«Дзякуючы райвыканкаму, у вёсцы Грозаў няма вайны»

Але, апроч вайны, там яшчэ шмат чаго няма. Напрыклад, няма дзе цывілізавана памыцца. Мыцца сялянам даводзіцца ў сярэднявечных начоўках, бо мясцовыя ўлады не рамантуюць лазню.  



Калектыўныя звароты жыхароў Грозаўскага сельскага савета ў Капыльскі райвыканкам далі першыя плады. 20 жніўня ў у мясцовым доме культуры адбыўся адмысловы сход жыхароў, які арганізавала кіраўніцтва райвыканкама. На сходзе прысутнічалі старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, старшыня раённага савета дэпутатаў Ірына Кісляк, кіраўнікі іншых арганізацый: ДРСУ-124, Цімкавіцкага аўтобуснага парка №21, КУП «Капыльскае ЖКГ», старшыня СПК «Грозаў-агра» Рыбак А., старшыня Грозаўскага сельскага савета Жана Скрыган.
 

Бадай, упершыню сяляне маглі ўбачыць такое мноства кіраўнікоў у адным месцы.


 

Першапачаткова сход праходзіў у лагодным русле, якое задало кіраўніцтва райвыканкама і прагучала ў выступленні Анатоля Жданені прыкладна так:



— Вось вы нам напісалі, а мы адразу ж прыехалі, каб разам агучыць праблемы і прыняць рашэнне. Паверце, мы ўсё робім, што ў нашых сілах, каб у вас было добра і было яшчэ лепш.



Узрушаныя нязвыклай клапатлівасцю начальства, сяляне сталі скардзіцца на тое, што ім не так ужо і добра, перабіваць выступы кіраўнікоў з месца.



Мужчыны і жанчыны гаварылі пра тое, што ў калодзежах вёскі Грозаў па выніках праверкі санстанцыі вада не адпавядае нарматывам якасці, да таго ж яе не хапае для элементарных патрэб, пра тое, што аўтобусы ходзяць праз Грозаў абы як, не ў зручны час для вяскоўцаў, не ўпарадкаваны аўтобусны прыпынак, а мыцца сялянам даводзіцца ў сярэднявечных начоўках і пра многае іншае.



Дарэчы, вядучая сходу Ірына Кісляк, агучыла на сходзе не ўсе пытанні, пад якімі вяскоўцы ставілі подпісы. Так, мела месца спроба замаўчаць пра калектыўны зварот, які падпісалі 145 чалавек па пытанню зарослых пустуючых участкаў і вялізнай плантацыі баршчэўніка Сасноўскага, які з усіх бакоў наступае на грозаўскія агароды.



Мне асабіста давялося напомніць чыноўнікам аб тым, пра што яны забылі. Зарослыя вёскі і распаўсюджванне баршчэўніка — адна з галоўных праблем, да якіх я хачу прыцягнуць увагу чынавенства і грамадскасці ў ходзе агульнацыянальнай кампаніі «Зробім лепш».



У адказ на агучаную праблему кіраўнік райвыканкама раптам стаў прасіць жыхароў вёскі, каб «яны не паддаваліся на правакацыі», бо ў нас няма вайны, сяляне маюць хлеб, каб есці, а грошай ў дзяржаве мала.



Імкненне людзей жыць у цывілізаванай вёсцы без асоту чамусьці было ўспрынята галоўным чыноўнікам раёна як правакацыя. Па логіцы, галоўным правакатарам у краіне цяпер патрэбна лічыць Міністэрства ЖКГ, якое прадугледжвае ў Правілах утрымання населеных пунктаў адказнасць мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады за барацьбу з пустазеллем на пустуючых участках і з баршчэўнікам Сасноўскага.



Слухаць моўныя «віражы» чыноўнікаў было і сумна, і смешна адначасова.



Хтосьці з людзей у зале з гумарам падзякаваў старшыні райвыканкама за тое, што, дзякуючы райвыканкаму, у вёсцы Грозаў няма вайны. Бо больш няма за што дзякаваць.



Па выніках сходу чыноўнікі паабяцалі жыхарам вёскі арганізаваць дадатковы аўтобусны рэйс у Слуцк па нядзелях, арганізаваць адмысловыя «памывачныя» дні для вяскоўцаў у адным з адрамантаваных памяшканняў рамонтнай майстэрні «Грозаў-агра», дзе ёсць душавыя пакоі. Таксама прагучала абяцанне разгледзець пытанне аб будаўніцтве ў аграгарадку Грозаў вадаправода.


Спадарыня Алена, падпісаўшая суправаджальнае пісьмо да калектыўнага звароту па пытанню адкрыцця лазні, так пракаментавала вынікі сходу:
 

— Ведаеце, жыхары вёскі не прывыклі да сходаў, дзе разглядаюць іхнія патрабаванні. Таму і не захацелі на сходзе настойваць на рамонце лазні, якая разрабавана ўжо некалькі гадоў таму назад. Але для пажылых людзей будзе вельмі далёка хадзіць мыцца у майстэрні, якія знаходзяцца па-за вёскай.



Ніякі душ не заменіць лазню з яе парылкай і адмысловай атмасферай камунікацый. Але хай хоць такая магчымасць будзе, усё роўна лепей, чым ночвы.



Дарэчы, не ўсе жыхары аграгарадка Грозаў ведалі пра сход, аб’яву павесілі ў цэнтры вёскі толькі за дзень перад сходам. Мяне, як арганізатара калектыўных зваротаў, таксама не папярэдзілі. Інфармацыю пра сход я атрымала ад дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Бойкі Анатоля пад час дэпутатацкага прыёму ў Быстрыцім сельскім савеце напярэдадні ў другой палове дня.



Складваецца ўражанне, што чыноўнікі не былі зацікаўлены ў вялікім прадстаўніцтве з боку жыхароў.



Тым не менш, асабіста мяне радуе, што сялянам паабяцалі вырашыць некаторыя праблемы. Што датычыцца агульнай заросласці вёсак, у рамках кампаніі «Зробім лепш» запланаваны звароты ў Міністэрства ЖКГ і да дэпутатаў Нацыянальнага сходу з тым, каб былі ініцыяваны адпаведныя змены ў заканадаўстве, якія б прадугледжвалі і выдзяленне адпаведных фінансавых сродкаў на прывядзенне беларускіх вёсак у цывілізаваны выгляд.

Абмеркаванне:

  • polzh
  • 2014-08-22 18:13:39
Будем надеятся, что и заросли Сосновского тоже уберутся со временем. Замечательно, что начальство начало прислушиваться к народу, хоть немножко.

Каментаваць