Дык хто ўсё ж узарваў мінскае метро?

Тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 года сапраўды варты асобнай кнігі. Нават, можа, не адной. Але першая спроба асэнсаваць тое, што адбылося не толькі ў метро, але і падчас працэсу над Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым зрабіў спробу журналіст Радыё «Свабода» Алег Груздзідловіч.

 



Вокладка кнігі Алега Груздзіловіча. Фота Радыё Свабода


Чалавек, які ўвесь працэс амаль бязвылазна прасядзеў у актавай залі мінскага Дома правасуддзя падчас суду, і на ўвесь час суду быў амаль адарваны ад іншых спраў. Быў у судзе і жыў судом.

Прэзентацыя кнігі адбылася 3 чэрвеня ва Управе Партыі БНФ. Здавалася б, такую кнігу напісаць нескладана — сядзі сабе ў судзе ды пішы ўражанні. Аднак, насамрэч, трэба не толькі пісаць уражанні — трэба разабрацца, ці сапраўды пакараныя вінаватыя?

Сам Груздзіловіч адзначыў, што, калі браўся за гэтую кнігу, ён паспрабаваў адмежавацца ад праблемы.

«Я паспрабаваў паставіць сябе на месца «чалавека з вуліцы», гэткага гіпатэтычнага суддзі суду прысяжных. Бо суддзі прысяжных выслухоўваюць аргументы абароны і абвінавачвання, а потым іх зачыняюць у пакоі, дзе яны павінны ўсё ўзважыць і прыняць аб’ектыўнае і бесстаронняе рашэнне. Такім паспрабаваў быць і я», — сказаў спадар Алег на прэзентацыі.

Можа, сапраўды спадар Груздзіловіч і паспрабаваў гэта зрабіць. Але, падаецца мне, у яго не атрымалася. І добра, што не атрымалася, бо інакш бы гэта было сухім выкладаннем фактаў. Насамрэч, кніга прасякнутая не толькі фактамі. Гэта яшчэ і рэфлексіі аўтара, і нейкія маленечкія замалёўкі, якія паказваюць, як адбываўся працэс, што адбывалася ў судовай залі (безадносна ад працэсу). Нават, у кнігу патрапілі нейкія эпізоды (досыць цікавыя), якія адбываліся ў сталоўцы Дома правасуддзя падчас працэсу.

Дадае цікавасці кнізе і тое, што яна пабудаваная не толькі на «рэпартажах з залі суда» ды вытрымак з зачытаных на судзе матэрыялаў справы. Аўтар дадаў не толькі свае рэфлексіі — рэфлексіі іншых людзей. Гутаркі з пацярпелымі, інтэрв’ю людзей, блізкіх да следства, некаторыя адказы старшыняў Камітэта дзяржбяспекі, Генпракуратуры і МУС. Дабраўся Груздзіловіч нават да саслужыўцаў Канавалава ў войску — балазе, гэта было не складана.

Двое з «палітычных прызыўнікоў» — Іван Шыла з «Маладога фронту» і Алесь Каліта, старшыня ініцыятывы «Альтэрнатыва» — служылі разам з Канавалавым. Каліта нават дапытваўся следствам пра асобу «тэрарыста».

Асаблівай увагі заслугоўваюць і размовы са спецыялістамі — псіхолагамі, расійскімі і ўкраінскімі адмыслоўцамі ў справе барацьбы з тэрарызмам, праваабаронцамі і гэтак далей.

Карацей, кніга разглядае «справу тэрарыстаў» значна шырэй, чым гісторыю аднаго крымінальнага працэсу. Гэта, часткова, і адлюстраванне грамадства ў справе тэракту ў мінскім метро. Прычым, «аналіз грамадства» аўтарам робіцца як бы няўзнак, паміж іншым. Напрыклад, Груздзіловіч піша пра тое, чым абураліся шмат якія журналісты ў судзе над Кавалёвым і Канавалавым. У той час, калі ўсе калегі па цэху знаходзіліся ў залі, дзе былі заглушаныя не толькі 3G-мадэмы, але не было і звычайнай мабільнай сувязі, карэспандэнт дзяржаўнага агенцтва БелТА сядзеў на прывілеяваным гаўбцы, дзе да яго падвялі персанальны інтэрнэт. А па беларускаму тэлебачанні з’яўляліся кадры з судовай залі, знятыя падчас працэсу — насуперак забароне суда пра відэаздымкі. Гэта паказвае не «цяжкія ўмовы працы недзяржаўнага журналіста», а стаўленне дзяржавы да працэсу ўвогуле.

«Найперш такі падзел даваў права падазраваць, што перад журналістамі, якія працавалі ў судовай залі, ды «ільготнікамі» з балконаў усё ж стаялі розныя задачы», — піша Груздзіловіч, нібыта не сумняючыся, што «льготнікам» задачу ўсё ж паставілі.

І такіх цікавых маленечкіх момантаў у кнізе вельмі шмат. Чытаецца яна як нядрэнны дэтэктыў, са шматлікімі пытаннямі, але якія, на жаль, засталіся без адказу.

Дык усё ж вінаватыя Канавалаў і Кавалёў? «Старонні гіпатэтычны сябра журы прысяжных» Груздзіловіч адказвае: так. На падставе сабраных матэрыялаў і доказаў ён прыходзіць да высновы: Дзмітрый Канавалаў вінаваты ў тэракце ў Мінскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 года. Уладзіслаў Кавалёў у тэракце не вінаваты, але частка ягонай віны ў тым, што, ведаючы нешта пра намер Канавалава, ён не «стукануў» на свайго сябру міліцыі.

Але гэтая трагічная і дэтэктыўная гісторыя, здаецца, не скончаная. Не так даўно Груздзіловічу пракуратура вынесла папярэджанне — нібыта, у сваёй кнізе, ён ставіць пад сумнеў вынікі суду і следства, чым падрывае давер да судовай сістэмы і следчых органаў, і, такім чынам, дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці і грамадскасці. Калі ж Груздзіловіч спытаў у пракурорскіх, ці чыталі яны ягоную кнігу, ці ведаюць яны, што ён сам прыйшоў амаль на такіх жа высноваў, як і суд, то яму было сказана: «Калі прынесяце, дык мы пачытаем».

Вельмі дзіўнае папярэджанне Алегу Груздзіловічу ад пракуратуры можа азначаць толькі адно: «справа Канавалава — Кавалёва» да канца не скончана. Яна не скончана не толькі для родных ахвяраў тэракту (што не мае сумневу), не толькі для праваабаронцаў (якія выступаюць супраць смяротнага пакарання), але не скончана і для дзяржавы. Інакш пракуратура не стала б так цікава дэманстраваць жаданне таго, каб на тэракт 2011 года ўсе забыліся, і ніхто б пра яго не згадваў.

А можа, сапраўды, «прысяжны Груздзіловіч» памыляецца? І мы сапраўды не маем адказу на тое, хто ўсё ж такі ўзарваў мінскае метро?

Каментаваць