Два жаночыя лёсы

 У Мінску на мінулым тыдні прайшоў фестываль сучаснага дакументальнага кіно. У першы дзень фэсту на закрытым паказе былі прадстаўлены дзве стужкі, якія прымушаюць сур’ёзна задумацца пра будучыню прэтэндуючай на вялікасць дзяржавы, у якой пад кулямі  гінуць журналісты. 

 У Мінску на мінулым тыдні прайшоў фестываль сучаснага дакументальнага кіно. У першы дзень фэсту на закрытым паказе былі прадстаўлены дзве стужкі, якія прымушаюць сур’ёзна задумацца пра будучыню прэтэндуючай на вялікасць дзяржавы, у якой пад кулямі  гінуць журналісты. 

Стужка Валерыя Балаяна “Любіце мяне, калі ласка распавядае пра лёс маладой расійскай журналісткі, жыццё якой нечакана абарвалася, калі да яе пачало прыходзіць разуменне мнагапланавасці і складанасці адносінаў у грамадстве, недасканаласці яе любай радзімы. Наста Бабурава працавала ў “Новай газеце, расследавала феномен узнікнення ў Расіі ідэалогіі нацызму.

На фоне расповеду пра трагедыю бацькоў і сяброў загінулай журналісткі ў стужцы раз-пораз дэманструюцца рэкламныя ролікі фашыстоўскай накіраванасці, якія размяшчаліся ў інтэрнэце. Глядач ловіць сябе на думцы, што яскравыя, прывабныя агіткі ксенафобаў выглядаюць даволі эфектна, што спараджае ўнутраны пратэст і прэтэнзіі да аўтара: “Ці не замнога свастыкі?!  Нацы прыцягваюць ідэйна дэзарыентаваную моладзь тым, што даюць простыя адказы на складаныя пытанні. Рэжысёр, паводле яго слоў, імкнуўся паказаць маштаб небяспекі такой з’явы для грамадства. Толькі за мінулы год у Расіі ад рук неа-фашыстаў загінуў 121 чалавек. 

“Горкі смак свабоды рэжысёркі Марыны Галдоўскай распавядае пра гісторыю жыцця Ганны Паліткоўскай, якое было гвалтоўна спынена на піку яе кар’еры і прызнання.

Вядомая расійская журналістка спецыялізавалася на экстрэмальных рэпартажах з гарачых кропак Расіі. Гэтая мужная жанчына пісала праўду пра вайну нават тады, калі для палітыкаў, чыноўнікаў, журналістаў, грамадзян-абывацелей больш бяспечна было меркаваць, што вайны ў краіне няма. Ганна Паліткоўская пры асвятленні баявых дзеянняў у Чачні дэманстравала ўзор прынцыповасці, настойлівасці і прафесіяналізму. Пры гэтым яна заставалася Чалавекам і заўсёды бараніла слабых. Не дзіўна, што яе журналісцкая і праваабарончая дзейнасць атрымала высокую ацэнку, што праўда – за мяжой.  

Чаму адбываецца так, што людзі, якія здольныя ўбачыць хібы сістэмы і прыкладаюць намаганні, каб яе палепшыць, прадухіліць катастрафічнае развіццё краіны ў будучым, гінуць? Мо справа ў тым, што большая частка грамадзян краіны не бачыць наўпроставай сувязі паміж правамі чалавека, дэмакратычнымі каштоўнасцямі, свабодай СМІ і якасцю іх жыцця... Пакуль гэта адбываецца, драматычны фінал, на жаль, выглядае заканамерным. 

Арцём Лява

Каментаваць