Дзесяць авечак і велізарная колькасць воўны

Вера ў магчымасць немагчымага — важны элемент нашай культуры. У Беларусі была знойдзена крыніца рэсурсаў, здольная ўдыхнуць новае жыццё ў нашу ўнікальную сацыяльна-эканамічную мадэль. 



12 верасня ў Беларусі была знойдзена крыніца рэсурсаў, здольная ўдыхнуць новае жыццё ў нашу ўнікальную сацыяльна-эканамічную мадэль. Кожны чытач «НЧ» здольны адразу назваць імя яе першаадкрывальніка спробы, таму я не буду спыняцца на непатрэбных падрабязнасцях, а пачну з ключавой цытаты: «Это прорыв в стране. Это дороже золота и золотовалютных резервов».

Паведамленні пра адкрыцці такога маштабу ўвайшлі ў нас у традыцыю. Адзін прыклад: «Премьер-министру я сегодня говорю, конечно, с сожалением говорю, что мне опять этим приходится заниматься. Потому что сегодня та же картошка и продукция сельского хозяйства — золото, это дороже нефти. Картофель — рентабельность 100 процентов, даже больше будет при нынешних ценах».

Сказана гэта было 16 кастрычніка 2010 года на VI з’ездзе ФПБ. Даклад быў апублікаваны ў прэсе пад загалоўкам «Наша цель — создать обновленный облик Беларуси». Пагадзіцеся, абнавіць аблічча Беларусі з дапамогай вырошчвання бульбы — гэта дорага каштуе, гэта, між іншым, робіць бессэнсоўнымі чарговыя разборкі з Расіяй з нагоды «падатковага манеўру».

Пры такім узроўні рэнтабельнасці ў бульбаводстве мы лёгка заткнем за пояс азіяцкіх «тыграў» па тэмпах эканамічнага росту. Адзінае, што мяне бянтэжыць — узровень прафесіяналізму работнікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэта. За студзень-ліпень 2014 года яны чамусьці налічылі ў сельскай гаспадарцы 772 стратныя арганізацыі (без дзяржпадтрымкі), што склала 52,4% ад іх агульнай колькасці. Куды толькі глядзяць нашы шматлікія кантрольныя органы? Вось яно — шкодніцтва ў чыстым выглядзе.

Але вернемся да першай цытаты. Што гэтым разам  выступіць у ролі субстанцыі, ацэненай даражэй за золата і золатавалютныя рэзервы? Гэта фермы, запоўненыя быдлам беларускай пароды. Яе (пароды) асноўная перавага будзе заключацца ва ўменні прыстасавацца да ўмоваў утрымання, якія гістарычна склаліся ў межах нашай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Гэта прынцыповы момант. Толькі наіўны чалавек можа разлічваць на тое, што ідэалагічна чужыя нам еўрапейскія пароды жывёлы пагодзяцца на беларускіх фермах падтрымліваць галандскі ўзровень надояў і прыбаўлення ў вазе.

Але свет флоры бульбай не абмяжоўваецца, як не абмяжоўваецца буйной рагатай жывёлай свет фауны. Працягну цытаванне: «Я это проэкспериментировал у себя на ферме. У меня десяток овечек. Мы их уже два раза стригли — огромное количество шерсти. Самые лучшие овцы в мире, и они прекрасно себя чувствуют. Сейчас сделаем это по всей стране» (травень 2012 г.).

Цікавае пачынанне, між іншым...

Час ад фактаў пераходзіць да абагульненняў. Утапічны тып свядомасці — важны элемент нашай культуры. На думку акадэміка Юрыя Піваварава, сярод родных асін прадстаўнікам палітычнай эліты і простага люду ў аднолькавай ступені ўласціва верыць у магчымасць немагчымага.

Утапічны тып свядомасці не ўчора нарадзіўся і не заўтра памрэ. У кожнага пакалення — свой акадэмік Лысенка. Як тут ні прыгадаць раман Фазіля Іскандэра «Сузор’е Казлатура». Рэкамендую прачытаць. Дарэчы, для тых, хто не ў курсе, у рамане апісаныя рэальныя падзеі.

