Дзякуй за рэкламу!

Галоўнай тэмай для абмеркавання на мінулым тыдні стала, канешне, анамальная спякота. Кожны дзень надвор’е біла тэмпературныя рэкорды, навіны пачыналіся толькі з гэтага. У Расіі тушылі пажары, а ў нас спякота перасякалася з навальніцамі. Нават жартавалі — Беларусь не прапускае дажджы ў Расію, пакуль тая не заплаціць за транзіт. І зусім не было б пра што пісаць, каб не агітрпроп.



Галоўнай тэмай для абмеркавання на мінулым тыдні стала, канешне, анамальная спякота. Кожны дзень надвор’е біла тэмпературныя рэкорды, навіны пачыналіся толькі з гэтага. У Расіі тушылі пажары, а ў нас спякота перасякалася з навальніцамі. Нават жартавалі — Беларусь не прапускае дажджы ў Расію, пакуль тая не заплаціць за транзіт. І зусім не было б пра што пісаць, каб не агітрпроп.

Інтэрнэт забіты абмеркаваннем чарговай «нятленкі» НТВ пад назвай «Хросны бацька–3». Новая серыя фільма апавядае пра бізнес сям’і Аляксандра Лукашэнкі: бізнес-сувязі Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкаў. Гаворка ідзе і пра алігархаў Чыжа і Пефціева, і пра пасаду Лукашэнкавай нявесткі Ліліі. Інтэрв’ю даюць былы начальнік Упраўлення МУС па барацьбе з карупцыяй Вячаслаў Дудкін, які вымушаны быў уцячы з краіны пасля таго, як былі спыненыя расследаванні карупцыйных злачынстваў з удзелам найвышэйшых чыноўнікаў. Выступаюць таксама дэпартаваны з Беларусі расійскі прадпрымальнік Алан Пліеў, намеснік дырэктара Інстытута краінаў СНД, прапуцінскі палітолаг Уладзімір Жарыхін, былы следчы пракуратуры, а цяпер праваабаронца Алег Воўчак.

Дэпартаваны з Беларусі журналіст Міхал Падаляк расказвае пра жанчын Лукашэнкі. А дэпартаваны палітолаг Андрэй Суздальцаў называе выбух 3 ліпеня 2008 года вынікам барацьбы Віктара Шэймана і Віктара Лукашэнкі.

Здаецца, на НТВ таксама «перагрэліся». У такую спякоту не ўзнікае нічога больш цікавага, як паставіць «Хроснага бацьку» «на паток». Не ведаю, чыя гэта замова, але НТВшнікі ўжо яўна перабольшылі. Пры «патокавай» сістэме «Хросны бацька» ўжо ўспрымаецца не як дакументальны, а як мастацкі фільм, якому не ве­раць, але глядзяць з-за «закручанасці» сюжэту і выдатнай гульні прафесійных акцёраў. Асабліва цікава, калі ў галоўнай ролі выступае не хто-небудзь, а прэзідэнт краіны. Хай сабе і замежнай.

Карацей, з Аляксандра Лукашэнкі НТВ зрабіла новага «Глухаря». Той таксама стаў героем, нягледзячы на ўсе ягоныя выбрыкі, за якія ў Беларусі яго б імгненна выкінулі з міліцыі, ды яшчэ і пасадзілі за рабаўніцтва грамадзян. Тым не менш, для расіянаў «Глухарь» — герой. Менавіта таму, што ён паказаны з усімі заганамі, уласцівымі расійскім мянтам. Кажуць, быццам, «жывы чалавек». Такое самае пачуццё пачынае выклікаць (прынамсі, у расіян) і «Хросны бацька». Асабліва, калі яны параўнаюць паказанае па НТВ са сваёй карупцыяй і дзеяннямі ўласных чыноўнікаў.

