«Дзея» збірае подпісы за наданне БарДУ імя Барыса Кіта

Актывісты грамадскага руху "Дзея" ініцыявалі збор подпісаў за тое, каб надаць Баранавіцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Барыса Кіта.

Барыс Кіт (1910-2018) — выбітны патрыёт Беларусі, сусветна прызнаны матэматык і фізік, прафесар вядучых амерыканскіх і еўрапейскіх універсітэтаў, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Беларуская частка жыцця Барыса Кіта непасрэдна звязана з рэгіёнам Баранавічаў. Сям’я Кітоў паходзіць з вёскі Агароднікі Навагрудскага павету (цяпер Навагрудскі раён). Народжаны ў Петраградзе, Барыс Кіт у 1918 годзе разам з бацькамі вярнуўся на Наваградчыну. Скончыў народную школу ў Карэлічах (1926), Навагрудскую беларускую гімназію (1928), фізічна-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэту (1933). За беларускую дзейнасць ён двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 года быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, стаў яе дырэктарам у 1939 годзе. З восені 1939 года ён — дырэктар адроджанай беларускай гімназіі ў Наваградку. Потым Барыс Кіт стаў акруговым інспектарам па адукацыі г. Баранавічы і Баранавіцкай вобласці і, такім чынам, пад яго кантроль ўвайшлі ўсе школы Баранавіцкага, Навагрудскага, Слонімскага, Валожынскага, Ваўкавыскага раёнаў. На працягу года ён адкрыў сотні пачатковых і дзясяткі сярэдніх беларускіх школ. Адначасова з гэтай дзейнасцю быў яшчэ і выкладчыкам матэматыкі ў Інстытуце настаўнікаў у г. Баранавічы.

"Упэўненыя, надаванне імя Барыса Кіта УА “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт” палепшыць імідж установы, пашырыць магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва і паспрыяе будаванню трывалых традыцыяў універсітэцкай адукацыі ў Баранавічскім рэгіёне", — адзначаецца ў петыцыі.

Падчас Дзея-дэсанту ў Баранавічы 15 красавіка актывісты сабралі каля 250 подпісаў. Збор подпісаў працягваецца пад электронным зваротам

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць