Дзяржаўная сацыяльная дамова — шлях да супрацоўніцтва з НДА?

З гэтага года закон «Аб сацыяльным абслугоўванні» пачаў дзейнічаць у новай рэдакцыі. У яго ўведзены панятак «дзяржаўная сацыяльная замова» і шмат іншых пунктаў, якія дазволяць дзяржаве парытэтна супрацоўнічаць з НДА.



Менавіта дзяржаўнай сацыяльнай замове як магчымасці развіцця сацыяльных паслуг насельніцтву і было прысвечана пасяджэнне прэс-клуба, што адбылося 13 лютага ў Міжнародным адукацыйным цэнтры (ММОЦ). Сутнасць новаўвядзенняў у закон і іх неабходнасць патлумачыла журналістам кіраўнік аддзела развіцця і каардынацыі сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава.

Дык што ж гэта такое — дзяржаўная сацыяльная замова? З кожным годам колькасць пажылых людзей у нашай краіне расце, і з кожным годам усё больш вострай становіцца праблема сацыяльнага абслугоўвання састарэлых. Толькі за мінулы год у Беларусі адчыніліся два дамы-інтэрнаты для састарэлых, і цяпер іх у краіне 79. З кожным годам расце і колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Усім ім патрэбны дагляд. І добра, калі ёсць неабыякавыя родныя. У Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на ўсё і ўсіх грошай ужо не хапае. Таму дзяржава нарэшце ўзгадала пра грамадскія некамерцыйныя арганізацыі.

З гэтага года дзяржава ў выглядзе мясцовых органаў улады можа выступаць замоўнікам сацыяльных паслуг. А выканаўцам будуць НДА, якія змогуць займацца тым, чым і займаліся, — дапамагаць людзям, толькі ранейшыя валанцёры змогуць атрымаць зарплату з дзяржаўнай кішэні. Законам прадугледжана дзяржаўнае субсідаванне дзяржзамовы выключна на заробкі і адлічэнні на заработную плату.

Наогул, новая рэдакцыя закона выканана па ўсіх міжнародных стандартах. Сам працэс замовы і аказання паслуг даволі прапрацаваны і ўлічвае амаль усе нюансы. І можна было б парадавацца за тых неабыякавых людзей, якія дагэтуль рабілі дабро амаль за дзякуй. Цяпер яны змогуць атрымаць за гэта хоць не вельмі вялікія, але грошы. Шматлікія НДА, што працуюць у сацыяльнай сферы, змогуць пашырыць сваю дзейнасць, і нават больш шырока працаваць з замежнымі інвестарамі — юрыдычная аснова для гэтага ёсць.

(Аператар Вячаслаў Пешко)

 

А вось ці ёсць аснова палітычная? Падкрэслю, замоўнікамі будуць мясцовыя органы ўлады, яны павінны вызначыць шляхам маніторынгу, якія сацыяльныя паслугі больш патрэбныя тут і цяпер, правесці конкурс сярод магчымых выканаўцаў і пракантраляваць выкананне паслугі. Зверху не будзе ніякіх указанняў і тлумачэнняў. І вось цікава, ва ўмовах, калі мясцовая ўлада фактычна невыбарная і не мае патрэбы ва ўхваленні насельніцтвам, ці стане яна замарочвацца нейкімі там НДА, маніторынгамі і конкурсамі? Тым больш, што фінансаваць тую дзяржаўную сацыяльную замову давядзецца з мясцовага бюджэту...

Каментаваць