Дыскусія на Камароўцы: «Вайне – не!»

Лозунгі былі надзвычай правакацыйныя. «Расія — гэць!», «Расія — гэта вайна!», «Не — расійскім ваенным базам у Беларусі!» — такія надпісы трымалі ў руках удзельнікі пікета. І першае, што чулі пікетчыкі з літаратурнага — «поскудзь, фашысты, бендэраўцы».



Але гэта не бянтэжыла сябраў АГП і іх лідэра Анатоля Лябедзьку, бо галоўнае, па словах апошняга, было выклікаць дыскусію і паразмаўляць з народам па надзённых праблемах.

На перадвыбарчы час пляцоўка ля Камароўскага рынку ў Мінску ператвараецца ў нейкі сталічны «Гайд-парк», дзе кожны жадаючы можа выказаць сваё меркаванне па любых праблемах. Традыцыйна па нядзелях тут стаіць перадвыбарчы пікет кандыдатаў у дэпутаты ад «Гавары праўду!», а 2 сакавіка да іх далучылася Аб’яднаная грамадзянская партыя. Канешне, фармальна гэта быў пікет зарэгістраваных кандыдатамі спікераў АГП пад назвай «За сумленныя выбары». Але насамрэч сябры АГП вырашылі падтрымаць Украіну і выказаць пратэст палітыцы Расіі ў дачыненні да Крыма.

Таму лозунгі былі надзвычай правакацыйныя. «Расія — гэць!», «Расія — гэта вайна!», «Не — расійскім ваенным базам у Беларусі!» — такія надпісы трымалі ў руках удзельнікіт пікета. Гэтыя лозунгі больш пасуюць радыкальным нацыяналістам з Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ: прынамсі, гэта яны ўвесь час ставяць знак роўнасці паміж Расіяй і вайной. У скрайнім выпадку мы б маглі чакаць такога ад Партыі БНФ. Але каб на гэта пайшла ліберальная АГП, якая неаднаразова падпісвала розныя дамовы пра супрацоўніцтва з «расійскімі братэрскімі партыямі», — гэта нешта новае.

Зразумела, гэтыя лозунгі на беларускі памяркоўны люд дзейнічаюць, як на быка чырвоная ануча. І, зразумела ж, першае, што чулі пікетчыкі з літаратурнага — «поскудзь, фашысты, бендэраўцы». Але гэта не бянтэжыла сябраў АГП і іх лідэра Анатоля Лябедзьку, бо галоўнае, па словах апошняга, было выклікаць дыскусію і паразмаўляць з народам па надзённых праблемах. А галоўная праблема зараз, па ягоным меркаванні — гэта магчымае вайсковае ўмяшальніцтва Расіі ў справы Украіны і верагодная вайна ў Крыму.
 
 
І Беларусі гэта насамрэч тычыцца наўпрост, лічыць Лябедзька. «Падаўляючая большасць беларусаў не ўсведамляе, што гэтая магчымая вайна можа наўпрост закрануць і іх. У адпаведнасці з Дамовай аб калектыўнай бяспецы, якая існуе ў нас з Расіяй, мы мусім выступіць у гэтым канфлікце на баку Расіі. І накіроўваць сваіх дзяцей на вайну. На вайну куды? Ва Украіну. Ваяваць з кім? З украінцамі! І вось калі людзі гэта ўсвядомяць, яны скажуць «не». І расійскім ваенным базам у Беларусі скажуць «не». Бо яны думалі, што гэта так усё, адбываецца проста: ну, пагадзіліся, прыляцелі… А у выніку аказваецца, што Расія для абароны сваіх грамадзянаў можа ўвесці войскі і ў Беларусь», — кажа Лябедзька.
 
 
Анатоль Лябедзька кажа, што Украіна павінна сама зрабіць свой выбар. Але — без шатнажу і ўплыву Расіі.
 
 
 
 
Прычым, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі не выключае, што падобны сцэнар можа вельмі лёгка быць прыменены і да Беларусі. «У выніку палітыкі, якую праводзяць сёняшнія ўлады, мы ў закладніках у Расіі па ўсіх пытаннях. І ваенных — расійскія базы, і палітычных — мы ва ўсіх палітычных структурах і арганізацыях з Расіяй, і нават па моўных пытаннях. У нас вялікая частка людзей — рускамоўныя. І калі гэтых людзей, больш радыкальных, пачаць падпітваць фінансава і прапагандысцкі, то заўтра яны скажуць, што іх нехта тут крыўдзіць. І ўжо толькі на тым факце, што некалькі соцень людзей у Беларусі скажуць, што іх тут пакрыўдзілі, можна ўвесці войскі. Ужо ёсць прыклады Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, і сёння такі прыклад — Крым. Таму гэта вельмі небяспечна», — кажа Лябедзька.
 
 
Таму, па ягоных словах, трэба ісці з «украінскай тэмай» да людзей і не баяцца, што людзі напачатку будуць агрэсіўныя. «Трэба з імі размаўляць і тлумачыць, якія наступствы падзеяў ва Украіне могуць быць для Беларусі. Я думаю, што ніхто сёння не захоча, каб ягоны сын пайшоў ваяваць — ці ў Расію, ці ва Украіну. Нікому гэтыя цынкавыя труны не патрэбныя», — адзначыў Лябедзька.
 
