Дзяржава пакуль аніяк не рэагуе на талаку ў Курапатах

Пра гэта 6 жніўня падчас чарговай талакі ў Курапатах у інтэрв’ю карэспандэнту НЧ заявіла каардынатар грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька.



Курапаты


Паводле Ганны Шапуцькі, ёсць чыноўнікі, якія шчыра хацелі б дапамагчы грамадскасці прыбраць народны мемарыял ва ўрочышчы ад смецця, сухастою і хмызняку, але не маюць належных паўнамоцтваў. «З другога боку, людзі, надзеленыя адпаведнымі паўнамоцтвамі, у тым ліку старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька, адмаўляюцца сустракацца з прадстаўнікамі ініцыятывы дзеля вырашэння праблемаў, што ўзнікаюць падчас талакі. Вось чаму не фінансуецца вываз і перапрацоўка смецця, сухастою і хмызняку, што павінна рабіць Мінская лесапаркавая гаспадарка — уладальнік лесу ў Курапатах? З-за такой пазіцыі ўладаў на паўночна-заходнім ускрайку ўрочышча сабраліся гурбы смецця», — сказала Ганна Шапуцька. Яна заклікала грамадзян не быць абыякавымі да добраўпарадкавання Курапатаў — сімвалу і сведкі жудасных падзей эпохі сталінізму на Беларусі.

Ганна Шапуцька

Былы вязень ГУЛАГу, дысідэнт савецкіх гадоў Сяргей Ханжанкоў – пастаянны ўдзельнік талакі. Ён выказаў упэўненасць, што талака мае сэнс, бо дазволіць людзям, якія наведваюць Курапаты, падыйсці да любой з больш за 500 западзін — месцаў мяркуемых пахаванняў — і ўшанаваць бязвінных ахвяраў сталінізму. Разам з тым, Ханжанкоў выказаў шкадаванне, што ў талацэ прымаюць удзел няшмат мінчан і гасцей сталіцы. «Хаця ў гэтым лесе ляжаць продкі і сваякі вельмі многіх беларусаў», — падкрэсліў былы вязень ГУЛАГу.

Сяргей Ханжанкоў на талацэ

 

Прычынай малалюднасці валанцёрскай акцыі ва ўрочышчы ён лічыць «агульны нізкі градус грамадскай актыўнасці ў краіне». «За гады знаходжання Беларусі ў складзе расійскай, а потым савецкай імперый былі вынішчаныя найбольш актыўныя з беларусаў. Вось чаму сёння яны, у аснове сваёй, людзі абыякавыя, у тым ліку і да сваёй мінуўшчыны. Ад гэтай абыякавасці — і нежаданне разабрацца ў складаных, шмат для каго заблытаных і незразумелых падзеях савецкіх часоў і сталінскіх рэпрэсій. Але з цягам часу да людзей прыходзіць разуменне гістарычнай праўды і адказнасці кожнага за лёс сваёй краіны. Прыйдзе такі час і для беларусаў. Менавіта тады яны ўсвядомяць значнасць і месца Курапатаў у гісторыі нацыі», — сказаў Сяргей Ханжанкоў.

Ад працы валанцёраў сабраліся гурбы смецця і вырубленага хмызняку

Нагадаем, што шматдзённая талака ў Курапатах пройдзе ў тры этапы. Першы этап, прысвечаны 25-м угодкам публікацыі артыкула «Курапаты — дарога смерці» Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» ад 3 чэрвеня 1988 года, праводзіўся штодзень з 27 па 31 траўня і 1 чэрвеня.

Другі этап талакі, прысвечаны Еўрапейскаму дню памяці ахвяраў сталінізму і нацызму (23 жніўня), пройдзе з 15 па 22 жніўня, а трэці этап, прысвечаны Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі (29 кастрычніка), — з 21 па 28 кастрычніка. Між этапамі талака адбываецца раз на тыдзень па аўторках (пачатак а 17.00).

Фота Марата Гаравога

Каментаваць