Дзень барацьбы за годную працу

7 кастрычніка ў сталічным Парку імя 50-годдзя Кастрычніка адбыўся мітынг, арганізаваны Беларускім Кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў. Акцыя, у якой узялі ўдзел каля ста чалавек, была прысвечана Сусветнаму дню барацьбы за годную працу.

7 кастрычніка ў сталічным Парку імя 50-годдзя Кастрычніка адбыўся мітынг, арганізаваны Беларускім Кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў. Акцыя, у якой узялі ўдзел каля ста чалавек, была прысвечана Сусветнаму дню барацьбы за годную працу.

Сярод тых, каго можна было ўбачыць на мітынгу, апроч прафсаюзных лідэраў і прадстаўнікоў прадпрыемстваў, былі старшыня аргкамітэту па стварэнні Народнай грамады (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) Мікалай Статкевіч, першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, старшыня ствараемай Беларускай партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў, актывісты дэмакратычных моладзевых арганізацый і іншыя вядомыя асобы.

Старшыня БКДП Аляксандр Ярашук нагадаў, што гэты дзень адзначаецца па ініцыятыве Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, сябрам якой з’яўляецца і Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. «Прыстойная праца — гэта ўсё тое, што забяспечвае чалавеку прыстойнае жыццё. Менавіта таму Міжнародная арганізацыя працы яшчэ дзесяць год таму ўстанавіла крытэрыі прыстойнай працы», — адзначыў лідэр БКДП.

«Ці можа беларускі працоўны сёння казаць, што ён мае прыстойны заробак? — задаўся пытаннем Ярашук. — Ці можа лічыцца нармальным сярэдні заробак па краіне ў памеры 350 долараў? Не, не можа. Тым больш калі лічыць, што мы жывем у краіне з еўрапейскім узроўнем цэн». Таксама прафсаюзны лідэр звярнуў увагу на тое, што многія працоўныя заняты не поўны тыдзень, атрымліваюць урэзаныя аклады. Было згадана і пра парушэнні правоў незалежных прафсаюзаў, пра пераслед прафсаюзных лідэраў і нават простых людзей, якія жадаюць уступіць у незалежны прафесійны саюз.

Але самай балючай тэмай для прафсаюзаў і працоўных, па словах выступоўцаў, з’яўляецца прыніжальная кантрактная сістэма. Падчас акцыі выступалі рабочыя розных прадпрыемстваў, ужо існуючых і ствараемых прафсаюзаў. Практычна ўсе адзначалі хібы кантрактнай сістэмы, узгадвалі факты парушэння правоў працоўных.

Пры канцы мітынгу яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, у якой, апроч іншага, запатрабавалі адмены Дэкрэта № 29, што дзесяць год таму ўвёў у Беларусі кантрактную сістэму. Афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў ад адзначэння Сусветнага дня барацьбы за годную працу ўстрымалася.

Каментаваць