«Бабы нараджаюць, мужыкі — працуюць»

У ЗША Дзень бацькі — сапраўднае свята, да якога рыхтуюцца загадзя. А вось у Беларусі яно прайшло амаль незаўважна. Можа таму, што мы яшчэ жывём стэрыятыпамі?

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота



Пра тое, як святкуецца Дзень бацькі ў ЗША, распавядае Элізабет Лоўлер, заснавальнік і дырэктар IT-кампаніі з Масачусэтсу:

«Гэта вельмі значная традыцыя. Нават мае калегі па бізнэсе, якія ведаюць, што ў нас ёсць сур'ёзныя дэдлайны, усё адно будуюць свой працоўны расклад вакол гэтага важнага свята. Звычайна, наша сям'я выбіраецца на пікнік ці ў паход. Малодшыя дзеці робяць падарункі сваімі рукамі, старэйшыя бяруцца за хатнюю працу, каб тата мог трошкі адпачыць. Увогуле, традыцыйная ідэя Дня бацькі такая: «Тата ідзе гуляць у гольф». Але з сённяшнім хуткім тэмпам жыцця, я думаю, таты хутчэй хочуць правесці гэты дзень са сваімі сем'ямі»
.

У Беларусі дзень бацькі пакуль адзначаецца хутчэй у форме публічных мерапрыемстваў.  Напрыклад, як паведамляе БЕЛТА, у сталічным парку імя Горкага адбудзецца канцэртная праграма, татаў, мам і дзяцей чакаюць конкурсы і спаборніцтвы. Арганізатарам Дня бацькі выступае рэспубліканскае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне «Клуб Львоў» сумесна з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Першая такая акцыя прайшла ў 2013 годзе. 


Не толькі святы


Бацькоўства — гэта не толькі свята, але і цяжкая праца. У Беларусі асноўны цяжар традыцыйна кладзецца на плечы жанчыны: гэта і перапынак у кар'еры, і паніжэнне даходу, і кругласуткавыя клопаты, і вымушаная ізаляцыя.  Ці гатовыя таты дапамагаць у гэтай справе?  

У шмат якіх заходніх краінах удзел таты ў «дэкрэтных клопатах» гэта ўжо звычайная з'ява. Некаторыя публічныя асобы адкрыта падаюць прыклад. Шырокі розгалас атрымала заява Марка Цукерберга, які пакінуў справы на 2 месяцы, каб гадаваць нованароджаную дачку.

У Беларусі таты афіцыйна могуць ісці ў аплочаны адпачынак па наглядзе за дзіцём. Але карыстаецца гэтым правам толькі 1% мужчын. Нядаўна была агучана ініцыятыва зрабіць дэкрэт для татаў абавязковым, але прапанова будзе абмяркоўвацца і прапрацоўвацца не адзін год.

 

Чаму беларускія таты не ідуць у дэкрэт?  

Па-першае, грошы. Сярэдні заробак беларускай жанчыны на 25% менш, чым у мужчын.
Па-другое, традыцыйныя погляды. У параўнанні з жыхарамі заходніх краін, нашмат больш беларусаў лічаць, што мужчына мусіць здабываць рэсурсы, а роля жанчыны — занятак хатняй гаспадаркай. Апытанні насельніцтва паказалі, што з выказваннем  «Мужчына павінен зарабляць грошы, а жанчына займацца хатнімі абавязкамі» цалкам ці часткова пагадзіліся 66.6% беларусаў і толькі 7.6% шведаў.

Чытайце таксама Мужчына ў дэкрэтным: дзіва ці шараговая з’ява

Але ў параўнанні з сітуацыяй дзесяці або дваццацігадовай даўніны, зрухі ёсць. Мы запыталіся ў некалькіх маладых татаў, як яны ставяцца да магчымасці пайсці ў дэкрэт. Меркаванні атрымаліся розныя, але само пытанне здзіўлення не выклікала.