Коратка перакажу змест. Шараговую нататку ў раённай газеце пра селекцыянера, якому ўдалося злучыць горнага тура са звычайнай казой (факт сам па сабе банальны), выпадкова прачытаў «адзін вялікі чалавек, хоць і не міністр, аднак ніяк не менш міністра па значэнні». Сваё здзіўленне ён перадаў фразай, якая паслужыла трыгерам наступных падзей: «Цікавае пачынанне, між іншым..

Цікавае пачынанне падхапілі. На тое і існуе бюракратычная «вертыкаль», каб падхопліваць пачынанні начальства. Сумневаў у тым, што ўжо ў бліжэйшы час казлатуры зоймуць годнае месца ў народнай гаспадарцы, натуральна, ні ў каго не ўзнікла.

Спіс вартасцяў казлатура быў значны: «Па-першае, ён у сярэднім у два разы цяжэй за звычайную казу (вырашэнне мясной праблемы), па-другое, ён вылучаецца выключна моцнай канстытуцыяй, што робіць у будучыні выпас казлатураў на самых стромкіх горных схілах практычна бяспечным. У гэтым месцы, дарэчы, адзначалася, што дзякуючы мяккаму, спакойнаму характару жывёлы выпас казлатураў не ўяўляе вялікай працы, і адзін пастух можа справіцца з дзвюма тысячамі казлатураў». А галоўнае — гэта воўна. «Густая воўна белай і попельнай афарбоўкі — дадатковы падарунак нашай лёгкай прамысловасці».

Але актывісты цікавага пачынання, разважаючы пра галоўнае, не забывалі і пра дробязі. Казлатур захаваў «прыгажосць рагоў, якія пасля пэўнай апрацоўкі могуць стаць упрыгожваннем або выдатным сувенірам для турыстаў і прыхільна настроеных замежных гасцей». Г.зн. у казлатурагадоўлі праглядаўся і экспартны патэнцыял!

Чым усё гэта скончылася — нескладана здагадацца. Пачынанне, спушчанае зверху, загубіла камбінацыя суб’ектыўных і аб’ектыўных фактараў: «Некаторыя старшыні (калгасаў — С. Н.) спрабавалі ўцячы ад гэтай новай справы на той падставе, што яны і коз даўно не трымаюць, але іх прысарамацілі і прымусілі набыць адпаведную колькасць коз. Нарэшце козы былі набытыя, але потым сталі паступаць скаргі, што некаторыя казлатуры праяўляюць абыякавасць да коз».

Карацей, некаторыя старшыні, што ўступілі ў змову з некаторымі казлатурамі, і склалі ядро той масы, якая паставіла крыж на ініцыятыве «вялікага чалавека».

СССР распаўся, але вера ў магчымасць немагчымага жывая. Вера гэтая даражэй за золата, вось толькі шкада, што міжнародныя фінансавыя інстытуты адмаўляюцца ўключаць яе ў склад золатавалютных рэзерваў.

Утопія, агрэсія, улада

Вера ў магчымасць немагчымага здольная ўзнаўляцца толькі ва ўмовах максімальна спрошчаных уяўленняў пра навакольны свет. Спашлюся на ўласны вопыт.

Перабудова. Кожную раніцу я ў ліку першых займаю чаргу да найбліжэйшага кіёска «Саюздруку». У мяне няма сумненняў наконт таго, што адбываецца. Я сачу за барацьбой Гарбачова з Лігачовым. Першы ўвасабляе для мяне сілы Дабра і Святла (дэмакратыя, рынкавая эканоміка), другі — сілы Зла і Цемры (таталітарызм, планавая эканоміка).

Такім чынам, найскладанейшы сацыякультурны працэс з яго эканамічным, палітычным і іншымі складнікамі ў сілу сваёй «саўковасці» я рэдукую да амерыканскага вестэрна, у якім добры хлопец змагаецца з дрэнным. Натуральна, мае сімпатыі на баку добрага хлопца Гарбачова. У фінальным змаганні ён выходзіць пераможцам. Ура! Спраўдзілася мара...

