грамадзяне свабоднай Літвы. Калі спускаешся туды па прыступках, кожны крок даецца з цяжкасцю. У нос точыцца непрыемны пах, у якім змяшана ўсё: брудная адзежа, кроў, допыты, боль. Само месца энергетычна цяжкое, адштурхоўвае ад сябе. Але даследчыцкі спрыт не дае павярнуць назад.

Два боксы для затрыманых асоб, кожны плошчай 0,6 метра. Першым допытам папярэднічала знаходжанне палітвязняў у гэтых «пакойчыках», і яно магло цягнуцца гадзінамі. Боксы на фотаздымку — палепшаны варыянт утрымання, яны з’явіўся ў 1960–1970 гадах. Пры Сталіне і першыя 10 год пасля яго смерці затрыманыя маглі толькі стаяць.

Боксы для затрыманых асоб

Цяперашнія камеры выглядаюць так, як яшчэ 25 гадоў таму, калі яны выкарыстоўваліся па прызначэнні.Тут цябе працінае дух чалавечага гора, што навечна ўеўся ў сцены.

З гэтай турмы ў сібірскія лагеры ў 1947 годзе быў выпраўлены і арцыбіскуп каталіцкай царквы Тэафілюс Матулёніс. Нязломны чалавек з драматычным лёсам, Тэафілюс Матулёніс у 1929 годзе ў Ленінградзе быў абвінавачаны ў сувязях з «нацыянальна-шавіністычнай латышскай школай» і адпраўлены на Салаўкі. Але ў 1933 годзе ў рамках абмену палітзняволенымі быў выпраўлены ў Літоўскую Рэспубліку. Пазней, у Рыме, атрымаў аўдыенцыю Папы Рымскага Пія XI, але настала застаўся жыць у Літве. Зноў арыштаваны ў 1946-м, калі краіны Балтыі прымусова сталі савецкімі. У год смерці — 1962-гі — яму быў нададзены сан архіепіскапа.

Тэафілюс Матулёніс

Найбольш вусцішна адчуваеш сябе ў расстэльнай камеры. Па звестках, у 1944–1947 гадах забівалі да 45 чалавек за ноч. Прыступкі, дзверы, бруднаватыя сцены і, самае жахлівае, зпершчаныя кулямі сцены. Сучаснае абсталяванне, відэа- і гукавыя эфекты робяць атмасферу ў расстэльнай камеры, дзе каралі за антысавецкі супраціў, нясцерпнай. Кожны крок, які ты робіш па падлозе гэтага нечалавечага месца, працінае ўсё цела. Цяжка тут знаходзіцца: адчуванне, нібы нестае паветра, трэба найхутчэй выйсці на двор. І няма нікога, хто б назіраў за табой — наглядальніка, як у звычайным музеі. Ты тут адзін на адзін з душамі ахвяраў і ценямі катаў.

У расстрэльнай камеры

Але варта адзначыць, што Музей ахвяр генацыду актуалізуе памяць не толькі пра савецкі тэрор. Частка экспазіцыі адведзена і нацысцкай акупацыі краіны ў 1941–1944 гадах. Служба бяспекі (СД) і паліцыя бяспекі, часткай якой было Гестапа, гралі ключавую ролю ў пераследзе сваіх ворагаў у Літве. Гестапа выдала дырэктыву па барацьбе з ворагамі Трэцяга рэйху, якая дазваляла пераследаванні, арышты і пакаранні. У першую чаргу пераследаваліся габрэі, камуністы, а таксама былыя прадстаўнікі Савецкай улады, якая не паспела замацавацца ў Літве за кароткі перыяд 1940–1941-га. Караліся і польскія інтэлігенты. Напрыклад, 17 верасня 1943 года быў арыштаваны і расстраляны прафесар універсітэта Стэфана Баторыя, анколаг Казімер Пелчар.

Сярод ахвяр нацыстаў шмат і літоўцаў. Драматург, доктар філасофіі Баліс Сруога — вязень гітлераўскага лагера «Штутгаф». Пасля заканчэння вайны ён пражыў толькі 2 гады. Па яго п’есах у 2005 годзе зняты мастацкі фільм «Лес Багоў». Гэта гісторыя прафесара, якога сціснулі жорны нацысцкай і савецкай сістэм. 

«Аддай Радзіме ўсё, чым абавязаны…»

Экспазіцыя на першым паверсе музея распавядае пра акупацыю 1940–1941-га, пра партызанскае супраціўленне 1944–1953 гадоў. Тлумачыцца, як напярэдадні Другой сусветнай вайны Саветы з дапамогай мясцовых халуёў паступова падрывалі суверэнітэт Літвы, сістэму ўлады.

