Дыскрымінацыя ці клопат?

Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім роўныя правы, але на практыцы часта аказваецца, што «ўсе роўныя, але некаторыя раўнейшыя». У Беларусі існуе афіцыйны спіс работ, на якія забараняецца працаўладкоўваць жанчын.

Нягледзячы на прагрэсіўныя змены поглядаў беларускага грамадства ў апошнія гады, нярэдка нават сярод юрыстаў можна сустрэць меркаванне, што «асноўным прызначэннем жанчыны ў грамадстве ўсё ж такі застаецца нараджэнне і выхаванне дзяцей». Гэтае меркаванне, як мінімум, з’яўляецца састарэлым гендэрным стэрэатыпам, максімум — несупастаўнае з дэмакратычнымі каштоўнасцямі.

Беларускія юрысты амаль у адзін голас кажуць, што тут няма ніякай дыскрымінацыі, гэта клопат дзяржавы пра жанчын. Канечне, наўрад ці можна пачуць нешта іншае, калі такія словы дыктуе сам Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей — ПК). Так, у адпаведнасці з п. 2 ч. 3 артыкула 14, не лічацца дыскрымінацыяй любыя адрозненні, выключэнні, перавагі і абмежаванні, абумоўленыя неабходнасцю асаблівага клопату дзяржавы пра асобаў, якія маюць патрэбу ў павышанай сацыяльнай і прававой абароне (жанчыны, непаўналетнія, інваліды, асобы, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і іншыя). Згодна з класікай жанру, заканадаўства постсавецкіх дзяржаў ставіць жанчын у адзін шэраг з інвалідамі.

Але хто вырашыў, што сучасная жанчына мае патрэбу ў «асаблівым клопаце дзяржавы»? Хіба «павышаная сацыяльная і прававая абарона» заключаецца менавіта ў абмежаванні працоўных правоў?

Сёння не кожная беларуска мае і звычайную абарону дзяржавы, не кажучы ўжо пра «павышаную». Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, на канец 2016 года колькасць беспрацоўных жанчын, зарэгістраваных у органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, складае 12 тысяч. Але трэба памятаць, што формула для разліку ўзроўню беспрацоўя ў Беларусі адрозніваецца ад прынятых у свеце, і таму на парадак заніжана. Але і на падставе афіцыйных дадзеных для параўнання можна сказаць, што колькасць непрацаўладкаваных жанчын складае насельніцтва сярэднестатыстычнага раённага гарадка, а ў дадатак да гэтага жанчыны яшчэ і заканадаўча абмежаваныя ў выбары працы.

Згодна з артыкулам 262 ПК, забараняецца прыцягненне жанчын да выканання цяжкай працы і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі, а таксама падземных работ, акрамя некаторых падземных (нефізічных работ або работ па санітарным і бытавым абслугоўванні). Канкрэтны спіс работ, які абмяжоўвае працоўныя правы жанчын, устаноўлены пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 года №35 «Аб устанаўленні спісу цяжкіх работ і работ з шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, на якіх забараняецца прыцягненне да працы жанчын».

У якасці «дзяржаўных клопатаў» у беларускім заканадаўстве прыведзена каля 180 працаў, на якія жанчыны не могуць прэтэндаваць. Сярод іх: вадалазка, цяслярка, кіроўца міжгародніх пасажырскіх аўтобусаў звыш 14 месцаў і грузападымальнасцю звыш 5 тон, апрацоўшчыца скур і гэтак далей.

Што тычыцца падземных работ, то Беларусь імплементавала нормы Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы №45 «Канвенцыя адносна прымянення працы жанчын на падземных работах у шахтах любога роду» 1935 года. У сучасных рэаліях прадстаўляецца як мінімум несацыяльнаарыентаваным выкананне Канвенцыі, якой практычна стагоддзе, у такім «голым» выглядзе. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ўдзельніцамі гэтай Канвенцыі з’яўляюцца таксама і некаторыя еўрапейскія дзяржавы, але, нароўні з нормамі гэтага міжнароднага акта дзейнічаюць і законы, якія, напрыклад, абавязваюць наймаць у кампаніі роўную колькасць мужчын і жанчын.

Але большасць юрыстаў нашай краіны ўпэўненыя, што неабходнасці ў адмене спісу «нежаночых прафесій» ці нейкім збалансаванні гэтых норм няма: «Калі наша жаночая палова грамадства задаволеная сваім становішчам, то нарматыўна-прававы акт не патрэбны».


Падобныя спісы дзейнічаюць і ў Расіі, якая з'яўляецца лідарам па колькасці абмежаванняў пэўных відаў работ: іх у краіне 456. Але ў Расіі, у адрозненне ад Беларусі, жанчыны актыўна звяртаюцца ў прафсаюзы, да праваабаронцаў і нават у ААН за прызнаннем незаконным гэтага спіса, і ўсё часцей паспяхова. ААН прызнала існуючы спіс ушчамляюшчым правы жанчын, а Мінпрацы Расіі нават паабяцала яго перагледзець: «У сувязі са зменамі тэхналогій сучаснай вытворчасці і сацыяльна-гігіенічных умоў працы шэрагу прафесій Мінпрацы Расіі праводзіць работу па актуалізацыі Спіса». У Беларусі, на жаль, пра гэта пакуль і гаворкі не ідзе.

Суседняя Украіна дэманструе пазітыўны вопыт у гэтым пытанні. 21 снежня 2017 Міністэрства аховы здароўя Украіны адмяніла пералік 450 забароненых для жанчын прафесій. Цяпер украінкі змогуць працаваць машыністкамі метро, зваршчыцамі, матарысткамі на караблі і асвойваць іншыя прафесіі, раней даступныя толькі для мужчын.

Фактычна дзеючы спіс «нежаночых» прафесій забірае ў жанчын свабоду выбару і ставіць іх у няроўнае становішча ў адносінах да мужчын.

Гэта не адзіны выпадак афіцыйнай дыскрымінацыі правоў чалавека ў беларускім заканадаўстве пад выглядам «асаблівага клопату дзяржавы». Думаецца, што сучаснае беларускае грамадства ў такіх пытаннях ужо гатовае выйсці з-пад крыла дзяржавы і самаму распараджацца асноўнымі працоўнымі правамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць