Дзень Волі 25 сакавіка (фотарэпартаж)

У Мінску прайшло традыцыйнае шэсце з нагоды Дня Волі. Збор удзельнікаў пачаўся а 15:00 каля кінатэатра «Кастрычнік» (ст. м. «Акадэмія навук»), пасля шэсце скіравалася да парку Дружбы Народаў. Мітынг вырашылі не праводзіць.



15.07. Людзі збіраюцца каля кінатэатра «Кастрычнік» (ст. м. «Акадэмія навук»). Нягледзячы на працоўны дзень, сабралася ўжо каля 300 чалавек. Бачна шмат сцягоў — бел-чырвона-белых, Еўрасаюза і Украіны.

З палітыкаў прысутнічаюць Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, Ігар Лялькоў (партыя БНФ), Віталь Рымашэўскі (БХД), Юрась Губарэвіч (Рух «За свабоду»), праваабаронца Алесь Бяляцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі.


 

16.00. Некалькі тысяч чалавек паступова пачалі рух. Калонна ідзе да месца мітынгу.

16.17. Калона рухаецца па вуліцы Сурганава. Пераходзіць перакрыжаванне з вуліцай Якуба  Коласа.

16.30. Моладзь каля кінатэатра "Кастрычнік" спявае "Грай"  Ляпісаў: "Гані быкоў, вярнецца доля..." А таксама іншыя песні, у тым ліку і N.R.M. Зборнікі песняў раздавала "Арт-Сядзіба".

16.44. Калона падыходзіць да плошчы Бангалор

16.55. Мітынгу не будзе. Арганізатары адмовіліся ад яго, паколькі не атрымалася дамовіцца з уладамі аб усталяванні гукаўзмацняльнай апаратуры. Таму шэсце скончыцца ў McDonalds на плошчы Бангалор, людзі будуць разыходзіцца.

Яшчэ адзін фотарэпартаж можна паглядзець тут

Каментаваць