Два розныя святы

У нядзелю, 23 сакавіка, у беларускай сталіцы было добрае надворе. У ажыўленых месцах, як то каля крамаў ды кірмашоў, ад самага ранку можна было назіраць электарат, ужо “заведзены” раннім “астаграмленнем” з прычыны чарговай кампаніі пад назовам “выбары”.



Казаць пра самі мясцовыя выбары не мае ніякага сэнсу, бо калі ў нас парламент і нават кіраўнік дзяржавы не выбіраецца ў сапраўдным сэнсе слова “выбары”, то пра “выбары” камунальныя (у мясцовыя Саветы) і гаворка не ідзе.

А вось простаму электарату гэта свята. Калі ж яшчэ табе на выбарчых участках, дакладней, у школьных сталоўках ды іншых буфетах прапануюць у разліў амаль дармавой гарэлкі па кошце вытворцы? Ды на прыкуску бутэбродзікаў-беляшоў таксама танных-танных? Вось і спяшаўся народ да выбарчых участкаў. Не ведаю, ці галасавалі пралетарыі ды іншыя, ці не, але што “прычасціліся” многія з іх — дык гэта дакладна.

Улады паспрабавалі зрабіць для “піпла” нешта накшталт агульнанацыянальнага свята. Бо каля кірмашоў былі ўсталяваныя подыюмы, адкуль несліся жыццясцвярджальныя воплі завадатараў-канферанс’е ды музыкаў. Прычым, нават прафесійных. Так, каля ўваходу ў рэчавы рынак “Максімус” у сталічным мікрараёне  Малінаўка на фоне абшарпаных перадвыбарчых стэндаў (глядзі фота) спявалі нават артысты Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Але ўвагі да іх было няшмат. Як і да іншых выканаўцаў больш таннага пашыбу. Хоць некаторыя “разагрэтыя” суграмадзяне былі рады і такому.

А вось днём раней, дакладней, увечары 22 сакавіка, для аматараў беларускай музыкі адбылося іншае свята. Як інакш назваць сумесны канцэрт у Палацы Культуры імя Шарко беларускай рок-князёўны Касі Камоцкай і слыннага барда Алеся Камоцкага? Кася працяглы час не выходзіла на вялікую сцэну, апошнім часам па розных прычынах былі адмененыя два яе канцэрты. Але трэці атрымаўся, і некалькі соцень прыхільнікаў творчасці Касі і Алеся атрымалі поўную асалоду за дзве гадзіны імпрэзы.

Два святы — але такія розныя. Адно — фармальнае, бюджэтнае, прапагандысцкае. Другое — шчырае, узвышанае, пазітыўнае, адухоўленае. Вось больш бы было такіх другіх святаў, можа, і краіна наша хутчэй бы змянілася.    

Каментаваць