“Дзе двое альбо трое сабраліся ў імя Маё…”

Першая публічная царкоўная малітва за беларускіх палітвязняў прайшла ў нядзелю ў царкве “Ян Прадвеснік Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай (пратэстанты-пяцідзясятнікі).



Першая публічная царкоўная малітва за беларускіх палітвязняў прайшла ў нядзелю ў царкве “Ян Прадвеснік Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай (пратэстанты-пяцідзясятнікі).

Ініцыятаркай служэння стала прыхаджанка царквы Наста Палажанка, намесніца старшыні моладзевай арганізацыі “Малады Фронт, якая пасля выбараў некалькі месяцаў правяла ў ізалятары КДБ і на сваёй скуры ведае, наколькі неабходная вязням і іх сваякамі духоўная падтрымка. Службу праводзіў пастар Антось Бокун. Нягледзячы на тое, што паства “Яна Прадвесніка налічвае не так шмат людзей — некалькі соцень прыхаджан, царква займае вельмі актыўную грамадскую пазіцыю. За сваю нескаронасць “Ян Прадвеснік неаднаразова цярпеў пераслед, а ранейшага пастара царквы, грамадзяніна Польшчы Яраслава Лукасіка ў 2007 годзе дэпартавалі з Беларусі за “дзейнасць, скіраваную на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусі ў сферы міжканфесійных адносін. Дарэчы, прыхаджанамі царквы з’яўляюцца многія вядомыя асобы — палітыкі Аляксей Шэін і Юрась Беленькі, моладзевы лідар Андрэй Кім, актор Павал Харланчук.

Служэнне за палітвязняў распачалося спевамі песень-праслаўленняў Богу, Ягонай усёмагутнасці, здольнай уратаваць Беларусь. Пасля традыцыйнай пропаведзі, на гэты раз прысвечанай палітвязням, адбылася насычаная вобразамі і заклікамі малітва за свабоду і здароўе вязняў. Малітва была пабудавана ў выглядзе слайдшоў: на асобных слайдах людзі маглі бачыць імя і прозвішча, фотаздымак, месца адбыцця пакарання кожнага асуджанага па крымінальнай справе за “беспарадкі 19 снежня. Людзі маліліся за кожнага арыштанта паасобку, узносілі малітвы і за “хуліганаў Дашкевіча і Лобава, усіх арыштаваных анархістаў, за зняволенага Алеся Бяляцкага.

Пасля малітвы пастар папрасіў выйсці наперад экс-палітвязняў і сваякоў тых, хто адбывае пакаранне зараз. Наста Палажанка, Уладзь Яроменак, Алесь Кіркевіч, Марына Адамовіч (жонка Міколы Статкевіча), Вольга Бандарэнка (жонка Змітра Бандарэнкі), Юры і Марына Лобавы (бацькі Эдуарда Лобава), Святлана Вінаградава (жонка Паўла Вінаградава) маліліся супольна перад іншымі прыхаджанамі. Кожны з іх атрымаў невялічкі падарунак у памяць пра гэтае царкоўнае служэнне: аўдыё-кнігу “Новы Запавет па-беларуску і дыск “Мур хутка рухне, прысвечаны падзеям 19 снежня.

Наста Палажанка ў інтэрв’ю “Новаму Часу выказала спадзяванне, што гэтае публічнае служэнне — не апошняя царкоўная малітва за палітвязняў: “Ян Прадвеснік ніколі не быў чужы да праблемаў тых людзей, што пакутуюць ад несправядлівасці ў гэтай краіне. Царква, што спавядае хрысціянскую Беларусь, не можа быць абыякавая да тых, хто змагаецца за краіну. Нам важна было сабраць людзей, што суперажываюць гэтае ідэі, сабраць сваякоў і сяброў палітвязняў, каб выказаць ім сваю пашану і падтрымку. Каб упэўніць у тым, што яны не адны — і гэта ні іх прыватная бяда, а бяда нацыянальная. Калі Царква будзе стаяць у праломе за гэтую краіну, за гэтых людзей — рана ці позна ўсе будуць на свабодзе. Мы спадзяемся, што падобныя малітвы за палітвязняў, служэнні адбудуцца ў іншых цэрквах, храмах, касцёлах Беларусі.

Каментаваць