Дзень смеха? Не, ужо 435 год — дзень беларускага студэнта

1 красавіка 1579 года Стэфан Баторый зацвердзіў прывілей пра заснаванне Віленскага ўніверсітэта. А ўвосень у першай вышэйшай школе Беларусі некалькі соцень маладых людзей увайшлі ў аўдыторыі.



Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта. Альбом Вільчынскага, літаграфія, 1850


Найстарэйшая навучальная ўстанова на Ўсходзе Еўропы ўзнікла настолькі даўно, што зразумець гэта лягчэй у параўнанні: да ўзнікнення Маскоўскага універсітэту было яшчэ доўгіх 176 год — гістарычная бездань.  

Ля вытокаў стварэння універсітэта — у поўнай назве паводле булы папы Рыгора ХІІІ, які пацвердзіў фундацыю  30 кастрычніка 1579 г., Almae academia et universitas Vilensis societatis Jesu — стаяў ураджэнец Крайска Мінскага ваяводства віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч. Асоба, вядомая і ў свецкай дзейнасці: з 1566 па 1577 гады ён кіраваў соймавай камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ, з якім часцей звязваюць імёны Астафія Валовіча і Льва Сапегі. Яго бібліятэка, што па смерці біскупа перайшла вучэльні — дагэтуль захоўваецца ў Вільні.

А пачаў Пратасевіч з запрашэння ў Вільню езуітаў, найбольш актыўнага і адукаванага каталіцкага ордэну таго часу, і адкрыцця ў 1570 г. калегіі, падставовай пяцігадовай вучэльні, дзе апрача царкоўных дысцыплін навучалі старажытным мовам, матэматыцы, геаграфіі, гісторыі, паэзіі. Рыхтавалі глебу і навучэнцаў для паступлення на філасофскія факультэты універсітэтаў. Уласна, менавіта філасофскі (з трохгадовы курсам) і тэалагічны (з чатырохгадовым) дадала праграма Academia Vilensis.

Акадэмія паўстала як каталіцкая ўстанова — але час свецкіх універсітэтаў надышоў толькі ў ХІХ ст. Акрамя таго, праваслаўныя інтэлектуальныя сілы тады гуртавала Славяна-грэка-лацінская акадэмія, заснаваная князем Канстанцінам Астрожскім у Астрозе на Валыні у 1576 г. З пункту гледжання міжрэлігійнага суперніцтва першапачаткова Віленскі ўніверсітэт мусіў найбольш супрацьстаяць уздыму пратэстантызму, да якога ў ХVI стагоддзі актыўна хіліліся дзеці вялікалітоўскіх магнатаў, атрымліваючы адукацыю ў нямецкіх і швейцарскіх універсітэтах.

Не выпадкова Пратасевічу і Стэфану Баторыю спатрэбіліся намаганні, каб на фундацыйным прывілеі, як таго патрабаваў закон ВКЛ, з’явілася пячатка канцлера ці віцэканцлера — абодва вызнавалі кальвінізм. Урэшце, згоду даў віцэканцлер Астафій Валовіч. Разуменне патрэбы адукацыі, нават ва ўмовах міжканфесійных спрэчак, перамагло. Што падкрэсліў адзін з кіраўнікоў езуіцкай калегіі Б. Гастовін: “У Вільні і па суседству з ёй пражывае мноства розных народнасцяў, якія езуіты здольныя адукоўваць і падымаць іх культуру.”

Першым рэктарам і сузаснавальнікам універсітэта стаў слынны польскі тэолаг, гісторык, выдатны прамоўца, названы сучаснікамі “Залатавустам”, Пётр Скарга, які сабраў інтэрнацыянальны склад таленавітых выкладчыкаў.  Роўныя ўмовы вучням усіх нацыянальнасцяў забяспечвалі лекцыі і заняткі на латыні:  у выніку ў Вільні навучаліся не толькі карэнныя жыхары дзяржавы, але і студэнты з усёй Еўропы. У 1583 г. пры Акадэміі ўзнікла Папская семінарыя, спецыяльна прызначаная для “русінаў і маскавітаў”, падкрэсліўшы адкрыты характар вучэльні і для розных канфесій. Універсітэт, апрача католікаў, прыцягваў і праваслаўных, і пратэстантаў.

Параўнацца па колькасці навучэнцаў з Кракаўскім універсітэтам, дзе ў XVI ст. навучалася да 9600 студэнтаў, Віленская акадэмія адразу не змагла — ў 1596 годзе лекцыі слухалі каля 800 чалавек, у 1618-м — 1210. Але за час да 1781 года, калі падпарадкаваная Адукацыйнай камісіі пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) Акадэмія атрымала назву Галоўнай школы ВКЛ, толькі навуковыя ступені ў Вільні атрымалі 4076 выпускнікоў.

