Там, дзе дамінуе Расія, беларусам месца няма

Жыхары Расіі часта абураюцца тым фактам, што іх не любяць нідзе ў свеце. А за што вас любіць? За тое, што вы не паважаеце правы і культуру адрозных ад вас народаў? Што з вас ажно прэ самазадаволенасць і шавінізм нават на побытавым узроўні?



old.arche.by


Пра працяглыя расійскія майскія святы, калі нашыя ўсходне-азіяцкія «браты» запаланілі ўсю Беларусь і вельмі часта вызначаліся зусім не характэрнымі для месцічаў паводзінамі, напісана шмат, таму паркоўкі на тратуарах машын з маскоўскімі ды іншымі расійскімі нумарамі, хамства і нахабства «дарагіх расіянаў» у рэстаранах ды гасцініцах, у аграсядзібах ды іншых публічных месцах пакінем па-за ўвагаю. 

Мяне асабіста проста абурыў факт, які падаў «Прэс-бол». Так, на «круглым стале», прысвечаным абмеркаванню праблемаў спартыўнага маркетынгу ў Беларусі, кіраўнік прэс-службы Хакейнага клубу «Дынама-Мінск» Іван Караічаў распавёў, што беларускі паўнамоцны прадстаўнік у Кантынентальнай хакейнай лізе (КХЛ) на пачатку сезону праявіў ініцыятыву з тым, каб прозвішчы гульцоў беларускае каманды пісаліся альбо па-беларуску, альбо лацінкаю ў беларускай транслітэрацыі. Аднак кіраўніцтва КХЛ забараніла абодва варыянты.

Як гэта трактаваць? Гэта хіба не дыскрымінацыя заснавальнікамі КХЛ беларусаў па нацыянальнай прыкмеце? Адказ напрошваецца сам па сабе. Калісьці Расія ўжо вырашыла, што свайго асабістага нацыянальнага першынства па хакеі ёй малавата. Было пастаноўлена стварыць КХЛ. Сам па сабе гэта, трэба адзначыць, някепскі праект. Відовішчны, а для некаторых і прыбытковы. Але расіяне не былі б расіянамі, калі б нават у спартовай частцы не праявілі сваю імперскасць, якую за часы кіравання Пуціна хаваць лічыцца кепскім тонам.

Расіяне, за рэдкім выключэннем, ужо даўно не разглядаюць Беларусь як паўнавартасную незалежную краіну. Канешне, чаму б не? Кіраўніцтва заходняй суседкі балбоча заўжды па-расійску. Галоўны чыннік палітыкі і эканомікі «Сінявокай» абвяргае вартасць і багацце беларускае мовы і спадволь беларускага існавання, трындзеючы пра «адзін народ» з «адзінай культураю». Дык адкуль тады ў расіяніна будзе разуменне адрознення беларуса ад «маскаля»?

Вось і праяўляецца гэтая непавага нават на такім узроўні, як КХЛ. Беларусам чарговым разам адмовілі ў праве на існаванне. Бо пісанне прозвішчаў беларускіх гульцоў на расійскі лад — яўная дыскрымінацыя. І расіяне гэта добра разумеюць. Як разумеюць свой інтарэс тут такім жа чынам, як гэта разумелі расійскія імператары, пачынаючы ад Пятра Жахлівага ды Кацярыны Другой і заканчваючы апошнімі кроплямі сямейства Раманавых ды наступнаю ўладаю са стоўпішчам ненавісных генсекаў начале.

У расійскім  арэале няма месца іншым. Асабліва беларусам. Знішчэнне свядомасці беларусаў як нацыі — непрыхаваная задача крамлёўскіх небажыхароў з далёкіх часоў. А таксам іх памагатых з тутэйшага эканамічна-палітычнага бамонду. Пачак асігнацыяў на самых розных узроўнях улады даўно пераважыў сумленне і самапавагу. Не ва ўсіх, але ў вялікай колькасці тых, хто яшчэ па інерцыі называе сябе беларусам. Менавіта па інерцыі, але не па самавызначэнню. І ўсходні сюзерэн вельмі гэтаму рады. А пісанне прозвішчаў тых жа спартоўцаў-беларусаў па-беларуску, няхай і на лацініцы, — гэта страшнае злачынства ў вачах і ў разуменні сюзерэна. Таму ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы, ні ў культуры, ні ў спорце ў арэале, дзе дамінуе Расія, беларусу месца няма. І не будзе. Паверце маёй інтуіцыі. 

Абмеркаванне:

  • Yury
  • 2013-05-31 20:45:59
Stat'ja - bred polnejshij. Avtoru lechit'sja nado.

Каментаваць