Дзікія танцы не горш за ірландцаў

Палымяны ірландскі і беларускі фолк пад жывы гук. 19 кастрычніка ў Мінску ладзіцца гарачая музычная вечарына пад назвай “Дзікія танцы. А яе правядзенне напярэдадні кельцкага свята духаў Савунь мусіць надаць імпрэзе своеасаблівы каларыт.

Палымяны ірландскі і беларускі фолк пад жывы гук. 19 кастрычніка ў Мінску ладзіцца гарачая музычная вечарына пад назвай “Дзікія танцы. А яе правядзенне напярэдадні кельцкага свята духаў Савунь мусіць надаць імпрэзе своеасаблівы каларыт.

Мерапрыемства праводзяць Мінская школа танцаў народаў свету і “Шальмоўскі Тэатр ДыГрыза. Яно будзе адбывацца пры падтрымцы Цэнтра пазашкольнай працы “Кантакт. Вечарына распачнецца а 19-й гадзіне ў сярэдняй школе № 35 (вул. Азізава, 6, ля кінатэатра “Кіеў). Там, дарэчы, арганізатары мерапрыемства і праводзяць навучанне старажытным танцам.

Выступяць такія гурты, як “Кейлі Кёл, “Эйрут, якія іграюць ірландскі фолк, і “Cornucopia, што выконвае сусветны фолк. А таксама асобныя выканаўцы, напрыклад, Каця Радзівілава, якая іграе на дудзе, жалейцы, гуслях. Пад такую музыку і будзе праходзіць старажытная “дыскатэка з элементамі майстар-класаў. “Нейкія танцы мы будзем паказваць народу. А нейкія яны ўжо ведаюць і самі будуць танцаваць. Такі вечар адпачынку ў танцавальным выглядзе, — паведаміла адзін з кіраўнікоў Мінскай школы танцаў народаў свету і арт-дырэктар “Шальмоўскага Тэатр ДыГрыза Ганна Несцерава-Бурносенка.

Школа народных танцаў свету з’яўляецца праектам гэтага сярэднявечнага вулічнага тэатра. У ёй ёсць групы і ірландскіх танцаў, і беларускіх народных, і сярэднявечных рэнесансных. Таксама там навучаюць яшчэ агнявому мастацтву і акрабатыцы. На файер-шоў зараз пайшла мода ў Беларусі, і ў школе адкрылі другі год навучання жангляванню агнём. Вельмі шмат гастралюе і тэатр пад кіраўніцтвам Аляксея Бурносенкі. У гэтым годзе тэатр, якому споўнілася пяць гадоў, ужо пабываў у Нарвегіі, Даніі, Францыі, Германіі, Польшчы. У ім ставяцца міні-інсцэніроўкі, для якіх бяруцца сюжэты з сярэднявечча. Гэта і спектаклі, і танцавальныя пастаноўкі з тэатральнымі інтэрлюдыямі, і агнявыя спектаклі. Жангляванне, хадулькі, акрабатыка — усё гэта выкарыстоўваецца ў тэатральных дзеях. “У асноўным мы выступаем за мяжой, і каб не было моўнага бар’еру, галоўным чынам працуем з мімікай і жэстамі, — адзначыла Ганна Несцерава-Бурносенка.

“Дзікімі танцамі вечарыну назвалі, па-першае, таму, што гэта не сцэнічныя танцы. “Гэта жывыя танцы, іх яшчэ называюць соўшл-дэнс, танцы для душы, — распавяла Ганна. — Тыя ж беларускія танцы мы бярэм з вёсак непасрэдна з этнаграфічных экспедыцый. Бабулі і дзядулі іх паказалі, а мы іншых навучылі, і якраз гэтак жа людзі танцуюць. Тут непатрэбна нейкіх выцягнутых насочкаў, спецыяльных пазіцый, калі з нейкай пэўнай нагі пачынаюць. То бок народ папросту “адрываецца ў танцы, калі гаварыць слэнгам моладзевым.

Да таго ж, набліжаецца кельцкае язычніцкае свята духаў і прывідаў Савунь (ці Самайн). Лічылася, што ў гэты час адкрываюцца межы паміж сусветамі і духі прыходзяць у свет людзей. Гэты перыяд цягнуўся тыдзень і завяршаўся ноччу з 31 кастрычніка на 1 лістапада. Такімі вечарамі людзі раскладалі вогнішчы, дзе ігралі і танчылі, каб адагнаць злых духаў. Потым Савунь перарадзіўся ў Хэлоўін — амерыканскі варыянт гэтага свята. Хаця многія людзі на былых кельцкіх тэрыторыях яшчэ адзначаюць па старажытнай традыцыі свята сваіх продкаў. “І мы вырашылі так назваць вечарыну і таму, што набліжаецца такая дзікая ноч. І таму, што тут будуць дзікія скокі, бо некалькі гадзін запар мы будзем танцаваць, — сказала Ганна Несцерава-Бурносенка.

Палымяны ірландскі і беларускі фолк удзельнікі вечарыны затанчаць пад мелодыі, якія музыкі зайграюць на сучасных і старажытных інструментах. Гэта і ірландскія джыгі, і ўсемагчымыя рылы, і беларускія полькі. “Дарэчы сказаць, ірландскія і беларускія народныя танцы вельмі-вельмі падобныя, — падкрэсліла выкладчыца танцаў. — Полькі і кадрылькі (у нас кадрылі называюцца, а ў Ірландыі гэта сэт) наогул быццам у адным месцы нарадзіліся, там нават крокі падобныя. І музыка прыйшла з вёсак, і танцы прыйшлі з вёсак. І калі яна выконваецца на беларускай архаічнай дудзе — валынцы ці пад гуслі, то ўспрымаецца вельмі жыва. То бок гэта будзе жывая музыка.

Як запэўніла Ганна, усе наведнікі вечарыны будуць танцаваць. Сядзець і слухаць ніхто не будзе.

P.S. Інфармацыю пра “Дзікія танцы можна атрымаць па маб. тэл. (029) 507-62-63, (029) 685-03-74.

Каментаваць