Восем украінскіх заўзятараў застануцца ў Беларусі пад арыштам

Такі вынік судоў, якія прайшлі ў судзе Барысаўскага раёна 10 кастрычніка над арыштаванымі пасля матча «Беларусь — Украніа» футбольнымі фанатамі.



Усяго было асуджана 25 чалавек — 13 украінцаў і 12 беларусаў. Большасць заўзятараў прызнаныя вінаватымі ў нецэнзурнай лаянцы.

Як паведамляе «Радыё Свабода», 7 украінцаў атрымалі па 5 сутак арышту. Адзін заўзятар быў асуджаны на 10 сутак арышту. Хлопца абвінавацілі ў тым, што на яго вопратцы быў налеплены стыкер з выявай кельцкага крыжа, і была расцэнена, як нацысцкая сімволіка. Чацвёра ўкраінцаў атрымалі штрафы ад 1 да 1,5 мільёна рублёў.

Да беларусаў правасуддзе было больш лаяльным. Усім 12 фанатам прысуджаны грашовыя штрафы ў памеры 600 тысяч рублёў.

Як паведамлялася раней, з першых хвілінаў матчу на «Барысаў-Арэне» гучала шмат палітычных лозунгаў. І беларускія, і ўкраінскія заўзятары гучна крычалі «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!», спявалі «Купалінку» і «Воіны святла», скандавалі знакамітую нецэнзурную крычалку пра Пуціна.

Спярша паведамлялася пра больш за сотню затрыманых пасля гульні фанатах, потым МУС Беларусі афіцыйна паведаміла пра 25 затрыманых.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка даў загад свайму МЗС дапамагчы грамадзянам Украіны ў гэтай сітуацыі. Украінскі консул заявіў, што амбасада будзе падаваць ноту ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды масавага арышту грамадзянаў Украіны на тэрыторыі Беларусі, паведамляе ПЦ «Вясна».

Між тым, на сайце МУС Беларусі змешчанае паведамленне начальніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Беларусі Івана Кубракова, які адзначыў, што «заўзятары на матчы паводзілі сябе адэкватна». Разам з тым «былі выяўлены адзінкавыя факты парушэння адміністрацыйнага заканадаўства як з боку грамадзян Беларусі, так і Украіны». У асноўным гаворка ідзе аб дробным хуліганстве і знаходжанні ў грамадскім месцы ў стане моцнага алкагольнага ап’янення. «Затрыманні адбываліся не адразу, ім папярэднічала тлумачальная праца супрацоўнікаў міліцыі. Ва ўстаноўленым парадку аб затрыманні грамадзян Украіны было паведамлена пасольства гэтай краіны», — падкрэсліў Кубракоў.

 «У цэлым матч прайшоў спакойна, грубых парушэнняў грамадскага парадку не дапушчана. Па заканчэнні матчу ўкраінскія госці выказалі падзяку супрацоўнікам міліцыі за прафесійную працу па забеспячэнні бяспекі падчас матчу. Абстаноўка была даволі прыязная. Нейкіх канфліктных сітуацый, боек паміж заўзятарамі не зафіксавана», — удакладніў Іван Кубракоў.

Нагадаем, што сам матч скончыўся з лікам 0:2 на карысць ўкраінскіх гасцей. Абодва мячы былі забітыя бліжэй да канца другога тайма. Першым мячом ('82) апынуўся аўтагол беларускага абаронцы Аляксандра Марціновіча, а другі забіў на хуткай контратацы дэбютант ўкраінскай зборнай Сяргей Сідарчук.

Каментаваць