Асабліва цікава пасляваеннае супраціўленне літоўцаў. Згодна дадзеным, за дзевяць гадоў, пачынаючы з 1944-га, удзел у партызанскім руху прынялі каля 30 тысяч чалавек. Іншымі словамі, 4% насельніцтва краіны. Вельмі часта з адной сям’і ў партызанку ішлі 2–3 чалавекі — іх жыццё абрывалася ў лясах падчас супраціву. На сёння вызначаны тры сям’і, якія згубілі па шэсць сыноў кожная. Жанчыны таксама бралі ўдзел у барацьбе разам са сваімі мужамі, братамі. Яны збольшага працавалі медсёстрамі, друкавалі ўлёткі, дапамагалі падтрымліваць сувязь. Але — насілі зброю.

Вышыванка зняволенай, 1949 год

Літоўскі пасляваенны супраціў можна падзяліць на тры этапы. Першы: ліпень 1944 — травень 1946-га. Хлопцы і дзяўчаты, мужчыны, людзі сталага веку збіраліся ў лясах у групы па сто і больш чалавек, ладзілі ўзмоцненыя лагеры. Перыяд характарызуецца надзвычай жорсткай барацьбой і найбольш крывавымі баямі. За два гады загінула каля 10 тысяч партызан. Гэтыя гады для літоўцаў былі напоўненыя рашучасцю і авеяныя рамантычным уздымам.

Другі перыяд — таксама два гады: травень 1946 — лістапад 1948-га. У гэты час у партызанскім руху ўдзельнічала каля 4 тысяч чалавек, якія вырашылі ісці ў сваім змаганні да канца. Барацьба вялася ў малых групах супраць добра арганізаваных сіл НКУС, якія пераўзыходзілі партызан колькасна. У гэты час лясныя лагеры ўтрымліваць было немагчыма, таму ствараліся спецыяльныя бункеры. Напрыклад, была распрацавана сістэма бункера, уваход у які знаходзіўся ў калодзежы над узроўнем вады. Такую пабудову няпроста было адшукаць.

Трэці перыяд цягнуўся з лістапада 1948 па травень 1953-га. Тады шмат часу адводзілася выдавецкай дзейнасці, інфармаванню насельніцтва. Лясныя браты імкнуліся падтрымліваць веру літоўцаў у незалежную краіну. Пяцігадовы перыяд прынёс смерць 2 тысячам партызан і зніштожыў які-кольвек узброены супраціў. Плёнам гэтых гадоў можна назваць шматкратнае ўмацаванне адзінства літоўскага народа, усіх палітычных сіл. Верагодна, гэта дало падмурак таму, што Літва ў 1991 годзе рашуча адстаяла сваю незалежнасць і рушыла наканаваным ёй шляхам.

Турэмная бібліятэка

Паводле ўсіх гэтых падзей у Музеі ахвяр генацыду прадаюцца добра ілюстраваныя, з фактамі і фотаздымкамі, кнігі.

У далёкім краі

На другім паверсе можна ўбачыць, якім было жыццё літоўцаў у ГУЛАГу, а таксама даведацца пра народны супраціў 1953–1991 гадоў. У зале, які распавядае пра палізняволеных, экспануюцца фотаздымкі лю­дзей у розныя перыяды іх жыцця: якім было жыццё ў свабоднай Літве і ў што пераўтварылася ў высылцы. Таксама можна азнаёміцца з дакументамі рэпрэсіўных органаў, даведацца пра паўстанне зняволеных літоўцаў у Варкуце. На свае вочы пабачыць адзенне і абутак, які насілі ў лагерах, самаробныя крыжыкі, малітоўнікі, паштоўкі.

Фотаздымкі, лісты, хэндмэйд, прадметы побыту распавядаюць пра паўсядзённасць жыцця літоўцаў у высылцы. Ярка паказана, што жамойты, не зважаючы на цяжкую працу, нэнзду, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, варожыя адносіны да іх з боку мясцовага насельніцтва, выжывалі, захоўвалі сваю нацыянальную самасвядомасць, мову, абрады, веру ў Бога. Дакументы знаёмяць з арганізацыяй высылкі, умовамі жыцця. Можна пабачыць фатаздымкі літоўскіх могілак у Сібіры. Калі глядзіш на ўсё гэта, цяжка паверыць у маштаб рэпрэсій, немагчыма зразумець матывы нкусаўцаў.

Адначасова экспазіцыя распавядае пра бязмежныя намаганні людзей, якія яны прыкладалі, каб не быць зніштожанымі, пра веру і надзею, якія дапамагалі вязням захаваць чалавечы гонар.

Калідор турмы

Практычна кожны чалавек, які пракрочыць па залах Музея ахвяр генацыду ў Вільні, пройдзе праз гісторыю змагання літоўскага народа. Становіцца зразумела, што незалежнасць Літвы ў студзені 1991 года адстаялі не толькі тыя героі, якія загінулі і былі параненыя каля тэлевежы, але сотні тысяч ахвяр усіх трох перыядаў акупацыі.

Каментаваць