Дзень Волі адзначылі ў Кіеве

25 сакавіка, Дзень Волі, беларусы адзначалі па ўсіх бліжэйшых сталіцах. Апроч вялікага шэсця ў Мінску, акцыі ды святочныя імпрэзы праходзілі ў Маскве, Варшаве, Кіеве і іншых гарадах.



Помнік Міхаілу Жызнеўскаму


Адзін з найбуйнейшых у Еўропе кінафэстываляў дакументальнага кіно па правах чалавека Docudays UA на гэтым тыдні (20-27 сакавіка) адбываецца ў сталіцы Украіны. На ім сёлета і сабраліся на беларускае свята – угодкі прыняцця Трэцяй устаноўнай граматы, якая і абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (ва Украіне была Украінская Народная Рэспубліка).  Імпрэза сабрала паўсотні аматараў беларушчыны.

Прэлюдыяй да выступаў ды абмеркаванняў стаў беларускі пачастунак – самаробная Крамбамбуля ды журавіны ў цукры. Гэтым разам Беларусь прадстаўлялі праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская, літаратарка Валярына Кустава і медыя-пісьменнік, журналіст Севярын Квяткоўскі.

Таццяна Гацура-Яворская частуе гасцей Крамбамбуляй

Валярына Кустава, што была мадэратарам імпрэзы, напачатку распавяла пра гісторыю свята і “крэатыўныя” падыходы да яго святкавання сваімі суачыйннікамі.

Госці фестывалю з Мінску разважалі пра прапагаду ў афіцыйных і незалежных беларускіх СМІ і пазіцыі журналістаў у звязку з вайной ва Украіне. Бо акурат тэма прапаганды сёлета была заяўленая як асноная тэма фэсту. Наведнікі цікавіліся статыстыкамі, перадусім тэлеканалам Белсат, бо бальшыня прысутных акурат з’яўляліся заўсёднымі яго гледачамі.

Выступ Севярына Квяткоўскага быў перадусім прысвечаны тэндэнцыям у ідэалогіі беларускай дзяржавы датычна апошніх падзей у Расіі ды Украіне. Гаварылася пра адносны нейтралітэт у падачы інфармацыі, датычна вайны на Усходзе афіцыйных медыяў і пра выкарыстанне ваенных катаклізмаў для ўмацавання веры беларускіх абывацеляў у стабільнасць як дасягненне кіраўніцтва Беларусі.

Севярын Квяткоўскі распавядае пра тэндэнцыі ідэалогіі ў Беларусі

Прысутным былі прадэманстраваныя відэафрагменты абраных навінаў афіцыйных СМІ, адносна падзей ва Украіне і пазіцыянаванне Беларусі як міратворчай краіне, Мінскі саміт, і інш.

Паэтка Кустава ж уздымала пытанні, што больш хвалююць сучасную моладзь – верагоднасці вайны ў Беларусі, вымушанай творчай і прафесійнай эміграцыі.

Гутарылі і пра часовыя ідэалагічныя адлігі ў часе мінскіх самітаў і выбараў.

Па сканчэнні выступаў адбылося абмеркаванне, дзе прысутныя задалі пытанні выступоўцам. Цікава, што і завітаўшыся на імпрэзу украінцы валодалі беларускай мовай. Імпрэза цягнулася амаль дзве гадзіны. Пасля яе людзі не разыходзіліся — абмяркоўвалі недапрамоўленае і балючае, дзяліліся сваімі надзеямі і прапановамі.

Бярэ слова Ігар Шчэкарэвіч

Сярод прысутных былі заўважаныя палітолаг Аляксандр Фядута, выканаўчы дырэктар Цэнтра дэмакратыі “Новая Еўропа” Ігар Шчэкарэвіч, выкладніца Кіеўскага нацыянальнага універсітэту Надзея Старавойтава, аматарка беларушчыны, актывістка і валанцёрка Вольга Галчанка і многія іншыя.

Перад імпрэзай прайшло шэсце па цэнтры Кіева, прымеркаванае да Дня Волі, з бел-чырвона-белымі ды украінскімі сцягамі. Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка Міхаілу Жызнеўскаму.

Вулічная акцыя ў Кіеве

Фотаздымкі – НЧ, Валярына Кустава, Ігар Шчэкарэвіч.

Каментаваць