Дзень і год Ірыны Казулінай

23 лютага 2008 года. Трагічны дзень для Ірыны Казулінай. Апошні дзень яе зямнога жыцця. Трагічны для яе мужа Аляксандра Казуліна, палітычнага змагара. Трагічны тым больш, што ён не мог быць побач з ёю, бо па несправядліваму прысуду знаходзіўся за калючым дротам калоніі. Трагічны для родных і блізкіх.

 



І гэты дзень стаўся днём смутку і болю для тысяч людзей, што паверылі кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну ў яго імкненні змяніць жыццё краіны да лепшага. Паверылі ў тым ліку — а многія і найперш — дзякуючы Ірыне Казулінай.

Не, яна не была паплечніцай свайго мужа ў наўпроставым сэнсе гэтага слова: не займала ніякіх пасад ні ў яго перадвыбарчым штабе, ні ў партыі. Не выступала з прамовамі. Не ўплывала на рашэнні. Не пісала тэкстаў улётак і зваротаў. Сціпла трымалася ў баку.

Яна забяспечвала сямейны тыл. Але ж і не растварылася ў мужы, у дзецях, у сям’і. Яна была асобай, са сваім унутраным сусветам. Асобамі выраслі і дзве іх дачкі. Сям’я як супольнасць асоб, роднасных душ, дзе кожны — сусвет і кожны апора адзін аднаму.

Але ж і не заўважыць Ірыну Іванаўну было немагчыма: лёгкая, прыгожая, усмешлівая, з вялікімі выразнымі вачыма. Ад усёй яе постаці струменілася прыязнасць і добразычлівасць да людзей, як стан душы, што немагчыма сыграць. Людзі гэта беспамылкова адчувалі.

І менавіта яна сталася душой і сімвалам нават не перадвыбарчай кампаніі, а, так бы мовіць, агульначалавечай мары пра шчаслівую сям’ю, шчаслівае жыццё. Жыццё абароненае і трывалае, якое ніхто б не меў права і, галоўнае, не меў магчымасцяў ніякім чынам парушыць. Менавіта яе барацьба за вызваленне мужа, у абарону гонару і годнасці, супраць несправядлівасці і свавольства ўлады і надала барацьбе Аляксандра Казуліна высокі і светлы сэнс. І разам з тым такі зямны і просты, такі зразумелы кожнаму сэнс.

Яна дапамагла зразумець, што за ўлюблёным у аўтарытарных лідэраў лозунгам пра перавагу інтарэсаў народа і краіны над уласнымі, над інтарэсамі сваёй сям’і хаваецца выключна прага ўлады, сваёй — асабістай і неабмежаванай.

Ірына Іванаўна амаль не з’яўлялася на палітычных імпрэзах Аляксандра, пакуль яго прэзідэнцкая кампанія не набыла небяспечны для яго характар.  З таго моманту — яна заўсёды побач. Насуперак волі мужа. Яна адлучылася толькі адзін раз, 25 сакавіка, калі Аляксандр Казулін рушыў на чале мірнай калоны дэманстрантаў да турмы на Акрэсціна. Меркавала — на паўгадзінкі, каб падрыхтаваць бутэрброды для яго і паплечнікаў, для перадачы (а раптам атрымаецца) зняволеным. Аказалася — на ўсё жыццё.

За выключэннем судовага працэсу і некалькіх спатканняў у калоніі. Працэс для яе быў неверагодна цяжкім выпрабаваннем, дзе лінія сувязі — усяго толькі стрэчныя позіркі над судовым бар’ерам — з клеткі ў залу і наадварот. А вось спатканні ў калоніі — як глыток жыцця і кахання. Нават тады, калі Аляксандр трымаў, рызыкуючы жыццём, сваю беспрэцэдэнтную 53-дзённую галадоўку. А яна вяла сваю беспрэцэдэнтную барацьбу за яго вызваленне. Ахвяруючы сабой, не звяртаючы ўвагу на рак, які спакваля з’ядаў яе жыццё.

Бясконцая чарга сустрэч, паездак, выступленняў, інтэрв’ю. Без гучных фраз. Без ноткі істэрыкі, з вытрымкай і годнасцю. Метастазы пазбавілі Ірыну Іванаўну голасу. Яна гаварыла шэптам. І яе шэпт пачулі. Палітыкі і дыпламаты. Грамадскія дзеячы і вучоныя.

Ірына ратавала жыццё мужа, яе ўласнае ж згасала. Яна стойка і з гонарам вытрымала яшчэ адзін удар: абразлівы каментар кіраўніка дзяржавы з нагоды адмовы Аляксандра Казуліна прыняць вызваленне на капітулянцкіх пачатках. Але ці не забраў гэты ўдар апошнія сілы?.. Яна зусім крыху недачакалася выхаду мужа на волю.

Яна змагалася за выратаванне яго жыцця, за яго вызваленне. За гонар і годнасць — яго і свае. А атрымалася — за гонар і годнасць усіх людзей, за іх жыццё ў свабодзе. За гонар, годнасць і ўнутраную свабоду Беларусі.

Сваім жыццём і смерцю яна дапамагла людзям зразумець, што ёсць нешта, праз што нельга пераступаць. Яна прымусіла нават улады ўзгадаць пра міласэрнасць. І калі на яе пахаванне не адпускалі з калоніі Аляксандра Казуліна — сотні людзей выйшлі на плошчу з пратэстам. Улады вымушаны былі саступіць. А потым тысячы прыйшлі ў Чырвоны касцёл, каб развітацца з Ірынай Казулінай.

І вось прайшоў год без яе. Без яе фізічнай прысутнасці на зямлі. Але пры яе духоўным уплыве. Канешне, многае сцерлася, як бы знікла, развеялася на злых віхурах штодзённасці. Але ж вядома, што дабро ў чалавечым сусвеце прырастае зярняткамі ад учынкаў кожнага, таму і перамагае зло. Ад Ірыны Казулінай дадалося разуменне перавагі кахання над смерцю, міжчалавечай салідарнасці над варожасцю, каштоўнасці свабоды над каштоўнасцю «чаркі і шкваркі».

Каментаваць