Дзярэчынскаму касцёлу — 100 гадоў

У вёсцы Дзярэчын Зэльвенскага раёна 18 жніўня адбыліся ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя мясцовага касцёла Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел сотні каталікоў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Аўстрыі. 



Святою імшу ў касцёле адслужыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з ім на святкаванне юбілею касцёла прыехалі біскупы Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка і Казімір Велікаселец. Пасля малітоўнай часткі ўрачыстасці працягваліся на пляцоўцы перад касцёлам з удзелам мясцовых і запрошаных артыстаў, лідскага ансамбля «Міласць», сталічнага ансамбля салістаў «Класік-Авангард»
 
 
Святую Імшу сваім спевам упрыгожыла таксама беларуская салістка з Мінска Таццяна Грыневіч і паэт Міхась Скобла.
 
 
Першую святыню ў Дзярэчыне пабудавалі ў 1618 годзе князі з роду Сапегаў Канстанцін і Сафія Палубінскія і перадалі яго дамініканцам. У 1690 годзе манахі рэканструявалі касцёл. Са сродкаў уласнага бюджэта канвента ён быў пабудаваны з цэглы, патынкаваны і пакрыты чарапіцай. 
 
З архітэктурнага пункту гледжання касцёл уяўляў сабой дарычны стыль. У 1741 годзе біскуп Міхал Зенковіч асвяціў святыню, надаўшы ёй тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1772 годзе душпастарскую службу вялі 29 манахаў (13 святароў). З таго часу захаваліся друкаваныя гаміліі (пропаведзі). 
 
 
Пры парафіі манахі ўтрымлівалі шпіталь, школу, праводзілі філасофскія курсы. Касцёл і кляштар у Дзярэчыне сталі цэнтрам рэлігійна-культурнага жыцця. 
 
 
У касцёле было 8 алтароў. Галоўны – прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі Унебаўзятай з вялікім абразом. Сам алтар  быў увесь драўляны, пафарбаваны ў белы колер і пазалочаны ў многіх месцах. Апошнія рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, фінансаваныя Сапегамі, праводзіліся ў 1760 годзе (сцены і столь былі распісаны за кошт князя Міхала Сапегі), а ў 1800 годзе Аляксандр Сапега дапамог пабудаваць адну вежу. 
 
 
Манахі не ў стане былі самастойна фінансаваць рамонт касцёла. Адсутнічалі таксама і дакументы, якія б абавязвалі спадчыннікаў Дзярэчына дапамагаць святыні. Цяжкасці, звязаныя з недахопам грашовых сродкаў, усё больш неабходных для рамонту касцёла, станавіліся не адзінай пагрозай для храма.
 
 
 
 
 
 
 
Фота аўтара

Каментаваць