Дзяды як агульная гісторыя

Сённяшняе шэсце “Дзяды” ў Мінску было, у нейкім сэнсе, юбілейнае. 25 год таму, у 1988 годзе, шэсце да Курапатаў на чале з Зянонам Пазьняком прадэманстравала, што Беларусь — гэта не “Вандэя перабудовы”, а ўсё ж нармальная рэспубліка з нармальнымі людзьмі. Адтуль, з тых “Дзядоў”, пачаўся адлік шляху да незалежнасці краіны.



Канешне, у параўнанні з тымі Дзядамі сённяшняе шэсце выглядала ніякавата. Але ж выклікі для краіны зараз не тыя, не тая ўвага грамадства да сталінскіх рэпрэсій, і народ зараз больш сыты, што ні кажы. Але тое, што ёсць людзі, якія здольныя ўзгадваць падзеі мінуўшчыны праз сваё сэрца, гэта ўжо добра.

Варта зазначыць, што не тая ўжо зараз і міліцыя. Падавалася, што яны да 25-годдзя шэсця падрыхтаваліся больш добра, чым нават самі ягоныя ўдзельнікі. Па сведчаннях відавочцаў, зранку да Курапатаў скіраваліся штук пяць-шэсць “аўтазакаў”. Само шэсце пастаянна суправаджалі адныя і тыя ж машыны з зацемненым шклом. На скрыжаваннях і “ключавых кропках” — машыны ДАІ і інспектары ППС. Але тое, што ўсё будзе мірна, не выклікала ні ў каго сумневаў. Міліцыянты ў штацкім, што суправаджалі калону, маглі расслабіцца.

Увогуле, міліцыянтаў нейкім часам было нават шкада. Па хадзе шэсця даводзілася чуць іх размовы па мабільнікам. Нехта скардзіўся на “сарваны” выходны, а нехта разрульваў сітуацыю: “Ён усё расказвае? Кажа, што прылады злачынства схаваў на гарышчы? Добра. І паказвае нармальна?”. Відавочна, дзядзьку з крымінальнага вышуку вырвалі з важнай і патрэбнай працы на нікому не патрэбнае “ўзмацненне” аховы акцыі.

Як звычайна, пачаўшыся ад гадзіннікавага завода “Прамень” у колькасці каля 300 чалавек, пад канец, да вуліцы Гамарніка, колькасць удзельнікаў шэсця ўзрасла прыкладна ўдвая. Не кожны здолее прайсці больш за 12 кіламетраў зараз, таму людзі, як звычайна, пад’язджалі на грамадскім транспарце, далучаліся да акцыі “па ходу”. Канешне, і 600 чалавек для такога традыцыйнага шэсця малавата. Калі казаць шчыра, да тысячы ўдзельнікаў арганізатары не дабралі. Але ж і гэта няблага, асабліва ў параўнанні з 2010 годам, калі ў “Дзядах” удзельнічала толькі 200 чалавек.

І, канешне, мае рацыю Юрась Беленькі, які не першы год падкрэслівае: у традыцыйным шэсці на “Дзяды” ўдзельнічае, пераважна, моладзь. Гэта знак пераемнасці пакаленняў і знак таго, што хоць частцы моладзі, але не ўсё роўна, як жылі продкі і што з імі сталася. Канешне, феномен цікавы, асабліва для сацыяпсіхолагаў. Чаму моладзь падтрымлівае традыцыйную, і, здавалася б, “старпёрскую” акцыю? Чаму яе больш на “Дзядах”, чым на тым жа Дні Волі сёлета? І куды яна потым знікае, пасталеўшы? Бо зараз на “Дзядах” шмат новых твараў і не вельмі шмат тых, хто прыходзіў на гэтую акцыю год з пяць таму.

Канешне, моладзь і іншая бывае. Некаторыя заўважылі нават “інцыдэнт” у тым, што група маладзёнаў нападпітку абклалі матам удзельнікаў шэсця, заявіўшы, што яны “за Расію”. Дык такіх заўсёды вакол “Дзядоў” шмат, і не толькі маладых. Нейкая старая ў маразматычным узросце таксама дала волю словам. Нейкая міначка ў адказ на заклік Юрася Беленькага рухацца павольней, бо гэта “нашае свята і нашая зямля”, як бы пра сябе адзначыла: “Гэта вы так думаеце, а тыя, хто сядзіць ва ўладзе, мяркуюць інакш”. Прычым, сказала гэта на чысцюткай беларускай мове. Мінакі неяк абстрагавана ставіліся да шэсця, і большая ўвага да яго была прыкаваная не з вуліцы, а з пятых — шостых паверхаў дамоў, каля якіх рухаліся дэманстранты.

Дарэчы, нейкія “крамольныя” настроі былі нават у тых, што ў шэсці ўдзельнічаў. Адзін з такіх удзельнікаў прызнаўся: ён прыхільнік таго, каб рускія, украінцы і беларусы былі б разам. Але ў шэсці ён удзельнічае не таму, што “нацыяналіст”, а таму, што хоча, каб пра Курапаты не забываліся дзеля таго, каб гэткая трагедыя ніколі не паўтаралася. Таксама варты ўвагі аргумент для ўдзелу ў шэсці, хоць, падаецца, гэты маладзён і тыя, хто ішоў побач з ім, ідэалагічна розныя.

Сапраўдны інцыдэнт адбыўся толькі з гамяльчанінам Юрыем Рубцовым. Ён прыйшоў на акцыю ў майцы з надпісам “Лукашэнка — сыходзь” на грудзях. На спіне было напісана, што адзін раз выбраны — прэзідэнт, а чатыры разы — ужо самадзержца. Яшчэ напачатку шэсця міліцыянты запатрабавалі яго зняць гэтую майку, але ён адмовіўся. Па заканчэнні мітынгу і шэсця яго і затрымалі каля дыспетчарскай станцыі “Карбышава”.

І яшчэ, чаго я не магу зразумець. Чаму заўсёды гэты дзень і арганізатары, і мінакі, і знаёмыя называюць “святам”? Бо не свята гэта, а дзень памінальны. Гэта такая ж недарэчнасць, якую праявіў нейкі міліцыянт падчас суду над удзельнікамі “Чарнобыльскага шляху” ў нейкім годзе, заявіўшы, што дэманстранты “святкавалі гадавіну Чарнобыльскай катастрофы”. Як не святкуюць Чарнобыль, так, пэўна, і “Дзяды” не святкуюць.

Канешне, такім разам жалобных дзён у беларусаў атрымліваецца значна больш, чым святаў. Святкаваць застаецца хіба што толькі ўгодкі БНР. Але што ж зробіш, такая ўжо ў нас гісторыя — на крыві. Не лепшая, але і не горшая за астатніх.

Фота Сяргея Пульшы

Каментаваць