Два катарсісы

Польшча і Беларусь перажываюць этап станаўлення новых палітычных культур. Аднак розніца паміж імі каласальная.

Польшча развіталася з ахвярамі катастрофы пад Смаленскам. Вяртанне ў будні падштурхнула шматлікіх польскіх журналістаў задумацца над глабальнымі наступствамі трагедыі для краіны. На думку большасці, ёсць усе падставы для аптымізму.



Польшча і Беларусь перажываюць этап станаўлення новых палітычных культур. Аднак розніца паміж імі каласальная.

Польшча развіталася з ахвярамі катастрофы пад Смаленскам. Вяртанне ў будні падштурхнула шматлікіх польскіх журналістаў задумацца над глабальнымі наступствамі трагедыі для краіны. На думку большасці, ёсць усе падставы для аптымізму.

«Польшча здала іспыт як прававая дзяржава. Палажэнні Канстытуцыі, якія былі шмат разоў прадметам крытыкі, аказаліся непарушнымі, калі размова зайшла пра перадачу ўлады ва ўмовах крызісу. Усё, што адбылося ў Варшаве, Кракаве і Маскве, стала дэманстрацыяй добрай арганізацыі дзяржаўных структур. Дзяржава, якая не была дзяржавай партыі «Права і Справядлівасць» або партыі «Грамадзянская платформа», не будзе дзяржавай і якой-небудзь іншай партыі», — піша «Gazeta Wyborcza».

Незвычайную атмасферу нацыянальнага адзінства шмат хто называе часам нараджэння новай палітычнай культуры. Перш за ўсё красавік 2010 года надаў новы статус гістарычным міфам у грамадскай дыскусіі. Для палякаў Катынь цяпер у большай ступені шок і смутак 10 красавіка, напэўна, не менш трагічныя, чым шок і смутак 70-гадовай даўніны. Менавіта на гістарычных траўмах будавалі сваю палітыку польскія правыя партыі.

«Польшча вызвалілася ад путаў гісторыі, — адзначае французская «Liberation» і дае сваё бачанне будучага гэтай дзяржавы: — Польшча — краіна ў стане эканамічнага буму, краіна маладых, краіна з урбаністычнай культурай, краіна, упэўненая ў сабе і сваёй бяспецы настолькі, што не вагаючыся падтрымлівае ініцыятывы Барака Абамы наблізіцца да Масквы, каб супрацьстаяць Ірану. Фатальным чынам Катынь адчыніла і зачыніла 70 гадоў польскай драмы».

Адной з галоўных характэрных рысаў новай Польшчы тыя ж французы называюць новае стаўленне палякаў да Расіі. Праблем тут хапае, аднак, здаецца, сапраўды нешта зрушылася. «Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мя­дзведзеў, нягледзячы на вулканічныя хмары, якія ўтрымалі шматлікіх лідэраў іншых дзяржаў, прыляцеў у Кракаў на пахаванне Леха Качыньскага. Дыялог паміж нашымі краінамі патрэбны. Трагедыя пад Смаленскам і прыезд Мядзведзева той дыялог разблакіравалі. Трэба намагацца не марнаваць час», — каментуе «Gazeta Wyborcza».


Гэты працэс імклівага перагляду адносін з Расіяй, між тым, адбываецца і ў нас, што дазваляе параўнаць новы польскі палітычны дыскурс з беларускім варыянтам.

Для таго, каб пераканацца ў зменах рыторыкі беларускіх уладаў, дастаткова згадаць некалькі цытат з паслання А. Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу і народу. «Сёння стаіць пытанне: мы будзем незалежнай дзяржавай з ганарлівым народам або мы і далей будзем поўзаць перад кімсьці на каленах?» — сказаў прэзідэнт. Лукашэнка таксама адзначыў, што менавіта Масква падрывае падмурак Саюзнай дзяржавы, «узяўшы курс на так званую прагматызацыю адносін і вырашыўшы перавесці іх на так званыя рынкавыя рэйкі».

