“Два дні дровы сек, як Чэлентана!”: як экс-кандыдаты адпачывалі пасля выбараў

 Экс-кандыдаты распавялі як яны адпачывалі пасля выбарчай кампаніі.



Сяргей Гайдукевіч здымае трубку і па звычцы яшчэ дзясятак секунд размаўляе з некім у пакоі. На тэлефон пераключаецца толькі пасля таго, як скончыць размову. Адразу заяўляе, што адпачываць не мае часу — наперадзе ж новыя выбары:

“Калі адпачываць? Заўтра ў нас велізарная нарада, прысвечаная парламенцкім выбарам. Усё рэспубліканскае кіраўніцтва партыі будзе. Заўтра трэба вырашыць, якія штабы чым будуць займацца. Парламенцкія ж выбары. Усё! Трэба не забываць, што ўжо ў жніўні выбары парламенцкія. Часу зусім няма. Партыя разлічвае сур’ёзна падысці да выбараў. Прэзідэнцкія дазволілі раскруціцца да нябёсаў!”

Але Гайдукевіч ўсё ж прызнаецца, што некалькі дзён пасля 11-га меў больш спакойны графік — захварэў. “Не грып, прастуда. Перажыў на парашках гэтых”, — расказвае лідар ЛДПБ. І працягвае захоплена гаварыць пра будучую парламенцкую кампанію. Гарачы чалавек.

Мікалая Улаховіча застаю ў тэлестудыі — былы кандыдат рыхтуецца да здымкаў на адным з тэлеканалаў, запрасілі паўдзельнічаць ў ток-шоў. Улаховіч кажа, што ўжо выйшаў на працу, але некалькі дзён адпачынку пасля 11 кастрычніка сабе дазволіў. Адпачываў па-простаму. Нават можна сказаць, па-сялянску:

“Працую я ўжо. Некалькі дзён толькі адпачыў. Быў на дачы. Дровы сек. Дагэтуль плечы свярбяць. Даўно ўжо не сек, а цяпер два дні запар. Як Чэлентана ў тым фільме, памятаеце? (“Утаймаванне свавольніцы”, — Еўрарадыё). Таму я займаўся актыўнай фізічнай працай. Гарод капаў. Дачу ўпарадкаваў”.

Паразмаўляць з Таццянай Караткевіч пра яе першы тыдзень пасля выбараў не атрымліваецца — яе аўтаадказчык нешта вяшчае на незнаёмай мове.“Таццяна цяпер у Бруселі. А ў Беларусі будзе ўвогуле праз 10 дзён прыкладна”, — кажуць у штабе.

Так што, адпачыць у былой кандыдаткі, відаць, таксама не асабліва атрымалася. Тым больш, што ўжо ў першыя дні пасля выбараў трэба было скаргу падаваць, прэс-канферэнцыі ладзіць — не да адпачынку.

Чым займаўся ў паслявыбарчы тыдзень пераможца кампаніі, даведацца таксама нескладана. Ужо 13 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прымаў высокіх гасцей з Аўстрыі, а 16-га ўдзельнічаў ў паседжанні Савета кіраўнікоў краін СНД, сустракаўся з Пуціным, наведаў паседжанне Вышэйшага эканамічнага савета і яшчэ, відаць, шмат чаго іншага, пра што маўчыць афіцыйны сайт.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-10-19 17:10:35
"Еўрарадыё" памылілася. Чэлентана сек дровы ў фільме "Утаймаванне свавольніка", a пра свавольніцу - зусім іншы фільм.

Каментаваць