Сапраўды, калі расійскія «слугі народа» ездзяць на «Майбахах», «Лексусах» ды «Ягуарах», але пры гэтым вельмі багатая краіна крычыць, што ў яе нестае тэхнікі для тушэння лясных пажараў, і просіць замежнай дапамогі… Тут «Хросны бацька» анёлам выглядае! Асабліва ў тыя часы, калі беларускія пажарныя тушаць расійскія лясы, а беларускія камбайнеры дапамагаюць збіраць збожжа ў Бранскай ды Смаленскай абласцях…

Як кажуць маркетолагі, адмоўная рэклама — гэта таксама рэклама. «Хай пра мяне кажуць як хочуць, абы казалі», — адзін з дэвізаў рэкламшчыкаў.

Дарэчы, пра Шэймана. З ім, як ужо вядома, здарыўся не вельмі прыемны казус. У Падмаскоўі яго затрымалі за перавышэнне хуткасці. Не спрацавала спецсувязь. Інфармацыя вельмі дзіўная. Каб у Беларусі не спрацавала спецсувязь па папярэджанні «не чапаць» высокага госця, гэта было б надзвычайнае здарэнне рэспубліканскага маштабу. Паляцелі б галовы. Але пытанне глыбей. Ці можна ўявіць, каб не дыпламата, не прэзідэнта, не амбасадара ў Беларусі суправаджаў бы міліцэйскі картэж? Каб нейкі расійскі дарадца прэзідэнта, кшталту Сяргея Прыходзькі, рассякаў бы па беларускіх дарогах у суправаджэнні картэжу? Занадта дробненькая фігура для картэжу і спецсувязі.

І што рабіў Шэйман у Маскве, калі яму быў забяспечаны такі картэж? Можа, здымаўся ў «Хросным бацьку–4», за што «Газпром», якому належыць НТВ, і «набыў» яму картэж і спецсувязь? А можа, расіяне папросту вырашылі паказаць памочніку беларускага прэзідэнта, хто ў доме гаспадар? Не надта моцна верыцца ў версію пра нечаканую забастоўку спецсувязі.

Пакуль ідзе вялая інфармацыйная вайна, камусьці ў Беларусі тэрмінова спатрэбіўся карвалол. Беларусь заключыла інвестыцыйны дагавор з прыватным вытворча-гандлёвым унітарным прадпрыемствам «МСП-ойл» аб будаўніцтве беларуска-расійскім ААТ «Ферэйн» фармацэўтычнага прадпрыемства ў Мінску. Мяркуецца, што на базе новай вытворчасці будуць выпускаць аналагі замежных лекаў у рамках праграмы імпартазамяшчэння.

Да кампаніі «Ферэйн», якая належыць расійскаму бізнесмену Уладзіміру Брынцалаву, перайшло фармацэўтычнае прадпрыемства «Дыялек» з наступным будаўніцтвам на яго тэрыторыі новага завода. Пры гэтым з «Дыялека» цалкам спішуць усе запазычанасці перад бюджэтам для наступнай перадачы СААТ «Ферэйн» як маёмаснага комплексу. Беларусь у выніку атрымае 25 працэнтаў акцый плюс адна акцыя СААТ «Ферэйн».

А ўвогуле, у нас усё нармальна, а будзе яшчэ «нармальней». У нас браня моцная, і будзе яшчэ мацнейшай. Днямі Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг задач па стварэнні сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. «Адна з вострых праблем, характэрных для ўсіх рэгіёнаў краіны, — гэта аварыйнасць на дарогах, гібель і траўматызм людзей з-за парушэння правілаў дарожнага руху, — сказаў Лукашэнка. — У яе вырашэнні павінен быць комплексны падыход, нацэлены як на паляпшэнне тэхнічнага стану транспарту, дарог, так і на ўзмацненне кантролю за парушальнікамі правапарадку і хуткаснага рэжыму».

Паводле яго слоў, скарачэнню ўзроўню аварыйнасці павінна са­дзейнічаць фарміраванне адзінай сістэмы відэаназірання з фіксацыяй парушэнняў і наступным пакараннем парушальнікаў.

Ну зараз трымайцеся, усе дарадцы расійскіх прэзідэнтаў ды прэм’ераў! За Шэймана мы вам адпомсцім па поўнай!

Каментаваць