Дзень Волі пад дажджом, але ў добрым настроі

Беларуская дэмакратычная супольнасць 25 сакавіка адзначыла 94-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Нягледзячы не вельмі кепскае надвор’е, у шэсці і мітынгу агулам, па розных падліках, узялі ўдзел ад трох да пяці тысяч чалавек. Людзі не спалохаліся непагадзі. Як прыроднай, так і палітычнай.



У нядзелю кволае сонца змянялася дажджом уперамешак са снегам ды нават градам, якіх суправаджалі моцныя парывы халоднага ветра. Тым не менш, бліжэй да 14-й гадзіны, калі мусіла пачацца шэсце ад будынку Прэзідыюма Нацыянальнай акадэміі навук, тут ужо знаходзіліся некалькі тысяч чалавек. Сярод прысутных былі заўважаны лідэры палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, дэмакратычных моладзевых арганізацыяў, проста вядомыя ў краіне людзі, як то Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, паэт Генадзь Бураўкін ды многія іншыя асобы, якіх можна назваць гонарам нацыі.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў зладзілі “мінігета – пляцоўка каля Акадэміі навук была агароджаная турнікетамі, а людзей прапускалі ўнутр “загону пасля праходжання персанальнага дагляду. За Акадэміяй навук прыпаркаваліся знаёмыя па ўсіх грамадскіх мерапрыемствах “аўтазакі. 

Мора сцягоў – гістарычных бел-чырвона-белых, еўрасаюзаўскіх і партыйных, шматлікія плакаты і лозунгі, якія мусяць быць вельмі недаспадобы дзеючай уладзе: “Лукашэнка – гэта тупік, “Дзе мае 500$?, “Свабоду палітвязням! і гэтак далей. А людзей усё болела і болела. І вось а 14-й гадзіне старшыня аргкамітэту Уладзімір Колас (ён жа кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі) даў старт шэсцю. А прырода нібы таго і чакала – адразу ж пачалася натуральная залева, прычым са снегам.



Калона дэманстрантаў рушыла ў бок плошчы Бангалор. Людзі прытрымліваліся правілаў дарожнага руху, бо праваахоўнікі на чале са “славутым намеснікам ГУУС Мінгарвыканкама Ігарам Яўсеевым вырашылі не перакрываць рух транспарту на скрыжаваннях. Тым не менш, шэсце прайшло мірна і без правакацыяў. А вось у Парку Дружбы народаў чакала непрыемнасць. Немаведама чаму міліцыянты “арыштавалі аўтамабіль – гукаўзмацняльнік (ёсць такія спецмашыны, якія выкарыстоўваюцца падчас масавых мерапрыемстваў) і адправілі яго ў РУУС Савецкага раёна. Па словах аднаго з арганізатараў акцыі Віктара Івашкевіча, на гэтую машыну была заключана дамова ў адной з дзяржаўных установаў, арганізатарам акцыі “мацюгальнік на колах абышоўся амаль у сто долараў у эквіваленце. У рэшце рэшт, выступоўцы былі змушаны карыстацца банальнымі мегафонамі, якія аздаблялі навакольлле пранізлівым віскам ды хрыпам, прычым часам не было разабраць словаў прамоўцаў, нават стоячы ў некалькі метрах ад іх. (Дарэчы, ужо колькі разоў апазіцыянеры-арганізатары нарываліся на такія непрыемнасці з гукам, калі ўлады чынілі аналагічныя перашкоды, але ранейшыя ўрокі, відаць, не пайшлі на карысць тым, хто ладзіць падобныя мерапрыемствы). 



