Дзяржаўныя СМІ маргіналізавалі выбары

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» 18 верасня прэзентавала трэці бюлетэнь маніторынгу «Асвятленне парламенцкіх выбараў 2012 года ў беларускіх СМІ» за перыяд ад 2 да 15 верасня.
 

Як і раней, дзяржаўныя СМІ не анансавалі радыйныя і тэлевізійныя выступы і ўдзел у дэбатах канкрэтных кандыдатаў, не падавалі іх прозвішчаў і партыйнай прыналежнасці. Апроч таго, як сведчыць медыяэксперт Алесь Анціпенка, запісы выступаў кандыдатаў і дэбатаў так і не з’явіліся на сайтах адпаведных каналаў. Выступы кандыдатаў і дэбаты цэнзураваліся, тэхнічная магчымасць чаго была створаная праз умову іх выхаду ў эфір у запісе, падкрэсліў ён.

Эксперт спаслаўся на дадзеныя, атрыманыя з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, паводле якіх у эфір не выйшлі 32 звароты партыйных «спікераў» да выбаршчыкаў. Друкаваныя СМІ не размясцілі на сваіх старонках 11 праграмаў кандыдатаў ад АГП. У той жа час на тэлевізійных і радыёканалах дэбатам папярэднічала «рэклама» той выбарчай акругі, у якой дзейнасць мясцовай улады падавалася ў выключна станоўчым святле. З гэтага вынікае, што прадэманстраваныя ў эфіры відэаролікі і радыйныя прэзентацыі фактычна «працавалі» на карысць праўладнага кандыдата — удзельніка дэбатаў.

Сімптаматычна, што з 13 выбарчых акругаў, якія налічваюцца ў Магілёўскай вобласці, у дэбатах на тэлебачанні ўзялі ўдзел кандыдаты з 4 акругаў, а ў дэбатах на радыё — толькі з 3. Галоўную ўвагу дзяржаўныя медыя працягвалі надаваць Цэнтрвыбаркаму, якому значна саступаюць усе астатнія суб’екты выбарчага працэсу, — адзначае Алесь Анціпенка. — Напрыклад, праграма «Панарама» (тэлеканал Беларусь 1) адвяла ЦВК 40,3 працэнта часу, заходнім назіральнікам — 18,2, назіральнікам з краін СНД — амаль 14, неперсаніфікаванаму кандыдату — амаль 6 працэнтаў. Іншыя суб’екты атрымалі ад 5 да 0,1 працэнта эфірнага часу». Наогул, «Панарама» адвяла тэме выбараў часу меней, чым надвор’ю і спорту (адпаведна — 1,88%, 2,82% і 14,7%). Тое ж тычыцца і іншых дзяржаўных СМІ.

Сярод манітарынгаваных недзяржаўных медыя найбольшую ўвагу выбарчай тэматыцы надавала інтэрнэт-выданне naviny.by. Яно асвятляла дзейнасць 31 суб’екта выбарчай кампаніі. «Народная воля» пісала альбо ўзгадвала пра восем дзеючых асобаў выбарчага працэсу, «Наша ніва» — пра шэсць, «Комсомольская правда в Белоруссии» («таўстушка») — пра пяць.

«Агульная характарыстыка маніторынгаванага перыяду — гэта практычна татальная адсутнасць у СМІ меркаванняў выбарцаў датычна праграм кандыдатаў ды іхняга стаўлення да сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем беларускага грамадства»,— падсумаваў Алесь Анціпенка.
 

Каментаваць