Дзень народзінаў Генадзя Грушавога — у садзе яго імя

24 ліпеня ў Мінску, у Садзе надзеі імя Генадзя Грушавога адзначылі яго 64 дзень народзінаў.



У садзе, разбітым на тэрыторыі праваслаўнага прыходу Маці Божай «Усіх смуткуючых радасць», з Беларусі і Нямеччыны сабраліся родныя, сябры і калегі вялікага беларускага гуманіста Генадзя Грушавога (24.07.1950, Мінск – 28.01.2014), каб ушанаваць яго памяць.
 
 
У інтэрвью карэспандэнту НЧ удава Генадзя Грушавога Ірына Грушавая распавяла гісторыю стварэння Саду надзеі:
 
 
«Гэтая ідэя нарадзілася ў мяне вясною 1993 году пасля Еўрапейскага экуменічнага форуму жанчын у італьянскім кляштары Санта-Сівера. Пад уражаннем гэтага форуму, дзе прадстаўніцы 28 краін Еўропы абмяркоўвалі праблему захавання жыцця на Зямлі, я прапанавала пасадзіць у Мінску Дрэва надзеі. Як раз у гэты час мы збіралі грошы на міжнародны беларуска-дацка-нямецкі праект па вытворчасці ў Беларусі экалагічна чыстага дзіцячага харчавання. І Генрых Трацяк  старшыня калгасу з Ляхавіцкага раёну, што на Берасцейшчыне, згадзіўся здзейсніць гэты праект у сваёй гаспадарцы. У выніку вандровак па Еўропе мы сабралі на нямецкі рахунак каля 600 тысяч дойчмарак і сталі закупляць неабходнае абсталяванне. Генрых Трацяк падарыў нам саджанец яблынькі, які мы пасадзілі на тэрыторыі прыходу Маці Божай «Усіх смуткуючых радасць» разам з Генадзем і ягоным сябрам, настаяцелям прыходу айцом Ігарам (Карастылёвым).
 
 
Праз год мы вырашылі пасадзіць у садзе другое дрэва  вішаньку. Аднак неўзабаве загінула нашая яблынька  будаўнікі храму не заўважылі яе і паклалі на дрэва бетонную пліту. Мы хуценька прыдбалі ў пітомніку і пасадзілі два новых саджанца  грушы і яблыні, а праз год  яшчэ адзін  вішні. Яшчэ ў 1994 годзе мы сталі абмяркоўваць ідэю закладкі Саду надзеі  нерукатворнага пладаноснага помніку, што нараджаецца, жыве і старэе, як чалавек. Трэба адзначыць, што Генадзь вельмі падтрымаў гэтую ідэю і ягоны калега ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь XII склікання архітэктар Лявон Зданевіч распрацаваў цудоўны план гэтага саду. Мы падпісалі з айцом Ігарам мемарандум, згодна якога царква прадастаўляла нам плошчу для саду, а мы абявязаліся яго закласці 26 красавіка 1996 году  у дзесятую гадавіну Чарнобыля, і даглядаць.
 
 
Я распавяла пра гэтую ідэю на Еўрапейскіх экуменічных форумах жанчын у Будапешце (Венгрыя) і Бухарэсце (Румынія), дзе прадстаўніцы 17 краінаў выказалі пажаданне ўдзельнічаць у закладцы Саду надзеі. Два гады мы рыхтаваліся да гэтай падзеі, дзеля чаго стварылі ў нашым дабрачынным фондзе «Дзецям Чарнобыля» адмысловую экуменічную групу «Жанчыны і энэргія». Напярэдадні падзеі цяжка захварэў Генадзь, у аўтакатастрофе разам з сваімі трыма дзецьмі загінула сябра групы Алена Успенская —  дачка вядомай грамадскай дзеячкі Ады Чалей. Апроч таго, на тэрыторыі прыходу вялося будаўніцтва храму і трэба было тэрмінова рыхтаваць пляц пад сад. Мы сабралі грошы, нанялі бульдозеры, ачысцілі і выраўнавалі ўчастак, засыпалі яго чарназёмам і зрабілі ямы пад дрэвы.
 
 
І вось надышоў дзень закладкі Саду надзеі. Прадстаўніцы 17 краінаў Еўропы разбіліся на групы па восем чалавек, кожная з якіх высаджвала па аднаму дрэву. У акцыі ўдзельнічаў і берасцейскі фолк-анасамбль “Крэсіва” (мастацкі кіраўнік Анатоль Казак).
 
 
Пасля малебну айцец Ігар асвяціў саджанцы, а «Крэсіва» выканаў каля кожнага дрэўца старадаўнюю традыцыйную беларускую народную песню з рэгіёнаў, пацярпелых ад Чарнобылю. Усяго мы тады высадзілі 68 пладовых дрэў —  груш, сліў і яблынь. Не было толькі вішань, бо мы не знайшлі іх здаровых саджанцаў. І раптам з’явілася здымачная група Беларускага тэлебачання, якая пасля тэлемосту з Хірасімай прывезла два саджанцы японскай вішні  сакуры. Пайшоў дожджык і над Садам надзеі з’явілася вясёлка. А затым мы прынялі ўдзел у Чарнобыльскім шляху, які ўпершыню быў разагнаны.
 
 
У Садзе надзеі ёсць дзве грушы, саджанцы якіх з нямецкай вёскі з-пад Гётынгену (зямля Ніжняя Саксонія) прывезлі нашыя сябры, муж і жонка Вольфганг і Герхільд Крамеры. Гэтыя імянныя грушы высаджаны ў гонар нас з Генадзем. Усе 18 год Сад надзеі даглядаюць доктар біялагічных навук Вера Сідэнка і актывістка фонду Галіна Кавальчук, а таксама мясцовыя прыхаджане. Усім ім вялікі дзякуй за гэта!».

Каментаваць