Іх адукацыя не зводзілася, натуральна, да тэалагічных штудый. Адразу з часоў заснавання пачаў дзейнічаць студэнцкі тэатр. Апрача прыгожых мастацтваў далучыліся грамадскія і дакладныя навукі. Сын Льва Сапегі Казімір Лявон, каб падкрэсліць ролю сваёй фаміліі ў развіцці правазнаўства, зрабіў фундуш на юрыдычную адукацыю, у сувязі з чым Уладзіслаў ІV Ваза, вялікі князь і кароль, 11 кастрычніка 1641 года даў прывілей на адкрыццё юрыдычнага і медыцынскага факультэтаў. У 1667 годзе адчынілася кафедра музыкі, праз 10 год — палітыкі. XVIII ст. адзначылася развіццём лінгвістычных штудый і дакладных даследванняў: з 1752 года выкладалася вышэйшая матэматыка.

А калі ў 1753 годзе .высілкамі архітэктара і матэматыка Тамаша Жаброўскага пачала дзейнічаць абсерваторыя, фундуш на абсталяванне дала аматарка астраноміі мсціслаўская кашталянка Лізавета Пузына: да падтрымкі адукацыі далучыліся жанчыны. Нарэшце, ў 1586-1805 гадах працавала друкарня Акадэміі, пачатак якой паклала ахвяраванае Мікалаем Крыштофам Сіроткам у 1585 годзе абсталяванне з Берсцейскага выдавецтва. Падручнікі на некалькіх еўрапейскіх мовах, слоўнікі, гістарычныя даследаванні, юрыдычная, філасофская, багаслоўская і мастацкая літаратура — ад твораў Арыстоцеля да сучаснікаў, выйшлі з друкарні ў дасканалым паліграфічным афармленні. Гравюры для выданняў стваралі Тамаш Макоўскі, Аляксандр і Лявон Тарасевічы — лепшыя мастакі свайго часу.

Сярод выпускнікоў акадэміі-універсітэта — Мялецій Сматрыцкі, Мацей Сарбеўскі і Сімяон Полацкі, мысляры вышэйшага палёту, каталікі, уніяты, праваслаўныя. Амаль усе пачынальнікі мастацкай школы Беларусі ХІХ стагоддзя. Студэнты, заснавальнікі таварыставаў філаматаў і філарэтаў, паэты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы — А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот, А. Ходзька. У Віленскім універсітэце ў працах М. Баброўскага і І. Даніловіча ў ХІХ стагоддзі нараджалася гістарычнае і тэарэтычнае разуменне беларускай дзяржаўнасці, актуальнае да сёння. А якія імёны ўвайшлі ў гісторыю геалогіі (І. Дамейка), хіміі (А.Снядэцкі), астраноміі (М.Пачобут-Адляніцкі)! Усіх не пералічыць.

Нават трапіўшы ў склад Расійскай імперыі, Віленскі (з 1803 года — Імператарскі) універсітэт заставаўся буйнейшым у краіне: у 1830 годзе тут налічваўся 1321 студэнт, калі ў Маскоўскім універсітэце лічба навучэнцаў дасягнула 1000 толькі да яго 100-годдзя ў 1855 годзе.

Але ў гады расійскага панавання ўніверсітэт — калыска інтэлектуальнага развіцця — зрабіўся яшчэ апірышчам фронды і нацыянальна-вызвольнага духу. На наступны год пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. універсітэт па загадзе цара Мікалая І быў зачынены: апошняя ахвяра карніцкай аперацыі чужынцаў.

Віленскі ўніверсітэт адрадзіўся ў міжваенны час у складзе ІІ Рэчы Паспалітай, добра паслужыў навучэнцам з Заходняй Беларусі. Працягнуў сваю дзейнасць у СССР. Сёння ён з’яўляецца галоўнай ВНУ Літоўскай рэспублікі.

Але адарвацць гісторыю Almae academia et universitas Vilensis ад беларускай інтэлектуальнай традыцыі немагчыма. Можна адправіцца ў Вільню, прайсціся пад урачыстымі сводамі ўнівесітэцкага касцёла св. Яна, па скляпеністых памяшканнях старадаўніх залаў, завітаць у бібліятэку.

А можна прыгадаць, што ў Беларусі дагэтуль няма прызнанага агульнага дня студэнта. Тое, што нараджэнне вышэйшай школы ў ВКЛ прыпадае на знакаміты дзень смеха ці “дзень дурня”, надае патэнцыйнаму студэнцкаму святу асаблівых колераў. Жыццесцвярджальная весялосць, іронія і самаіронія хіба не ўласцівыя маладосці? У XVI стагоддзі, як зрэшты і раней, і пазней, першакурснікам, “жаўтаротым”, “беанам”  — з лацінскага bec jaune — даводзілася перажываць жартаўлівыя атрэсіны, ці прысвячэнне ў студэнты.

Ці далучыцца 1 красавіка да святочных традыцый — датычыць толькі выбару формы памяці пра заснаванне найстарэйшага нацыянальнага ўніверсітэта 435 год таму.

Каментаваць