Прайшло багата часу, пакуль грамада прасачылася праз чарговыя кантрольныя пункты. Нарэшце пачаўся мітынг. Уладзімір Колас адразу папрасіў прабачэння за тое, што выступоўцы будуць карыстацца мегафонамі, і назваў арышт гукаўзмацняльнай тэхнікі правакацыяй з боку праваахоўных органаў, якія “парушылі папярэднія дамоўленасці. “Гэтая дата павінна святкавацца на дзяржаўным узроўні, на самых ганаровых пляцоўках нашай сталіцы. На вялікі жаль, пакуль гэта не так. Гэтая дата з’яўляецца вянцом шлаха беларусаў па пабудове свёй уласнай незалежнай дзяржавы. За гэтую дату паклалі свае жыцці шматлікія героі нашай Бацькаўшчыны. Але не ўсё ў нашай гісторыі было так цудоўна і так прыгожа. Былі перыяды заняпаду, раздраю, здрады, калі дзеля ўласных інтарэсаў і амбіцый людзі адракаліся ад нашай мовы, ад нашай тоеснасці, ад нашай дзяржаўнасці. І тое, што беларусы, нягледзячы на стагоддзі заняпаду, каланіяльнай прыгнечанасці, усё ж здолелі 25 сакавіка 1918 года абвясціць аб незалежнасці Беларусі, гэта, безумоўна, вялікае здзяйсненне. Таму гэтае свята – свята надзеі. Удалося ім – удасца і нам. Жыве Беларусь!, - прамовіў Уладзімір Колас.    

Намеснік старшыні мастацкай суполкі “Пагоня Алесь Марачкін агучыў на мітынгу зварот старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы. Яна павіншавала грамадзянаў Беларусі з Днём Волі. “Мы здабылі незалежнасць 25 сакавіка 1918 года і захоўваем да гэтага часу ідэалы 25 сакавіка, нягледзячы на шматлікія перашкоды, таму што былі сярод нас героі, якія разумелі кошт волі і бязмежна любілі свой край і свой народ. Гэта маё сакавіцкае прывітанне хачу прысвяціць аднаму з нашых сучасных герояў, над жыццём якога варожы рэжым здзекуецца сёння - Сяргею Каваленку, - піша ў сваім звароце Івонка Сурвіла. Спасылаючыся на словы Сяргея Каваленкі, яна падкрэсліла, што дабрабыт народу не можа быць без культуры, а яе падмуркам з’яўляецца родная мова і нацыянальныя каштоўнасці, гісторыя краіны. Па словах Івонкі Сурвілы, толькі народ здольны ўратаваць сваю краіну і вызваліць Сяргея Каваленку з турмы. “Наша чарга  дзейнічаць, дзесяць мільёнаў галасоў беларусаў не застануцца без адказу, – упэўнена старшыня Рады БНР.

© Новы Час / Мікіта Броўка



На Дзень Волі ў Мінск прыехала і Алена Каваленка, жонка  галадаючага палітвязня. Алена з подыюма звярнулася да афіцыйнага кіраўніка з заклікам вызваліць яе мужа і ўсіх палітычных зняволеных. “Шмат палітвязняў знаходзіцца ў вязніцах і яны пакутуюць за нашую незалежнасць, за тое, каб мы маглі звацца беларускім народам. Я прашу Аляксандра Лукашэнку праявіць хрысціянскую міласэрнасць і вызваліць усіх палітвязняў і майго мужа Сяргея Каваленку з вязніцы, - сказала жонка галадоўшчыка. 

З прамовамі на мітынгу выступілі таксама лідар Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карнеенка, старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, драматург Уладзімір Халіп. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначыў, што сёння Беларусь як ніколі наблізілася да страты свайго эканамічнага і палітычнага суверэнітэта з тае прычыны, што кіраўніцтва Беларусі аддае Расіі найлепшыя актывы, зацугляе сябе яшчэ больш праз узвядзенне ў Беларусі расійскай атамнай элекстрастанцыі. Культурніцкім аздабленнем мітынгу сталі выступы вядомага спевака і кампазітара Змітра Вайцюшкевіча і барда Андрэя Мельнікава.


Фота 1 — Генадзь Кеснер

Фота 2-5 — Мікіта Броўка

Каментаваць