Дзяды-2017. Замалёўкі

Сёлетняе шэсце на «Дзяды» ў Мінску, як заўсёды, прайшло досыць спакойна, без асаблівых эксцэсаў. І пры звычайнай колькасці людзей — не больш трохсот. Аднак ёсць што адзначыць.

Найперш, канешне, узрадавала надвор’е. Не буду казаць пра глабальнае пацяпленне, але я памятаю, што амаль заўсёды на «Дзяды» трэба было апранаць рэчы цяплейшыя (некалькі гадзінаў на вуліцы, усё ж такі) і браць з сабою тэрмас з каваю. Але не гэтым разам. Сёлета, наадварот, трэба было апранацца лягчэй. Каля 10 градусаў цеплыні сонейка стварылі нармальны для прагулянак дзень.


Збор удзельнікаў дэманстрацыі традыцыйна быў прызначаны ля гадзіннікавага завода. З мінулай акцыі я пісаў, што міліцыянты навучыліся карыстацца для здымкаў дэманстрантаў смартфонамі. Можа быць, таму нехта вырашыў паказаць і іншыя дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу. У той час, як па-ранейшаму машыну суправаджаў мікрааўтобус з камерай відэафіксацыі, нехта запусціў над дэманстрацыяй дрона і здымаў шэсце з яго.


Некаторыя журналісты палічылі, што гэты дрон таксама быў міліцэйскім. Але тады — ці не зашмат камераў на адно — дазволенае! — шэсце? Дый па «паводзінах» гэтага дрона, які абіраў розныя ракурсы і розную вышыню, наўрад ці можна было сказаць, што ён — «з органаў». А з другога боку: які яшчэ беспілотнік мог лётаць над «закрытым для дронаў» праспектам Незалежнасці?

Напачатку шэсця міліцыянты па рацыях падлічвалі колькасць. Налічылі 130 чалавек, з іх 37 са сцягамі. Але, насамрэч, яны памыліліся, ці лічылі да свайго «апошняга кардону» — чацвярых «дэманстрантаў у цывільным», якія замыкалі шэсце.

Але за гэтымі штацкімі засталася нармалёвая група людзей, якая складалася, у асноўным, з актывістаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — таксама са сцягамі, толькі не партыйнымі, а звычайнымі бела-чырвона-белымі. Палічыўшы і іх, атрымалася каля 220 чалавек. «Каля» — таму што часам складана ў натоўпе адрозніць «дэманстранта ў штацкім» ад дэманстранта па сумленні. Таму чалавек на дзясятак магу памыліцца.


Канешне, усім зразумела, што шэсце ў Курапаты — яно, збольшага, жалобнае і тэматычнае. Да таго ж, у дазволе на мерапрыемства зазвычай заўсёды ўказваецца, што плакаты, лозунгі і іншыя «аздабляючыя» элементы павінны адпавядаць заяўленай мэце акцыі. Але ўсё роўна прыкра, калі арганізатары змушваюць людзей прыбраць «няправільныя» лозунгі, як, напрыклад, змусілі зрабіць гэта жанчыну, якая вынесла свой плакат наконт «дзедаўшчыны» ў войску.

Малапрыемна было і выпадкова пачуць ад аднаго з арганізатараў словы: «Вось там — нашы людзі, а гэта — не нашы». Па-мойму, дык усе, хто прыйшоў на гэтае мерапрыемства павінен быць «нашым». Нават хлопчыкі з рацыямі ў руках.

Таму што хто яго ведае, што хаваецца ў нерассакрэчаных архівах КДБ? Сёння ён «ахоўвае» дэманстрантаў, а заўтра раптам даведаецца, што ў Курапаты ён хадзіў не проста па абавязку службы, што яго прадзед ці іншы родзіч таксама ляжыць там… Ці, калі не там, то ў падобным месцы ў Гомелі, Віцебску, Бабруйску… Так што ўсе, хто так ці інакш прыйшоў на «Дзяды», насамрэч павінны быць «нашымі» — па вялікім рахунку.

«Нашым» павінен быць нават сабака са службы размінавання, машына якой таксама (і таксама ўжо традыцыйна) рушыла наперадзе калоны, правяраючы на наяўнасць выбухоўкі тэрыторыю, па якой павінны былі прайсці людзі.

Безумоўна, «не нашыя» — прыхільнікі Сталіна, якія каля вуліцы Каліноўскага накінуліся на Віталя Рымашэўскага. Але яны, па-першае, на шэсце і не прыходзілі, а проста трапіліся па дарозе. А па-другое, з пачаткам агрэсіўных дзеянняў іх «лакалізавалі» міліцыянты ў штацкім.

Але і тыя ж міліцыянты папрасілі на вуліцы Гамарніка згарнуць лозунгі, датычныя Леніна. Чаму гэта адбылося менавіта ў тым месцы — невядома.

Што яшчэ ўразіла? Тое, што аўдыторыя «Дзядоў» амаль не перасякалася з іншымі масавымі акцыямі, якія праводзіць, напрыклад, Мікалай Статкевіч. То бок, гэта розныя людзі, у якіх, насамрэч — адна ідэя. Проста выказваюць яны яе па-рознаму.

І насамрэч, прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасцяў у нас больш, чым прыходзіць і на шэсце на «Дзяды», і на акцыі Статкевіча. Гэта таксама адзін з фактараў, чаму не трэба казаць пра «малалюднасць» падобных акцый.

Зараз важная не колькасць. Зараз значна больш важная якасць: гатовасць адстойваць свае інтарэсы. А гэта дэманструюць і тыя, хто адгукаецца на акцыі Статкевіча, і тыя, хто выйшаў сёлета на «Дзяды».


Фота Арцёма Лявы


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Seka
  • 2017-11-06 08:54:17
На мой погляд адзін з найлепшых артыкулаў пра Дзядоў. Журналіст даволі ўважлівы і разважлівы да дробязей.

Каментаваць