Андрэй, праграміст, днямі стаў бацькам адразу дваіх хлопцаў
:

«Фонам дома звычайна круціцца які-небудзь серыял, і ў адной з апошніх серый я пачуў такую ​​фразу, кінутую «бандытам з 90-х»: «Бабы нараджаюць, мужыкі працуюць». Можа і грубавата, але фраза ёмка апісвае тое, што круціцца ў галаве. Дзіцяці з нараджэння патрэбна ласка, клопат і далікатныя рукі. Якім бы добрым не быў я, як бацька, у мамы гэта будзе больш натуральна і лепш для нованароджаных. А калi мацi і дзеці будуць шчаслівыя і будуць толькі ўсміхацца, гэта будзе толькі пазітыўна адбівацца на атмасферы ў сям'і».


Глеб, індывідуальны прадпрымальнік-фрылансер
:

«Я працую дома, гэта свядомы выбар, які дае магчымасць увесь час быць побач з сям'ёй. Адпаведна, і клопаты аб малым сыне мы з жонкай паспяхова дзелім. Калі быць шчырым, мамінага часу дзіцяці дастаецца больш, чым майго, але ўсё ж гадуем мы яго разам. Так, давялося пайсці на пэўнае зніжэнне аб'ёму працы і адпаведна, даходаў. Але магчымасць быць разам таго вартая».


Сяргей, антыкрызісны ўпраўляючы, месяц таму стаў бацькам другога дзіцяці
:

«У дэкрэт пайшоў бы без усялякіх умоваў. Я абедзвюма рукамі за дэкрэт для татаў, бо пакуль сам не паспрабуеш, не зразумееш, наколькі гэта складана». Зараз маленькага сына гадуе мама, а вось са старэйшай дачкой пэўны час у дэкрэце сядзеў менавіта Сяргей. І ўсе пры гэтым пачувалі сябе выдатна.


Глеб Лабадзенка, журналіст, заснавальнік курсаў «Мова нанова»:


 «Асабіста я двойчы прысутнічаў на родах, таму мне ўжо нічога не страшна! Калі сур'ёзна, то лічу прымус у любой справе лішнім. Опцыя, каб з дзіцём сядзела не толькі мама, але і тата, бабуля і нават дзядуля, ёсць і цяпер. Я двойчы рабіў інтэрв'ю з такімі дзядамі, якія па-майстэрску варылі кашу і мянялі памперсы. Ведаю сям'ю, дзе пэўны час сядзеў тата, але гэта было выклікана чыста эканамічнымі прычынамі: мама не хацела страціць працу, дзе зарабляла часам больш мужа. Мне здаецца, што гэта асабістая справа кожнай сям'і — каму і з якіх меркаванняў лепей сядзець у дэкрэце. Асабіста я не хацеў бы, каб за мяне гэта вырашала дзяржава».


Як таты ходзяць у дэкрэт у іншых краінах?



У Швецыі  тата па законе павінен правесці са сваім дзіцем як мінімум 2 месяцы. Астатнія 14 месяцаў у дэкрэтным адпачынку праводзіць мама ці бацькі дзеляць яго паміж сабой па сваім меркаванні. У Нарвегіі бацька абавязаны сядзець з дзіцём да 10 тыдняў, у Ісландыі — 5 месяцаў.


Кітайскія бацькі могуць узяць дэкрэтны адпачынак на тэрмін ад 90 да 120 дзён з захаваннем поўнай зарплаты і іншых выплат.


У Вялікабрытаніі таты маюць законнае права правесці да 2 тыдняў з малым з захаваннем да 90% заробку.

У Партугаліі тата па законе абавязаны правесці з малым 5 дзён у аплачваемым дэкрэтным адпачынку. За парушэнне гэтага закона нядбайнаму бацьку належыць штраф.

Іспанскія таты могуць пайсці ў дэкрэтны адпачынак і правесці ў ім да 10 тыдняў. Такім правам мужчыны карыстаюцца тады, калі мамы, правёўшы з дзіцем абавязковыя 6 тыдняў, хочуць вярнуцца на працу. 

Каментаваць