Такія катэгарычныя, не падобныя на мінулыя, антымаскоўскія заявы дазваляюць казаць пра станаўленне ў краіне новай палітычнай дыскусіі, якая мусіць адпавядаць задачам палітыкі шматвектарнасці. На польскую яна абсалютна не падобная. Там у аснову палітычнай этыкі пакладзены прынцып павагі да апанента, шматкроць узмоцнены пасля авіякатастрофы пад Смаленскам разуменнем каштоўнасці кожнага індывідуума.

Характэрнымі ж рысамі палітычнай культуры, якая сфарміравалася ў Беларусі ў часы так званай «шматвектарнасці», а зараз мадыфікуецца, з’яўляецца поўная адсутнасць маральнага аўтарытэта і рэферэнта, ролю якога выконвала былая савецкая і расійская інтэлігенцыя. Новыя расійскія валадары думак нічога не значаць для нашых мандарынаў, як сівых, сфармаваных у часы СССР, так і маладых, узнесеных на верхнія прыступкі вертыкалі А. Лукашэнкі. Сваіх жа, беларускіх валадароў думак, яны і так ніколі не чыталі, не слухалі. Адсюль яшчэ большы дыктат, валюнтарызм, прыземленыя прагматызм і эмацыйнасць.

Лепшага прыкладу, чым нашумелая гісторыя з Бакіевым, цяжка ўявіць. Як сведчыць сам А. Лукашэнка, матывы запрасіць кіргізскага палітыка ў Беларусь ляжалі ў галіне чалавечай псіхікі, а само рашэнне было прынята літаральна ў ходзе невялікай размовы.

«Ён прасіў не за сябе, а за сям’ю: Аляксандр, забяры сям’ю, дзяцей шкада, яны не вінаватыя. Я кажу: па-першае, табе трэба абследавацца пасля ўсяго гэтага, рэабілітавацца. Ты нават не думай пра дзяцей і сям’ю, я і цябе забяру. Ты прэзідэнт краіны, і я прыму цябе як прэзідэнта краіны, а не як ізгоя», — распавёў Лукашэнка.

Наступствы такіх хуткіх эмацыйных рашэнняў як мінімум вельмі супярэчлівыя.

Беларусь дала прытулак чалавеку, якога на радзіме абвінавачваюць у масавых забойствах, падазраюць у выкраданні 200 мільёнаў долараў. Падзенне Бакіева вітала ўся грамадскасць Сярэдняй Азіі, якая марыць пра палітычныя змены ў сябе на радзіме. Можна ўявіць, які імідж набыла цяпер у гэтым рэгіёне Беларусь. Лукашэнка ўпарта трымае Бакіева за дзеючага прэзідэнта Кыргызстана, і тым самым апрыёры не прызнае кіргізскі Часовы ўрад, які прызналі Казахстан і Расія.

Усе згаданыя краіны — сябры структур СНД і АДКБ. Як будуць далей будавацца адносіны ўнутры гэтых арганізацый, зараз цяжка ўявіць. Для пачатку, хаця б, як праводзіць іх сустрэчы і пасяджэнні? Або ўвогуле з Кыргызстана нікога не запрашаць, або запрашаць дзве кіргізскіх дэлегацыі, або падзяліцца на групы, кожная з якіх будзе працаваць з тымі кіргізамі, якіх лічыць легітымнымі?

Аднак самае непрыемнае ў іншым. Не часта пагаджаешся са скандальным крамлёўскім каментатарам Лявонцьевым, вядучым праграмы «Однако», але на гэты раз, трэба сказаць, у нечым ён мае рацыю: «Не можа ж Лукашэнка не разумець, што, адстойваючы Бакіева, ён адстойвае грамадзянскую вайну». Калі нешта падобнае, не дай Божа, адбудзецца, то адказнасць за гэта будзе часткова несці і Беларусь.

Вось такі ў нас новы шматвектарны, мала падобны на польскі, палітычны дыскурс.

Каментаваць