Дзень Волі адзначылі і ў Львове

25 сакавіка ў Львове прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Волі. Арганізатараў святкавання, сябраў Руху Салідарнасці «Разам», з украінскага боку падтрымалі прадстаўнікі ВО “Свобода” і УНА-УНСО.



Да святочных мерапрыемстваў у Львове з беларускага боку далучыліся паэт, грамадскі дзеяч Славамір Адамовіч, рок-музыка і грамадскі дзеяч Ігар Сімбіроў, намеснік старшыні Беларускага цэнтру ва Украіне “Захад” Віталь Макаранка, брат палітзняволенага Мікалая Статкевіча Аляксандр Статкевіч.

Урачыстае святкаванне распачалося з узняцця бел-чырвона-белых сцягоў ля Львоўскай гарадской рады і шэсця ад гістарычнага цэнтру Львова да Лычакаўскіх могілак, дзе пахаваны паўстанцы 1863-1964 года, для якіх Львоў стаў калісці прытулкам ад пераследу ўладаў царскай Расеі.

Удзельнікі мерапрыемстваў усклалі кветкі, запалілі знічкі і прачыталі малітвы ля помніка беларускаму паўстанцу Сымону Шыдлоўскаму і яго паплечнікам.  

Затым дэлегацыя крочыла да Львоўскай гарадской рады, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі львоўскай мэрыі і сябрамі ўкраінскіх апазіцыйных партый. Ганаровым госцем сустрэчы быў народны герой Украіны Юрый Шухевіч, які прывітаў дэлегацыю з Мінска і пажадаў поспехаў на ніве адраджэння нацыянальнай беларускай культуры, мовы і гісторыі.

Дэпутат Львоўскага гарадскога савету і сябра ВО “Свобода” Любамір Мельнічук у сваёй прамове адзначыў: “У гадавіну Дня Волі ва Украіне паўтараецца беларуская палітычная сітуацыя, таму нашы народы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб пазбавіцца дыктатуры і нарэшце пабудаваць незалежныя нацыянальныя зяржавы, якія ўзніклі 95 гадоў таму”.

Беларускі паэт Славамір Адамовіч распавёў украінскім гасцям пра тое, як у Беларусі пачалі ўзнікаць першыя палітвязні новага часу, як ён сам прымаў удзел у апазіцыйных акцыях, ладзіў адзіночныя пікеты, і неаднойчы станавіўся палітвязнем, вымушаны быў з’ехаць за мяжу, але ўвесь час вяртаецца на Радзіму.

Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Макаеў падзякаваў украінцаў за цёплы прыём, падкрэсліўшы, што Дзень Волі ў Львове адбываецца ўпершыню. Ён звярнуў увагу яшчэ на аднаго ўдзельніка акцыі з Беларусі — рок-музыку і актывіста Ігара Сімбірова, які ўпершыню за многія гады не патрапіў за краты, адзначаючы Дзень Волі, бо адзначае гэтае свята ў братняй Украіне. І наадварот, на жаль, рэпрэсіўныя органы Беларусі за святкаванне Дня Волі ў Мінску затрымалі трох грамадзянаў Украіны з іх нацыянальнай сімволікай-сіне-жоўтымі сцягамі.

Завершылася святкаванне Дня Волі ўскладаннем вянка і прамовамі ля помніка Сцяпану Бандэры.

Нагадаем, 25 сакавіка Старшыня Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык сумесна з прадстаўнікамі ўкраінскіх партый і рухаў, правёў акцыю салідарнасці з беларускім народам з нагоды 95-й гадавіны Дня Волі і пікетаванне Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кіеве з патрабаваннем неадкладнага вызвалення трох грамадзянаў Украіны, якія былі затрыманы падчас святкавання Дня Волі ў Мінску. 

Фота аўтара

Каментаваць