 
 
Агрументамі Анатоля Лябедзькі зацікавіліся не толькі простыя мінакі
 
 
Што праўда, размаўляючы з Лябедзькам і з ягонымі паплечнікамі, агрэсіўныя людзі станавіліся менша агрэсіўнымі, пачуўшы такія аргументы. Большасць з іх пагаджалася: вайна — гэта кепска.
 
 
Але ж усё роўна агульны «антырасійскі» настрой пікета бянтэжыў электарат. Тых, хто не спыняючыся для размовы «па-матульцы» крыў пікетоўцаў, не было мажлівасці пераканаць ні ў чым. Тыя ж, хто спыняліся, успрымалі антываенныя лозунгі, але не антырасійскія.
 
 
Як адзначыў у размове з аўтарам гэтых радкоў адзін з мінакоў, «глупства зрабілі» сябры АГП. «Расія — вялікая краіна. Трэба разумець, што Пуцін — гэта не Расія, а Расія — гэта не Пуцін. Расія набывае шмат беларускіх тавараў, мы нармальна з ёй гандлюем. Мы набываем там нафту і газ па зніжаных коштах. Мы расійскую літаратуру, расійскіх класікаў у школе вучым, ды па агульных савецкіх падручніках вучыліся. І казаць што Расія — гэта вайна, гэта глупства. Вось калі б яны казалі «не» Пуціну і пуцінскаму рэжыму…»
 
 
З гэтым складана не пагадзіцца. АГП, несвядома ці наўмысна, але дапусціла такую «тэрміналагічную памылку», за што і атрымала напоўніцу. Канешне, калі задача была пастаўленая справакаваць народ на дыскусію, гэтая задача была выкананая, але ўсё ж такі АГП наблізілася да лагеру «радыкалаў», і «нацыяналістаў і бендэраўцаў».
 
 

Ох, і цяжкая гэта праца — пераконваць выбаршчыкаў!

Дыскусія артымалася гарачай і жывой. У пэўныя моманты здавалася — вось-вось, і дойдзе да бойкі. Але ніякай бойкі не адбылося: асабліва «гарачых» пераводзілі на дыскусію пра выбары, пра памер пенсіяў, пра карупцыю і гэтак далей. І тут ужо грамадзяне пагаджаліся: выбараў няма, пенсіі — мізер, улада — дрэнь, але яна ўсё роўна робіць «каб не было вайны»…

 
 
А непадалёк змяшчаўся маленькі гэтым разам пікет «Гавары праўду!». І, нягледзячы на тое, што ён быў таксама прысвечаны не толькі выбарчай, але і украінскай тэматыцы, праходізў ён значна спакайней. Там грамадзяне маглі выказаць свае зычанні і пажадані ўкраінскаму народу, і асаблівых спрэчак не ўзнікала.
 
 
 
 
 
 
Трэба адзначыць яшчэ адзін плюс «правакацыйнага» пікету АГП — на ягоным фоне «гаварыпраўдоўцы» маглі рабіць усё, што пажадаюць. Гэтым разам нават заклейваць надпіс «збор подпісаў» на расцяжцы з пытаннямі рэферэндума не сталі. І ніхто да гэтага не чапляўся.
 
 
«Насамрэч, у нас задача — прыцягнуць увагу людзей да беларускіх падзеяў праз прызму падзеяў ва Украіне, — патлумачыў каардынатар «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў. — Наш асноўны стэнд — за «Народны рэферэндум». Гэта мірны шлях пераменаў — тое , што мы сёння чуем ад большасці людзей — так, мы за перамены, але не так, як ва Украіне. І рэферэндум — гэта якраз такі механізм. З іншага боку мы кажам — тое, што адбываецца ва Украіне, адбываецца тады, калі ўлада людзей не слухае, і ўлада іх не чуе. І рэферэндум дае магчымасць гэта змяніць».
 
 
 
Пытанні “Народнага рэферэндума” па-за ўвагай не застаюцца
 
 
«І плюс, мы тут сёння даем людзям магчымасць высказаць салідарнасць з Украінай, не падзяляючы яе на «сініх» і «аранжавых», на «рускіх» і «бандэраўцаў». У сувязі з расійскім рашэннем пра магчымасць уводу расійскіх войскаў у Крым, мы даем магчымасць выказаць салідарнасць з Украінай, бо гэта самастойная дзяржава, і, мы мяркуем, яна сама здольная вырашыць свае праблемы, і каб туды іншыя не лезлі», — адзначыў Дзітрыеў.
 
 
Канешне, калі пікетаў было два, да «гаварыпраўдоўцаў» у сувязі з іхняй «памяркоўнасцю» было менш увагі. Але, калі пікет АГП згарнуўся, Дзімтрыеву давялося больш актыўна тлумачыць грамадзянам, што такое рэферэндум і навошта ён патрэбны.
 
 
Калі пікет АГП ужо заканчваў сваю дзейнасць, міма прабёг лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін. Пагутарыць з людзьмі на АГПшным пікеце ён спазніўся, затое шчыра «навярстаў» усё на пікеце «Гавары Праўду!». Падаецца, Дзмітрыеў такой дапамогі хоць і не чакаў, але быў ёй вельмі рады.
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Каментаваць