Дзяржава, у якой мы жывем 19 гадоў

10 ліпеня 19 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка перамог Вячаслава Кебіча. Шмат хто называе тыя выбары першымі і апошнімі дэмакратычнымі выбарамі прэзідэнта Беларусі. А Лукашэнка застаецца першым і адзіным прэзідэнтам з тых часоў.



Фота: Пётр Каралёў


За гэты час можна было зрабіць шмат чаго. Выканаць і перавыканаць свае абяцанні, спраўдзіць усе свае мары і надзеі. За гэты час вырасла нават пакаленне людзей, якія жывуць у незалежнай краіне і не ведаюць, што такое СССР. Не памятаюць яны і іншага кіраўніка. З нагоды такой даты можна і задумацца: якую ж краіну пабудаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка найчасцей называў Беларусь — «дзяржава для народа». На жаль, сам народ, здаецца, не ведае, што гэта ягоная дзяржава.

Паказальным у гэтым плане з’яўляецца апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД, Літва) вынікі якога былі апублікаваныя за дзесяць дзён да асабістага Дня перамогі Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з апытанкай, ніякай «дзяржавы для народа» ў нас не існуе. Толькі 33,2% апытаных пагадзіліся з тым, што Беларусь — «гэта мая дзяржава і яно абараняе мае інтарэсы». «Збольшага мая дзяржава, недастаткова абараняе мае інтарэсы і такіх як я» — з такім сцвярджэннем згодныя 45,2%, а 15,5% лічаць, што «гэта не мая дзяржава і я не давяраю ёй». Гэта значыць, 60,4% грамадзян Беларусі ў свядомым узросце так ці інакш не вераць у «дзяржаву для народа».

Адпаведна, людзі бачаць і чыноўнікаў гэтай дзяржавы. 44,4% лічаць, што беларускія чыноўнікі — гэта людзі, заклапочаныя толькі сваім матэрыяльным становішчам і кар’ерай. 13,8% мяркуюць, што беларускае чыноўніцтва — гэта сумленныя, але малакампетэнтныя людзі, якія проста не ведаюць, як вывесці краіну з эканамічнага крызісу. 15,3% думаюць, што чыноўнікі — гэта сумленныя, але слабыя людзі, якія не ўмеюць распарадзіцца ўладай і забяспечыць парадак і паслядоўны палітычны курс.

У прынцыпе, як адзначыў у размове з «Новым часам» палітолаг, аўтар кнігі «Аляксандр Лукашэнка: палітычны партрэт» Валер Карбалевіч, першы прэзідэнт прыйшоў да ўлады не для таго, каб ствараць «дзяржаву для народа». «Лукашэнка стварыў класічную аўтарытарную дзяржаву, проста як у падручніках. Тут не варта казаць пра нейкія асаблівасці ягонай сістэмы — гэта проста класіка», — лічыць Карбалевіч.

Гэта атрымалася неяк само сабою, бо ў Лукашэнкі «воля да ўлады» была вельмі моцнай, адзначае ён. «Першапачаткова ў яго не было ніякага плана, ніякай праграмы, ніякай каманды — толькі прага да ўлады і нежаданне гэтую ўладу з некім дзяліць», — кажа Карбалевіч.

Адпаведна, гэтая моцная аўтарытарная тэндэнцыя пераважыла і ўсе іншыя, у тым ліку — стварыць «дзяржаву для народа». Тое ж, як успрымаецца кіраўніцтва дзяржавы ў вачах народа, па меркаванні Карбалевіча, не вельмі істотна для самой сістэмы аўтарытарнай улады. «Тое, што народ не задаволены ўладай — ну, дык беларускі народ ніколі не быў задаволены ніякай уладай. У гэтым няма нічога новага. Чыноўніцкі апарат дзейнічае ў межах пастаўленай ім прэзідэнтам задачы: захаваць уладу. І ў гэтым плане ён эфектыўны, бо дазваляе ўтрымліваць уладу і забяспечвае пэўны ўзровень падтрымкі палітыкі Лукашэнкі ў грамадстве. А «дзяржава для народа» — дык гэта проста нерэалізуемы праект», — лічыць Карбалевіч.

Вядома, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады на лозунгу барацьбы з карупцыяй. Але карупцыю ён не толькі не зжыў — яна квітнее. Між тым, толькі 30,2% беларусаў згодныя з тым, што прэзідэнт можа дамагчыся поспеху ў барацьбе з карупцыяй, правёўшы рашучую чыстку шэрагаў чыноўнікаў вышэйшага звяна і зрабіць больш жорсткім пакаранне за падобныя злачынствы. 27,8% лічаць, што «яму наўрад ці ўдасца дамагчыся істотных поспехаў, таму што карупцыя ў Беларусі невыкараняльная», 19,3% — што «ён сам шмат у чым залежыць ад карумпаваных чыноўнікаў», а 18,2% — што «ён і не будзе сур’ёзна змагацца з карупцыяй, паколькі тым ці іншым чынам сам зацікаўлены ў ёй».

Варта адзначыць апошнія два пункты. 37,5% беларусаў лічаць, што галоўны барацьбіт з карупцыяй сам і ёсць рассаднік карупцыі ў краіне.

Кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што насамрэч барацьба з карупцыяй Лукашэнку не цікавіла. Ён ператварыў карупцыю ў працэс, з якім можна змагацца, але перамагчы яго нельга. Высокая карумпаванасць у Беларусі, на думку Раманчука, абумоўлена самой «беларускай мадэллю». «У дзяржаве 7 000 функцый і паўнамоцтваў. Чалавек у той жа час думае пра свае інтарэсы. Канфлікт інтарэсаў — галоўны карупцыйны складнік. Напрыклад, калі чалавек ва ўрадзе з’яўляецца куратарам эканамічных праектаў, адначасова з гэтым «вядзе» Банк развіцця, і ў той жа час адказвае за мадэрнізацыю. Зразумела, ён будзе выкарыстоўваць гэтыя рычагі для дасягнення сваіх мэтаў», — кажа Раманчук.

Такім чынам, 19 гадоў прэзідэнцтва — гэта пастаянная барацьба супрацьлегласцяў. З аднаго боку, хацелася б, каб першага прэзідэнта запомнілі як стваральніка моцнай сацыяльнай дзяржавы. З іншага — вельмі ўжо «сацыялізаваць» дзяржаву не атрымліваецца: трэба ўсё трымаць пад кантролем, а чыноўнікаў — пад карупцыйным кампраматам. Як кажуць, хацелася б у рай, ды грахі не пушчаюць…

Каментаваць