У сваёй «саўковасці» я быў не адзінокі, што і пацвярджала наяўнасць чаргі да кіёска «Саюздруку». Практычна ўсе мае знаёмыя на пачатковым этапе Перабудовы былі на баку яе галоўнага архітэктара. Але па меры нарастання хаосу ў эканоміцы пазітыўнае ўспрыманне таго, што адбываецца, у многіх беларусаў даволі хутка змянілася на негатыўнае. Утапічны тып свядомасці ўзяўся за сваю звыклую працу. Ён перафарматаваў няспраўджаныя перабудовачныя мары ў нянавісць і агрэсію ў адносінах да дэмакратыі і дэмакратаў. Апошнія сталі ўспрымацца не інакш як «дерьмократы».

Гісторыя здзейсніла свой звыклы зігзаг. Рэкамендую знайсці ў інтэрнэце кнігу гісторыка Уладзіміра Булдакова «Утопія, агрэсія, улада. Псіхасацыяльная дынаміка пострэвалюцыйнага часу. Расія, 1920–1930 гг.». Асноўную ідэю кнігі перадае наступная цытата: «Недарэчнасць мінулай і цяперашняй гістарыяграфічнай сітуацыі складаецца ў неразуменні таго, што на справе «савецкая ўлада» (называная то сацыялістычна-перадавой, то таталітарна-рэгрэсіўнай) вырастала менавіта на аснове спантанных рэакцый знізу. <...> Улада ў час «руйнавання» саслоўяў заўсёды адраджалася на аснове «голасу народу», энергетыка якога вызначалася інтэнсіўнасцю ўзаемадзеяння забабонаў і ўтопіі».

Сутыкненні масавых забабонаў з не менш масавымі ўтопіямі і вызначалі дынаміку падзей канца 80-х пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі. Што нарадзілася ў выніку? Адказ на гэтае пытанне змяшчаецца ў загалоўку кнігі Булдакова. Нарадзілася ўлада. Спантаннымі рэакцыямі знізу, паднятая з бруду ў 1994 г., яна ўзнаўляецца не без дапамогі народа на працягу ўжо двух дзясяткаў гадоў.

Падданыя парадку не ствараюць

Генератар утопіяў працягвае выдаваць на-гара сваю прадукцыю. Пасля анексіі Крыма ён запрацаваў з падвоенай хуткасцю. Вось ужо трэцяе апытанне запар сацыёлагі НІСЭПД фіксуюць рост рэйтынгу адзінага палітыка (АП) на фоне запаволення тэмпаў росту даходаў насельніцтва. Такое ў XXI стагоддзі было адзначана толькі адзін раз у 2009 годзе — у час сусветнага фінансавага крызісу.

Толькі аўтаномная асоба, якая мае крыніцу парадку ўнутры сябе, здольная супрацьстаяць уздзеянню дзяржаўнай прапаганды. Але ў Беларусі аўтаномныя асобы складаюць меншасць. Што тычыцца чалавека традыцыйнай культуры, дык яго толькі ўмоўна можна лічыць суб’ектам. Ён бачыць суб’ект звонку — у духах, багах, у высокіх сацыяльных інстанцыях (начальніках). Такі тып чалавека не мае патрэбы ў свабодзе. Максімальна камфортна ён адчувае сябе ва ўмовах знешняй рэгламентацыі.

Любую спробу аслабіць дзяржаву чалавек традыцыйнай культуры ўспрымае як рух у кірунку хаосу. У чарговы раз працытую свайго любімага культуролага Ігара Якавенку: «Космас з’яўляецца эманацыяй Улады. Падданыя парадку, г.зн. космасу, не ствараюць. Падданыя, якія страцілі дабрадатную сувязь з Уладай, спараджаюць Хаос. Гэта як чалавек, які трапіў пад уладу Князя Цемры». Сучаснаму еўрапейскаму чалавеку такі ход думак невядомы. Ён самога сябе ўспрымае ў якасці галоўнай крыніцы парадку.

Літаральна на кожным кроку мы спатыкаемся аб прыклады ўтапічнай свядомасці. Як тут ні прыгадаць папулярнае сярод партыйнай апазіцыі сцверджанне, якое пачынаецца са словаў: «Калі на Плошчу выйдзе 200 тысяч чалавек...»

Каментаваць